Мы выйшлі з-пад елкі, пабеглі па сцежцы, цёплых мутных лужынах, i я чуў, як дробна, гулка шалясцяць па маім пакунку празрыстыя чыстыя кроплі дажджу.
1973
МАНЯ
1
Нарэшце перастаў ліць, а пасля імжэць дождж. Неба пачало святлець, пакрысе выблакітнівацца, a невысокія чорна-сінія хмары пасунуліся за Налібацкі лес, i там цяпер злосна крыжавала маланка, бухкаў гром ды абвісала шэрая дажджавая сцяна. Тут жа, у Янковічах, ужо выбліснула сонца, зазіхацела ў кроплях расы на траве i на лісці, у запененых раўчуках i сцішэлых лужынах, прыпарыла — i мокрае наваколле задымілася.
Маня перачакала вялікі лівень i грымоты на лузе ў капе сена разам з вясковымі кабетамі. Як прыбегла дадому, адразу паглядзела, дзе сын. Баялася, каб не напалохаўся: гэтак было сцямнела, а пасля паліла i смаляла. Але Пецькі дома не знайшла: ён, відаць у навальніцу быў у суседзяў, бо цяпер бегаў з іхнім меншым хлопцам на вуліцы па лужынах.
У хаце з пазачынянымі вокнамі i дзвярмі стаяў густы дух, што сабраўся ад напаленай раніцай печы, ад спякоты на дварэ. Ведаючы, што сёння на луг яна ўжо не пойдзе, будзе ля свайго дома, падышла да акна, адкруціла ад цвічка дроцік (кручок вырваўся з падгнілай рамы), піхнула, расчыняючы дзве палавінкі.
Яна затрымала позірк на вуліцы: па ёй ішлі незнаёмыя мужчыны. Двое з ix былі маладыя — высокія, вузкаплечыя, доўгавалосыя i абутыя ў лёгкія сандалі, за плячамі ў ix віселі поўныя сумкі, трэці — пажылы, меншы ростам, але статны ў плячах, у саламяным капелюшы i ў ботах — нёс невялікі чамаданчык. Маладыя не дайшлі да яе хаты, завярнулі ў Янукоў двор, а старэйшы, здаецца, ішоў сюды. Маня ведала: гэтыя людзі — электрыкі i цяпер заходзяць да янкоўцаў i просяцца стаць на кватэру.
Электрыкі прыехалі ў вёску на тым тыдні. Лепш сказаць, спярша паказаліся не яны: спачатку рабочыя прывезлі на машынах, згрузілі i злажылі на выгане доўгія чорныя, прасмаленыя слупы. Потым адключылі святло, абарвалі дрот на старой электралініі, зрэзалі старыя слупы i пачалі выкопваць ямкі, ставілі ў ix цэментаваныя шалі, пасынкі, а да ix прывязвалі новыя высокія слупы.
Тады ўжо заявіліся электрыкі. Яны прыехалі на грузавіку, што вазіў вялікую шпульку тоўстага белага, аж сіняга, дроту, лазілі на слупы, свідравалі ў ix дзюркі i ўкручвалі жалезныя крукі са шклянымі ізалятарамі, пасля нацягвалі i прывязвалі да ix дрот. Жылі першы дзень у тутэйшай школе, самі сабе варылі есці. Але сёння, як гаварылі кабеты на сенакосе, будуць прасіцца ў вяскоўцаў стаць на кватэры.
Маня, як ад агню, адскочыла ад акна: мужчына напраўду ішоў у яе двор. Яна пачала хуценька збіраць i вешаць раскіданае на пасцелі адзенне, выбегла на кухню i паставіла на прыпек чыгуны з зеллем — толькі што збіралася карміць свіней, — зацягнула фіранку. Пачула, як незнаёмец скінуў на ганак лазы i зайшоў у сенцы. Убачыла, што ляжыць на стале нарэзаны хлеб, стаіць міска з кіслым малаком, у малако была накрышана зялёная цыбуля — збіраў сабе есці сын, падсілкаваўся i не прыбраў за сабою. Яна цяпер не паспела нават захінуць гэта газетаю, як незнаемы зайшоў у хату.
—Здарова, гаспадыня! — бойка прывітаўся ён, i яна ўбачыла, што не такі госць пажылы ўжо: проста ходзіць, апусціўшы галаву i згорбіўшыся, няголены, брудны, а так яму недзе гадоў, як i ёй, — за трыццаць. Каб быў светлавалосы, болей дробны на твары, то маладзей выглядаў бы, а то мае буйны нос, вялікі лоб, чорныя валасы, ад таго i старэйшым здаецца.
—Вазьмі, гаспадынька, на кватэру, — калі яна адказала на прывітанне, сказаў ён. — Пажыву з тыдзень, не болей.
—Ды цесна ў нас... — Ёй i адмовіць было цяжка, i запрашаць не хацелася.
—Пакояў мне тваіх не трэба... — ён гаварыў басавітым голасам, раз-пораз акідваючы яе ўсю позіркам, не саромеўся. — Спаць магу на падлозе або ў гумне на сене, калі маеш. Зварыш сабе раніцай ці вечарам — i мне міску якога булёну дасі. Мне абы гарачае. Заплачу, колькі скажаш.
—Мне не шкода, — засаромелася яна. — Жывіце...
—Ну, то дзякую, — узрадаваўся ён. — Сходзім зараз з хлопцамі на рэчку, памыемся, бо чорныя, што чэрці. Тады прыйду, шукаць ужо жытла нікуды не пайду. Заходзіў тут да адных — нават слухаць не захацелі.
—Я i праўду булёну зараз пастаўлю, засмажу цыбуляю, — сказала яна, збянтэжыўшыся яго позірку.
—Ды глядзіце самі, — ён назваў яе на «вы», i яна падумала: агледзеўся, падумаў, што яна старэйшая.
«Няўжо я так нямолада выглядаю?» — падумала яна i ўспомніла, што пасля смерці мужа, мусіць, добра i не глядзелася ў люстэрка. A ў верасні будзе ўжо шостая восень, як няма яе Сцяпана...