Выбрать главу

— Ну, гутэн таг, — загуў басам Вяршок, мусіць, як воўк, усё добра бачачы i ў цемені. Усіх вайна змусіла быць заўсёды відушчымі i чуйнымі.— Не рады? Не тых чакалі? — здзекваючыся, раз за разам папраўляў на плечуку рэмень аўтамата. Ці то ад звычкі, ці то палохаў.— Чаго маўчыдё, як вады ў рот набралі? Мову адняло? Ці, можа, думаеце, як бы сігануць у Ружэвічы i заявіць на брата, на нас усіх свайму прыяцелю, Васюкову? Не раю НІ замышляць такое, ні бегчы... Раю быць гасціннымі... Так што запрашайце ў хату.

Першая моўчкі пайшла ў зямлянку Яніна, за ёю падаўся Янка, за ім — Вяршок i яшчэ адзін яго хаўруснік, трэці адышоўся i стаў воддаль ад зямлянкі — відаць, заступіў на варту.

—Добрая зямляначка! — спусціўшыся ўслед за ўсімі, Васіль пачуў Вяршкоў голас.— Лепшая, чым у нас. Утульнейшая.

Пры святле цяпер Васіль пазнаў незнаёмага чалавека: Крушынскі, сын панскага ляснічага. Усе лічылі, што ён яшчэ з трыццаць дзевятага года паехаў з сям'ёю на сваю бацькаўшчыну — у Познань, а ён, бач, туляецца тут. Як i Янка ды Вяршок, пахне сіверам, аж зрывае нос. Толькі тыя ў бушлатах, а ён у шынялі. Усе прыкідваюцца чырвонаармейцамі: Янка з пагонамі радавога, Крушынскі — яфрэйтара, а Вяршок — старшыны.

—Што — не красіф, брудны? — крыўляючыся, ухмыльнуўся Вяршок Яніне, бо яна, седзячы ўжо на палку, не зводзіла позірку з няпрошаных гасцей, — I не толькі цяпер не красіф, але i пасівеф ды палысеф, — шчыльней зацягнуў на акенцы цёмную фіраначку, зняў ca спіны досыць пакоўны вайсковы пляцак, сеў справа на лаўцы, апусціў перад сабою долу пляцак i аўтамат. Калі сцягнуў з галавы пілотку i паклаў яе на калена, дык сапраўды было відаць, што паглыбелі на яго галаве залысіны, памаршчынеў лоб, a скроні ды густая шчэць на шчоках сіваватыя. У чорных невялікіх вачах яшчэ выразней застыла непрыязнь, i ад ix выпраменьваўся жудасны холад.

За апошнія гады змяніўся i Крушынскі. З гонкага хлопца стаў мажным мужчынам, таксама палысеў i пасівеў, a тонкі яго нос завастрыўся нібы ў піку, чамусьці скрывіліся тонкія нервовыя губы — ці не быў ён паранены ў левую шчаку. Крушынскі сеў каля стала, аўтамат свой паставіў пры вушаку дзвярэй.

Янка, яшчэ дзяцюк пры мужчынах, быў схуднелы, з запалымі вачыма, з доўгаю драпінаю на шчацэ, быццам ад удару нажа ці кінжала. Ён сеў на палку, але воддаль ад сястры. Васіль апусціўся на саступкі пры ганку.

—Прыткія!— хітнуў галавою Вяршок.— Яшчэ зямля, лес пахнуць порахам, нідзе нікога, а вы ўжо гоп на гаспадарку! — Пасля нібы ўзрадаваўся: — Але не соладка, бачу, жывецца. Скура ды косці толькі на абаіх. Ці думалі, як кажуць, што пры вялікай любові i ў шалашы рай?

Васіль нічога не гаварыў у адказ, але адчуваў: не варта маўчаць. Набірае моц напружанне, гнятлівасць, i гэта можа неўзабаве выбухнуць.

—Не рады нам, такім гасцям, — зноў пахітаў галавою Вяршок, калі яму ніхто нічога не адказаў.— А мы ж на наваселле зайшлі. Павіншаваць. Ca шлюбам, з зямлянкаю. I не з пустымі рукамі заявіліся, а з падарункамі i пачастункамі. Прыйшлі не браць, а даць. Гасцей, што не абіраюць, а прыносяць добрыя падарункі, трэба ласкава прывячаць. Такія госці — божы даір...

Янка, адчуваючы няёмкасць за свайго верхаводу, за сваё хаўрусніцтва з ім, узяўся прыпальваць новую лучыну. Вяршок у гэты час нагнуўся, развязаў пляцак, дастаў з яго сінюю, з белым гарошкам хустку, сінюю сукенку з белым каўняром i з белымі манжэтамі на рукавах, чорныя, a ўсярэдзіне жоўтыя, з нейкімі белымі штампамі жаночыя туфлі на высокіх вузкіх абцасах, згарнуў усё у скрутак i шпурнуў на палок Яніне.

Тая несвядома злавіла ўжо на падоле ўсё, але трымала, здаецца, нібы палаючую галавешку, вось-вось могучы выпусціць яе з рук.

—Не бойся, не з цыпы якой садранае. З крамы, — ухмыльнуўся Вяршок, — Прыгодзіцца не цяпер, дык у чацвер... Голыя во абое, аблатаныя. Была б мая —дык не тое падарыў бы, увабраў бы як арцістку. А так лепшае аддаў адной цытры, каб хоць раз у месяц да мяне ў лес прыйшла... I табе, сапернік, прынёс тое-сёе, — вывалак з пляцака i падаў цывільны клёшны касцюм, здаецца, сіне-карычневага колеру, цёмную брылёўку i шэрую, у цёмныя клетачкі, кашулю. Усё адзенне было з падвешанымі на нітках цэтлікамі. Паклаў яго Васілю на калені, — Бяры. Таксама ўсё новае, няношанае. Меў злосць на вас, а цяпер, перагарэўшы, не маю. Не пайшоў ca мною, аблапашылі мяне — ладна, не тое прападала ці прападзе... Наце i яшчэ тое, чаго цяпер не знойдзеце з агнём...— Гаворачы, дастаў з пляцака два кавалкі цёмнага мыла, некалькі карабкоў запалак, пачак солі. Гэта не падаў ні Яніне, ні Васілю, a паклаў побач, на лаўцы.— Перастанеце зыркаць спадылба, будзеце трымаць язык за зубамі, памагаць калі — дык яшчэ не тое прынясу... Я не галяк, а маю тое, што вам, можа, i не снілася. У мяне ляжаць закопаныя яўрэйскія сталовыя сервізы, сярэбраныя нажы i відэльцы, пярсцёнкі залатыя... Гэтае дабро — заўсёды дабро...