Зноў наліў Крушынскаму, сабе спірту, разбавіў вадою i зноў, не запрашаючы таго, выпіў, не закусіў.
— Ён, пан паручнік, — кіўнуў на Крушынскага, — іншы. Ён — рыцар! Ён усё меў, але ўсё страціў. Ён хоча ўсё вярнуць — маёнтак, багацце i яшчэ большае. Да д'ябла мне ён, я яго на ражне бачу, як i яго веру ды ідэю, бо я сам за сябе, але я цяпер з ім, служу яго гаспадару — польскаму лонданскаму цэнтру. Эмігранцкаму буржуазнаму ўраду ці яшчэ як там, чорт яго ведае... Мне абы з кім хаўрусаваць, хоць з самім д'яблам, абы шкодзіць бальшавікам... Хоць i яго натугі марныя. Яму старой «Польскі ад можа да можа», «крэсаў» ніколі ўжо не бачыць. Будзе Польшча, але ўжо новая, бальшавіцкая, без эмігранцкай буржуазіі. Толку ад таго, што мы передаём усё па рацыі лонданскаму цэнтру пра тылы Чырвонай Арміі, ад нашых дыверсій мала. Чырвоную Армію ўжо не спыніш. Чорт яе ведае, адкуль у яе сіла... Ці бальшавікі трохжыльныя, ці ўвесь народ ідзе за імі ў агонь i ў ваду... Вы ж абое, — паківаў пальцам на Васіля i Яніну, — таксама бальшавіку Васюкову прадаліся. Ён заваражыў вас сваімі байкамі пра будучы рай на гэтай зямлі... Толькі, я вам скажу, не спакушайцеся, не цешцеся, бо спачатку будзеце вялікі адказ трымаць... Вам за многае не даруюць... Вам, можа, прыйдзецца яшчэ i ў Сібір перасяліцца... Няхай во ён, — кіўнуў на Янку, — скажа, што чуў i бачыў на свае вочы...
—Дурань гэты «відушчы», — не выцерпела, падала голас Яніна.— Хто дык за заслужанае зложыць сваю галаву, а ён — за дурноту...
—Думаеш: героем стаў бы? Пасмяротна быў бы ўзнагароджаны медалём? — аскаліў зубы Вяршок, — Не, мілка. Усе вы тут асуджаны...
—Калі ў каго рукі не ў крыві ды душа без бруду, дык i тут не прападзе, — рэзка адказала Яніна.— Калі ж хто акрывавіўся чужою крывёю, аддаў чорту душу, дык i на тым свеце не будзе яму спакою...
—Во, галубок, у цябе систры да дык сястрыца! — пахітаў галавою Вяршок, — Судзіць, бэсціць... А ты яе шкадуеш. На днях, як мы прыйшлі сюды, на гэты хутар, дык ён, — кіўнуў на Янку, — рваўся памагчы вам, калі вы на сабе калёсы з лесам цягнулі. Аж пабялеў, калі мудрая сястрыца ўпіналася-ўпіналася ды ад натугі ножкі задрала. Каб не прыстрашыў, што пушчу нож у спіну, дык i ўдзень выбег бы з лесу...
—Адпусціце вы яго ці праганіце, — нечакана папрасіла Вяршка Яніна.— Вы самі за сябе адказ трымайце, а яго не калечце... Ён жа яшчэ зусім малады, не ведае, дзе праўда, а дзе мана, сам лезе ў пятлю... Маціўдаву, калі маеце ў душы хоць кроплю чалавечага, пашкадуйце...
—Перагарэла ў маёй душы ўсё чалавечае...— хмурна прамовіў Вяршок.— I ў яго паволі перагарыць. Раз сустрэўся з намі на адной сцежцы, дык з намі i да канца па адной дарозе будзе ісці... Як людзі кажуць? Пайшла душа па руках, дык у чорта будзе! Вось. А па-другое, як яго адпусціш? Ён жа ўжо ўсе нашы сцежкі, спраты ведае. Возьмуць яго за кіршэнь, страсянуць — дык ён, як ты, мілка, кажаш, малады, дурны, возьме i прадасць нас. Чалавек, калі яго апанаваў страх, на што хочаш гатовы, зноў i зноў можа прадаць сваю душу...
—Божачка, якое ліха! — забедавала Яніна, калі няпрошаныя госці перасцерагалі ix («Нават i не думайце ўдаваць нас, бо адплацім — перастраляем, i рука нават не дрыгне») i папляліся ў сваю ганебную дарогу.— Які нелюдзь гэты Вяршок! I праўда, нічога чалавечага, святога няма ў яго душы. Адна крыўда, злосць, помета ды ярасць у яго. Увесь свет вялікі ненавідзіць. Загубіць ён нашага дурня...
Яна ўсё яшчэ сядзела на палку, не слала пасцель, не прыбірала ca стала, дзе засталіся астаткі ежы, што даўно пахла на ўсю зямлянку, але — дзіва! — не вабіла, не гнала ў роце сліны. Можа, i таму, што яна была са злыдневых рук. Ківаючы галавою, Яніна сабрала з палка «прэзенты» i склала ix на лаўцы.
—А што будзем рабіць во з гэтым? — задумліва запытала.
—Гэта — паўбяды, — адказаў Васіль, таксама ўражаны, разгублены.— Усё гэта можам выкінуць, схаваць ці аддаць Васюкову. А вось важней іншае — сказаць ці не сказаць, што да нас прыходзілі такія госці?
Яніна вярнулася, зноў задумліва села на палку. Лучына на пліце дагарала, i ў зямлянцы браў моц паўзмрок.
—Выходзіць, трэба заяўляць на роднага брата...— ціха прамовіла яна.— Прыйдзе Васюкоў са сваімі людзьмі, заляжа, прыйдуць тыя — пачнецца страляніна... Адзін бог ведае, хто тады застанецца жывы, зложыць галаву... Калі ж, не дай божа, куля не абміне Янку, дык мама нам тады ніколі не даруе...
—А што ён у лесе выседзіць? — запытаў Васіль, перайшоўшы i сеўшы таксама на палок. Ля самай Яніны.— Уратуецца? Заслужыць дараванне? Не, не ўратуецца i не ўцячэ ад кары. Чым больш будзе хадзіць па крывых сцежках, вытвараць разам з тымі нелюдзямі, дык тым больш строгі пазней будзе для яго суд... Ды i нам цяжка ўвесь час жыць у страху...