Нізка свяціла цёплае ўжо сонца, у зацішку ўгравала: блізка i чуйна цягнула адталаю зямлёю, спрэлым, сплеснелым лісцем, шыгаллем, чарнічнікам, верасам, травою — усім тым, што засыпаў восенню снег. Незразумела лёгкае было паветра з яшчэ няблізкім, кволым, але такім знаёмым свежым пахам вясны, i цяпер бярозавік, святло, высокае зіхаткое неба захвалявалі, i Юля затрывожылася, быццам, калі растане, сцячэ ручайкамі апошні снег, вернуцца з песнямі, сваімі клопатамі птушкі, зацвіце, закрасуе зямля, — настане зусім іншая, больш дзівосная i шчаслівейшая пара...
Калі цягнула камель да саней, правальвалася, набірала ў боты снегу. Прывалакла, кінула паблізу сякеру i хацела прысесці, але не села: ведала, што тады цяжка будзе падняцца. Яна толькі нагнулася, згарнула счарнелы зверху снег, зачарпнула белага i лізнула яго.
— Не змёрз? — спытала ў сына, які сядзеў на санях i складаў з трэсачак хатку.
— Не, — адказаў Пецька.
— Прагаладаўся?
— Ara.
— Паедзем зараз, сынок, — сказала Юля.
— I я буду кіраваць канём?
— Ты, сынок, — суцешыла сына Юля i вярнулася па апошнюю на бярозавай палянцы верхавінку. Рашыла болей не секчы, хопіць...
Верхавіна была лёгкая, i Юля, пакуль амаль улегцы ішла з ёю адчула, што адышлі рукі i плечы, перастала стукаць у галаве. Калі дайшла, палажыла ўпоперак саней два палены i пачала накладаць на ix дровы.
Узлажыўшы бярэзнік на сані, абцягнула яго ланцугом, зашчапіла крукам за кольца другога канца, высекла, як гэта робяць мужчыны, тонкі кіёк, падсунула яго пад ланцуг, закруціла, колькі хапала сіл, — каб не гайдаліся, не развальваліся дровы. Сын таксама памагаў, мітусіўся пад рукамі, i яна радавалася, што выседзеў столькі ў лесе, не замінаў ёй.
«Хопіць на месяц паліць, — падумала, — а там пацяплее».
Сабрала растрэсенае канём сена, ускінула на сані, адвязала ад асіны лейцы, дала ix сыну, цмокнула на каня. Конь ірвануў прымёрзлыя да снегу сані, выцягнуўся, аж затрашчала дуга, але сарваў з месца, пайшоў павольна. Месцамі ён глыбока правальваўся, станавіўся, сын тузаў лейцамі — i конь выскокваў з глыбокага снегу, сам выбіраў цвярдзейшае месца.
На вялікіх светлых палянках снег раставаў, на ix падсыхала галлё, леташняя трава. Лясную ж дарогу выездзілі, выкаталі за зіму, цяпер на ёй яшчэ ляжаў тонкі цвёрды лёд, які паволі адтаваў, сцякаў вадою i блішчаў на сонцы. Узбоч дарогі снегу зусім не было, там было мокра, а на ўзгорках абсыхала, бялелася зямля — там бегалі ўжо неспакойныя мурашкі.
Не паспела Юля падумаць, што па такой дарозе ўжо не пара ездзіць у санях, як яны мігам саслізнулі на ўзбочыну, i адзін полаз зашаргацеў па пяску. Конь стаў. Юля сама тузала яго лейцамі — конь сцінаўся, ірваўся з месца, але выцягнуць цяжкія сані на дарогу не асільваў.
Яна адламала паблізу асінавую галіну, абцерабіла яе ад вецця i сцебанула каня — той ірвануўся, але саней нават не скрануў. Юля зноў дала сыну лейцы, папіхала сані i крычала на каня, пасля зайшла i хацела прыпадняць аселы, угрузлы бок — сані былі цяжкія, i падняць ix не хапала сілы.
— Мама, i я памагу, — азваўся Пецька.
— Сядзі, сынок, — папрасіла Юля, падышла i села ля яго.— Не здолеём мы з табой выпіхнуць на снег сані.
— А баба наша здолее? — спытаў сын.
— Каб была тут баба, то, відаць, далі б рады, — Юля ссадзіла сына, адпусціла ланцуг, каб скінуць на зямлю дровы, выехаць на цвёрдае ездавое месца i зноў нагрузіцца. Ужо адчапіла крук, скінула сякеру i сена, як убачыла лесніка Міколу, што выйшаў са стрэльбай за плячыма са старога лесу.
— Ці не задрамалі тут на сонцы? — усміхнуўся ён.
— Не выедзе во конь, — збянтэжылася Юля.
— Дзе ж ён тут табе выедзе, — сказаў Мікола, абышоў i агледзеў сані.— Тут i трактар не вывалача. Ужо трэба ў калёсах, маладзіца, ездзіць. Пажартаваў з цябе конюх, калі пасылаў з саньмі.
— Разгрузіцца, мусіць, трэба, — прамовіла Юля.
— Не трэба, лішняя работа толькі. Сячы голле i давай яго сюды, — сказаў Мікола.
Юля абсекла з бліжэйшай алешыны голле, збіла зялёны густы ядловец, маладую пушыстую елачку i падала ўсё Міколу. Той выцягнуў з-пад ланцуга верхнюю палку, падлажыў яе пад сані i паклікаў Пецьку: «Хадзі сюды, мужчынка!» Яны ўдвух прыпаднялі сані, а Юля падкінула пад полаз мокрае i слізкае галлё.
— Дужы ты, Пецька! — усміхнуўся Мікола, апусціў сані i сказаў Юлі паганяць каня.
Юля цмокнула, конь крануўся i лёгка выйшаў на ездавую дарогу.
— Дзякуй табе, Мікола, — усміхнулася, пашчаслівела Юля, — сама я не здагадалася б на такое.
— Ты сыну свайму дзякуй, — сказаў той, — добры ў цябе малец. Ды i во колькі дроў насек.