—Ну, я пайду, — здаецца, заўважыўшы яе гэтую сарамлівасць, сказаў электрык, паставіў пад лаўку свой чамаданчык i выйшаў з хаты.
«Шосты год... — Маня села на крэсла, невідушча зірнула ў акно на двор, забылася пра незнаёмца, падумала пра сваё. — Я толькі два леты пажыла са Сцяпанам. Год да войска i год, калі вярнуўся з салдатаў. Чакала тры гады... I цяпер колькі ўжо чакаю, але не дачакаюся...»
Яна паднялася, стрымалася, не заплакала, хоць вочы i павільгатнелі, пайшла на гарод i накапала маладой ранняй бульбы. Паскрэбла яе, прамыла, расклала на двары агеньчык i паставіла варыць на ім булён. Успомніла пра вясковага кладаўшчыка Франака, той сёлета пачаў ужо не толькі заляцацца да яе, але i лезці сляпіцаю. Сёння нават кабеты на лузе жартамі рабілі намёкі, ці не «сышліся» яны, расказвалі, што ўчора паднімала лямант Вікця, Франакава жонка...
Маня выйшла з хаты, дала есці свінням, пастаяла ля ix: зусім не хочуць браць паранай лебяды, варочаюць лычамі ў карыце, шукаюць бульбіны ці якой скарынкі, выкідваюць траву долу. Калі сцебане дубцом па вушах, то перастаюць наравіцца, усё глытаюць. Паблізу хадзілі куры i стараліся гэтаксама што-небудзь ухапіць з карыта. Маня не ўзлавалася на ix: сёлета добра несліся — хапала яек i сабе, i было на продаж. I цяпер пад ложкам стаіць поўнае рэшата ix, трэ было б завезці ў горад, прадаць i купіць сала: старое выходзіць, ды i нясмачнае ўжо, нейкае ёлкае, а да новага яшчэ далёка.
Карова яшчэ не скора павінна была прыйсці з пашы, таму Маня рашыла схадзіць на аселіцу, у свой гарод, — паглядзець, ці не пара зноў яго прапалоць, нашчыпаць шчаўя. Наўмысна, як i яе суседзі, зрабіла гарод далей ад дома, бо ля хаты i свае, i чужыя куры не дадуць ні ўзысці, ні завязацца якому зярнятку — выграбуць, здзяўбуць. Ды тут i свінні, калі ўварвуцца, златошаць.
...Гуркі, памідоры, морква ды капуста буялі, цёмна зелянеліся, i яна палюбавалася, парадавалася, што хутка будзе многа ўсякай гародніны, пайшла да градкі са шчаўем.
Толькі нагнулася яго нашчыпаць, як пачула крокі. Азірнулася: ішла суседка Ядзя — замужняя кабета амаль яе гадоў, маці пяцярых дзяцей.
—Во якія ў цябе ладныя грады! — Ядзя не падалася ў свой гарод, а прыйшла сюды, акідвала зайздросным позіркам кожную лапінку.
—Цьфу, цьфу! — усміхнулася Маня. — Прагаворыш...
—Ай, забабоны! — махнула рукою тая, адставіла поўны жывот: хадзіла шостым дзіцем. — Кватаранту прыйшла шчаўя нарваць? Кісленькага захацеў?
Маня не здзівілася, што Ядзя ўжо ведае пра тое, што яна ўзяла на кватэру электрыка: тая ўсё пра ўсіх у вёсцы знае. Яна ўсміхнулася i паківала толькі галавою.
—Можа, зарвецца язык Франакавай Вікці, не будзе страшыць, што прыйдзе i памалоціць твае вокны... — загаварыла Ядзя. — Хоць яе дурны поп хрысціў, будзе мянташыць, што ты наўмысна, з хітрынкай кватаранта ўзяла...
—Мне ад гэтага ні холадна, ні горача, — сказала Маня, адчуваючы на душы вялікую непрыемнасць ад гэтых плётак, i, каб не гаварыць пра гэта больш, сказала Ядзі: — Ну, я пайду: булён на агеньчыку варыцца.
Калі вярнулася дадому, несучы ў прыполе шчаўе, кватарант стаяў на двары, падкідаў у агонь трэскі. Быў ён цяпер паголены, мокрыя валасы залізаны назад, стаяў не ў ботах, a ў туфлях, у новых штанах, у белай тэнісцы. На яго даўгаватым носе блішчэў пот.
«Ды ён зусім малады», — падумала яна i засаромелася, што так i не пераадзелася, тупае босая.
— Кінула во агонь без догляду... — усміхнулася Маня.
— Нічога. Не суха ж, — сказаў ён, нагнуўся, дастаў з агню галавешку, прыкурыў.
Маня адразу адчула папяросны дым, што казытнуў у носе: пасля смерці Сцяпана, здаецца, ніхто i не курыў у яе хаце. Цяпер яе захваляваў гэты дым, зноў напомніў ён дарагога чалавека... Яна неяк уся зноў аслабела, пасумнела, стала абыякавай да плётак, што ўжо ёсць, што яшчэ будуць...
Вярнулася з пашы карова, відаць, наскублася ў полі добра, бо бакі былі поўныя, як бочкі, але ўсё роўна ткнулася ў свіныя вёдры, аблізала муку, што прыліпла там.
Маня загнала карову ў загарадку. Прынесла з хаты патэльню, кавалак сала i цыбулю, паставіла ля агню.
—Падсмажце, можа, самі, — ужо не з сорамам, а спакойна сказала яна электрыку, — я пайду карову падаю.
Зняла з частаколу даёнку i пайшла да каровы. Калі даіла, бачыла, як ён замітусіўся (відаць, ліўся на агонь булён), як зняў чыгунок, паставіў на трыножнік патэльню, смажыў, адхіляўся ад дыму, як варушыў сала i цыбулю.
Калі Маня прынесла малако ў хату, ён ужо сядзеў на лаве. На стале былі яго кілбаса, кансервы, слоік куплёнай капусты, пляшка віна.
—Ды вы ешце, нас не чакайце, — сказала яна. — Я пачакаю сына.