Выбрать главу

— Уключы плітку ды падсмаж сала, — сказала ёй маці.— Чалавек за дзень намёрзся, то яму цяпер пагрэцца трэба.

— Не трэба, цётка Наталля, — махнуў рукою Мікола, сеў ля стала.— Чалавек я свойскі, не ганарлівы. Што ёсць, тое i добра. Рэж, Юля, i мёрзлае... Хадзеце, цёця, вып'ем, каб дровы добра гарэлі.

— Хіба кропельку мне, сынок, ды за дровы, — старая сёння ахвотна згадзілася выпіць i сама капнула сабе ў шклянку.— Выпі, Міколка, яшчэ, можа, сухастою дасі. На падпалку. Сам ведаеш, без мужчыны жывём: я старая, а яна...

— Мама! — папрасіла Юля.— Перастаньце...

— Што — мама, што — перастаньце?!— не выцерпела, зазлавала маці.— Калі мама сама не папросіць чаго, то ты век не папросіш...

— Дадзім, цётка, якую сасёнку, не будзеце без дроў сядзець, — усміхнуўся Мікола.— Абсохне скора, то галля сабераце, сухастоіну якую паваліце. Свае ж людзі, суседзі...— Мікола ўжо недзе выпіў, пасядзеў крыху тут, у цёплай хаце, то яго добра разабрала. Стаў ён надта вясёлы i добры.— А ты, гаспадар малы, чаго на катовай горцы грэешся? Злазь, хадзі да нас!

— Намезрлася дзіця ў лесе, няхай адагрэецца, — заступілася за ўнука Наталля.

— Канём ужо спраўна кіруе, — сказаў Мікола, — i сані выпіхаў з пяску на лёд, так упёрся, ажно пачырванеў у твары... I Юля пачырванела...

— Мой ты сынок, Міколка, — пабедавала старая, — хіба бабе ў лес ездзіць, секчы ды пілаваць?

— I я, цётачка, ёй так казаў. Гавару: магла б сама ў лес не ездзіць, ля дому мужчынскую работу i не рабіць. Трэба толькі...— нахіліўся Мікола да Наталлі i зашаптаў ёй на вуха.— Трэба, цётка, зяця добрага браць. I лягчэй жыць будзе, i ёй весялей стане...

— Я ёй, Міколка, ніколі не замінала i цяпер не замінаю...— сказала Наталля i пабралася да ўнука на ляжанку.— Хай сама робіць, што хоча. Не маладзенькая, свой розум мае...

— I не піша зяць пісем, не збіраецца сюды прыехаць ці да сябе забраць? — спытаў Мікола.

— Дзе ён піша...— прамовіла старая.— Каб хацеў жыць разам, ужо даўно, як ты кажаш, прыехаў бы сюды, застаўся б ці да сябе паклікаў. Ой, Міколка, ты добры чалавек, нікому нічога не скажаш, дык я табе прызнаюся: як выйшла яна замуж, так i жыве! Чаго было ёй перціся на тыя заробкі, сыходзіцца з чужым чалавекам? Хіба тут работы не было ці свае хлопцы не маглі б замуж узяць? Не падумала вось добра...

— Перастаньце, мама, — незадаволена сказала Юля.

— Вось i ўся яе гаворка са мною. Перастаньце ды памаўчыце...— прамовіла Наталля.— Жыве як старая баба, хаваецца ад усіх. На днях тутэйшы настаўнік, такі талковы, сталы чалавек прыходзіў, мяне ды яе ўсё па бацьку называў, цукеркамі частаваў. Відаць, што хоча да нас у прымы прыстаць. Хай бы i брала яго. Дык дзе табе: сказала слова ды збегла з хаты... Шафёр барысаўскі, таксама важны чалавек, на тым тыдні сватаўся — i ў горад браў, i тут згаджаўся быць — адмовілася... Чакае нечага...

— Ой, мама, як надакучылі мне вашы песні! — сказала Юля i зірнула ў акно: ёй здалося, што хтосьці прайшоў па двары.

Яна ўстала, падышла да акна i паўглядалася, але нікога не заўважыла.

— Давай, Мікола, яшчэ вып'ем, — сказала яна.

— Давай, Юлька, — згадзіўся ён.— Люблю цябе за дабрату i сціпласць. Харошая, талковая ты баба. Звязалася во з нейкім круціхвостам, засмуціла сабе жысць. Каб некалі, як я бегаў за табою, не з'ехала, пайшла за мяне, то я цябе вельмі шанаваў бы. Усім людзям на зайздрасць мы з табой жылі б.

— За цябе, Мікола, я пайшла б, каб ведаць магла такую сваю цяперашняю долю, — прызналася Юля.— Але вось бяда: усяго не ведаеш спачатку...

У дзверы хаты далікатна пастукалі. Калі Юля запрасіла зайсці, дзверы адчыніліся i ў хату нясмела зайшла жонка Міколы, Любка, — невысокая, светлавалосая, вельмі раўнівая жанчына.

— Добры вечар!— стрымана прывіталася яна, непрыхільна агледзела мужа i Юлю.— Хадзем, Мікола, дадому.

— Прысядзь, жонка, выпі маю долю, — сказаў ён, — а то мне можа, ужо i мнагавата сёння будзе.

— Прысядзь, Любка, — запрасіла i Юля.

— Пайшлі, Мікола, — Любка стаяла ў парозе, маленькая, жаласная, з крыўдаю на вуснах i слязьмі ў вачах.— Хадзем, Мікола, нешта з нашым малым сталася...

— Я толькі што заходзіў дадому i бачыў: гуляе хлопец, — сказаў Мікола i не думаў паднімацца i ісці дахаты.

— Садзіся, Любка, — усміхнулася Юля, здагадваючыся, што зараз на душы ў суседкі.

Гэтая Юліна ўсмешка пакрыўдзіла госцю. Яна плюснула вачыма, усхліпнула i «ўзарвалася»:

— Я не спадзявалася на цябе, Юлька, што ты можаш такое... Чужых мужчын зманьваць, ад дзяцей бацьку забіраць... Красівая, маладая, вось яны i ліпнуць да цябе... I вам, цётка, брыдка: век пражылі, але патураеце...— вусны Любкі затрымцелі, яна не магла больш гаварыць, заплакала.