Выбрать главу

— Ты Юлькі не чапай, не лі на яе бруду! — узлаваўся, ускочыў з лавы Мікола, — ты яе не варта...

— А я раўняцца з такімі не хачу, — азвалася яго жонка, — не развялася са сваім мужам i другіх не зманьваю...

— Ну! — падскочыў да жонкі Мікола са сціснутымі кулакамі.

— Вар'ят! — закрылася тая рукамі, адскочыла.— Можаш i не ісці дахаты, да дзяцей сваіх. Цягайся па чужых хатах...— папракнула i выскачыла на двор.

— Ну i дурная! — Мікола прысеў на лаве i не мог ад злосці гаварыць.— Прыйдзе ж во ў галаву... Не злуйся ўжо, Юля...

— Я не злуюся...— спакойна сказала Юля, але відаць было, што спакой гэты вельмі вымушаны, за ім у душы хаваецца зусім іншае...

— Ты не засмучайся, Юлька, — прасіў Мікола, — я ўсё ўладжу.

— Толькі ты не шумі, дзетка, не чапай сваю кабету, — сказала Наталля, — можа, i навёў які паганы чалавек, пазласлівіў. А сэрда бабскае такое: паверыла, нават не падумала, ускіпела...

— Усё будзе добра, цётка, — паспрабаваў усміхнуцца Мікола. Відаць было, што ён усміхнуўся, каб не так супакоіць старую, як Юлю, якая маўчала, перажывала ўсё моўчкі.

Мікола закурыў, пасядзеў яшчэ крыху, пагаварыў, увесь час стараючыся перавесці гутарку на іншае, а пасля пайшоў дахаты.

Юля не ўставала з-за стала, сядзела аблакаціўшыся, абхапіўшы галаву рукамі. Заплюшчыла вочы, слухала, як звонка цікаў гадзіннік, ціха сядзелі на печы сын i маці, чула, як балюча стукае ў скроні, туманеюць, макрэюць шчокі...

4

Юля ўсхапілася на світанні, калі загудзелі правады i моцна зайграла радыё.

Яна выключыла прыёмнік, каб паспалі яшчэ маці i сын, выскачыла з цёплай пасцелі — i цяпер яе агарнуў холад; у галаве праяснілася: зноў лажыцца не варта, трэба пачынаць гаспадарскую работу.

— Я i сама ўжо ўстала б, паляжы яшчэ, — загудзела з печы маці.

— Ляжыце, мама.

— Я ўжо адляжала бакі на печы за свой век, — маці прыўзнялася, знайшла свае цёплыя валёнкі, абулася i спаўзла з чарэні.— Як ні палі, усё роўна холадна ў хаце, — сказала яна, пацяпнула плячыма.— Відаць, ператрухлела ўся. Даўно пара новую ставіць. Я дажыву i ў гэтай, а пра сябе ты ўжо сама думай.

Юля выпіла халоднага ўчарашняга кампоту, апранулася i выйшла на двор. Гулка стукнулі дзверы, на ганку Юлю працяло калючым холадам, яна нахвіліну прыплюшчыла вочы, стаілася, стараючыся адолець дрыготку. Ныла пасля ўчарашняга спіна, круціла паясніцу, балелі рукі.

Юля зайшла ў гумно, наскубла шорсткага халоднага сена, чуючы, як яно церпка пахне, занесла i ўкінула яго карове. Падабрала растрэсенае кароваю, падчапіла віламі i ўскінула на вышкі — перамяшаецца з саломай, перарэжацца на сечку, абальецца цёплаю вадою, сыпнецца дзеля паху мукі — з'есць пасля карова, нідзе не дзенецца.

Потым Юля зайшла на дрывотню, набрала халодных, заінелых дроў. Звычайна яна ці маці прыносілі дровы ў хату вечарам, лажылі падсушваць на гарачы под. Учора забавіліся, забыліся пра ix.

Юля прынесла бярэмак дроў i скінула ля вілачніка, i яе работу перахапіла маці, нібы далей сама, як старэйшая, магла зрабіць лепш: узяла палена, палажыла яго ў печ, паблізу прыладзіла другое, накідала на ix астатнія.

Сукасты, гарбаценькі камлючок скаціўся на под, i маці паправіла яго, нават не чуючы, што даткнулася лбом да засажанага чалесніка, вычарніла лоб. Юля ўсміхнулася, але прамаўчала, ведала, што не трэба спыняць маці, адрываць ад такой няхітрай штодзённай, але радаснай работы: успыхнуць дровы, заліжа агонь паднябенне, ажыве хата... Юля наліла ў саганы вады, пачакала, пакуль маці налажыла дроў i запаліла. Тады Юля падняла, паставіла саганы на прыпек i пайшла па ваду.

Калі яна, пагаварыўшы крыху з суседкай, прынесла поўныя вёдры, маці ўжо наабірала i цёрла на дранікі бульбу.

Юля дастала з печы саганок, зачарпнула конаўкай цёплай вады, паліла на ручнік, узяла вядро i падалася ў хлеў. Абцёрла мокрым канцом ручніка вымя каровы, пасля абмахнула сухім, падставіла вядро i пачала даіць, слухаючы, як звонка б'е ў вядро малако.

Юля толькі нядаўна навучылася даіць карову, прызвычаілася да ўсялякай гаспадарскай вясковай работы — дзяўчынаю не хацелася, ды i маці аберагала, гаварыла: вучыся. Пабыла ў леспрамгасе, i толькі калі вярнулася дамоў, навучылася i ў лес ездзіць, i араць — вядома, як жыць у вёсцы без мужчыны. Аднагодкі яе не ўмелі рабіць такой работы, а яна ўмела: навучылася. Не раз трэ было i старацца, каб людзі менш бачылі, што цяжка.

Карова сёння дала многа малака, з паўвядра, — відаць, таму, што ўчора пахадзіла па двары, пагрэлася на сонцы i пачула вясну — ахватней вечарам апаражніла цэбар сечкі, выпіла тры вядры вады.