Юля прынесла малако ў хату, працадзіла.
— Макарону зварым ці рысу? — спытала маці.
— Зварыце што-небудзь, — адказала Юля.
— Не прыйшла во ўчора, не праведала, хоць i таварышкавалі некалі.
— Можа, стамілася за дарогу, — сказала Юля, ведаючы, што маці гаворыць пра Аньку.
— Не так, мусіць, стамілася, як гонару набралася, — запярэчыла старая.— Хваляцца Саладухі, што надта добра жыве, муж працавіты, добры, не курыць, не п'е, грошы вялікія прыносіць.
— Пашанцавала, — сказала Юля.— Шчасце ўсім пароўну не даецца: аднаму прываліць, другога абыдзе...
— Бацькам, канечне, добра, калі дзеці ладна жывуць, — прамовіла маці.— Сямёніха хвалілася ўчора ўсім, што надта дарагія хусткі ды валёнкі ёй дачка прывезла.
— Умты хіба? — спытала Юля.
— А чорт ix там бачыў, хунт яны там ці болей.
— Унты, мама, боты такія...
— А чорт яго ведае, як там па-вашаму, па-цяперашняму, хіба я, век са сваёй вёскі не выязджаючы, разбяруся. Як назавуць што, дык аж галава трашчыць, — сказала Наталля, адцягваючы далей ад агню саганок.— Але зайздросна слухаць, што ў некага ўсё ладна выходзіць.
— Хіба, мама, я не хачу шчасця? — спытала Юля.
— Бог цябе ведае, дачка, — сказала маці.— Жылі столькі гадоў, дзіця гадавалі i — не паладзілі... Па табе бачу: не голая, не галодная была, а вось як ты гаворыш, шчасця не маеш. Сядзіш цяпер, як i я, удава старая. Kaлі сама вінаватая, папрасіла б...
— Не так усё легка ў нас, як вы, мама, думаеце, — сказала Юля.
— Я толькі думаю, што сям'ю сваю зберагаць трэба, — адказала маці.
...Пад'еўшы, ведаючы, што сёння на работу ісці не трэба, Юля хацела пачакаць пакуль пацяплее, i прылегла.
Заснула яна хутка, адразу начала сніць, што апынулася дзесьці ў цёмным, сырым месцы, пасля прыйшло на розум, што гэта іхні стары лес за Лысаю гарою.
Агледзеўшыся, яна ўбачыла, што трапіла на бярозавую палянку з вострымі пнямі. Яна прайшла па вытаптанай сцежцы i ўбачыла знаёмага каня, запрэжанага ў сані, а на ix многа бярозавых дроў, перавязаных ланцугом.
Конь сам крануўся з месца, пайшоў. Трымаючыся за дровы, пакрочыла i яна. Сані легка слізгалі па лёдзе, i так усё гэта было чуйна, што Юля сосну адчула лес, яго прахалоду, шчырае, нямоцнае яшчэ веснавое сонца. Конь стаў, забіў капытамі i чалавечым голасам сказаў: «Чаму ж ты не кіравала мною? Я сам зусім не ведаў, як i куды мне ісці».
Юля паганяла каня, але ён не кратаўся з месца.
Нечакана выйшаў з-за дрэў чалавек, Юля глянула на яго i ледзь не звалілася з ног: гэта ішоў Гена, яе муж, i такі ён быў стомлены, што хістаўся, ледзь стаяў на нагах. Ён быў высокі, чорнавалосы, але цяпер з вострым носам, з такімі памутнелымі вачыма, што яна жахнулася. Ён трымаў у руках вядзерца ca снегам i паказваў, каб яна высыпала снег пад полаз. Яна ўзяла вядзерца, а Гена ўпаў. Юля закрычала... i прахапілася...
«Гену кепска, вельмі кепска, — адыходзіла яна ад сну, — i ён, відаць, думаў пра мяне, можа, нават хацеў, каб я памагла яму», — i гэтая думка цэлы дзень не выходзіла з галавы.
5
Управіўшыся па гаспадарцы, Наталля, ці Пётрычыха, як яе называлі суседзі, пайшла гуляць на вёску; Юля падмяла, выцерла ў хаце падлогу, пасля апранула малога i падалася з ім на двор.
Цёпла, ярка свяціла сонца, але ішоў тонкі, свежы холад ад зямлі — i было стыла, як i зімою ў сонечны марозны дзень, хоць ужо i гаварылі, што нехта бачыў, як ляцелі над полем буслы.
Юля вынесла з дрывотні пілу, старыя, пасечаныя i спілаваныя козлы, пастукала да ix сякераю — падагнала, змацавала ножкі, палажыла бярозу.
— Хадзі, мужчына, — усміхнуўшыся, паклікала сына, — разрэжам колькі пален.
Сын падбег, з радасцю хапіўся за пілу, цягаў, ірваў ці моцна ціснуў яе ўніз — піла выскоквала; пакуль адпілавалі паленца, бяроза была ў адных надрэзінах, але ўсё ж сын трымаўся i цягнуў за ручку, піла не ківалася па баках, i лягчэй было рэзаць, чым адной.
Першае палена сын памог разрэзаць з ахвотаю, на другім пачаў цягаць пілу павольней, паглядаў на бакі, не мог дачакацца, калі маці дазволіць яму марсянуць на вуліцу. Юля ўгаворвала яго, абяцала купіць новыя штонікі. Пасля ўзлавалася i пачала крычаць. Сын насупіўся, цягаў пілу i хліпаў сабе ў нос.
— Што ты, дзеўка, дзіця мардуеш, — загаманіла маці, якая прыйшла нечакана дадому.— Самі разрэжам ці Маньчынага Пецьку папросім, — старая падышла i забрала з рук унука пілу.
Той заскакаў, што нечакана збавіўся ад прымусовай работы, i панёсся кудысьці на вуліцу, дзе даўно ўжо гукалі, смяяліся i крычалі дзеці.
— Разрэжам на заўтрашняе ды i не будзем больш— сказала Наталля, — схаджу я ў Малышкі, апытаю ў каго i куплю сена.