Выбрать главу

Юля памаўчала, i старая таксама больш не загаворвала, лічыла, што сказала ўсё ясна, моўчкі цягала пілу, думала штосьці сваё. Калі яна сказала «хопіць» i панесла ў дрывотню пілу, Юля ўзяла сякеру i пачала дзяўбаць палена. Калолася бяроза цяжка: была намёрзлая, маладая, цвёрдая, а сякера тупая, шчарбатая i адскоквала ад палена.

Выйшаў са свайго двара i павітаўся з ёю сусед Сцяпан.

Можна было папрасіць яго, мужчыну, навастрыць сякеру бруском цi напілкам.

Юля ведала: Сцяпан паспачуваў бы, мог бы даць нават сваю сякеру ці наладзіць гэту, усміхаўся б, слаўся б лістам: «Нясі, Юлька. Давай, Юлечка. Табе папраўлю, пастараюся».

Юля даўно ведала яго «ласку» i баялася яе, старалася ніколі не спатыкацца з гэтым мужчынам.

Вяскоўцы лічылі Сцяпана добрым, спагадлівым чалавекам, так думала пра суседа i Юля: жывучы блізка, ён часта па сваёй волі заходзіў разбіць тоўстае сукастае палена, разагнаць бульбы ці занесці ў склеп поўныя мяхі, пачысціць кнырчука ці зацягнуць у лыч парасяці драціну. Часта Сцяпан заходзіў вечарамі, асабліва зімовымі, адзін ці з жонкаю, пасядзець, пагаварыць, запрашаў на хрэсьбіны ці на свежаніну, яго таксама запрашалі.

Нядаўна, калі Наталля папрасіла яго памяняць прасла ў іхнім плоце, калі Юля памагала яму заразаць у слупах зарэзіны, Сцяпан, амаль аднагодак Юлі, бацька траіх дзяцей, усё жартаваў, кпіў з яе.

— Чаго ты не зжылася ca сваім мужыком? — дапытваўся ён.

— Ростам малы быў, — адказала Юля.

— Калі не ў рост пайшоў, дык, відаць... Ого, малыя — дужыя мужчыны!

— Ідзі ты! — сказала Юля.— Распусціў язык, як пугу.

Пад вечар, калі выпілі за полуднем, Сцяпан асабліва жартаваў. Пасля, азірнуўшыся, падышоў да яе, шапнуў, каб сёння не спяшалася зашчэплівацца, калі добра ўцямнее.

Юля засмяялася i сказала, што позна яму падходжваць, калі ўжо жонку займеў, трое дзяцей на карку мае; хутка пара будзе сыну нявесту шукаць.

Сцяпан яшчэ пажартаваў, Юля слухала, пасля i забылася пра гэтыя жарты, палівала яму вечарам на рукі, зноў частавала i заплаціла за работу тры рублі. Сцяпан адмаўляўся, не браў, Наталля сама паклала яму грошы ў кішэню.

Той ноччу Юлі спаць не хацелася; схадзіла спярша да суседзяў на тэлевізар, пасля ляжала i думала пра кіно, пра свайго сына, што гадуецца без бацькі, прыносіць з вуліцы ўсялякія словы, з кожным днём становіцца ўсё больш непаслухмяным. Думала пра свайго мужа, як яны нечакана, дзіўна сустрэліся, жылі, як яна моцна кахала яго, а ён часамі не разумеў яе, не слухаўся, часта прыходзіў з работы позна, злаваўся, што яна залішне прыдзіраецца, хоча прыручыць да сваёй спадніцы, асароміць перад яго сябрамі... Яна гадала, як ён жыве цяпер, паправіўся ці па-ранейшаму такі шалапутны, помніць яе, сына ці забыўся пра ix... Ляжала, думала, як пачула ціхі стук у акно, пасля ў дзверы. Яна прыслухалася; стук ягачэ раз паўтарыўся.

Маці спала; Юля паднялася, накінула на сябе цёплую вялікую хустку i выйшла ў сені.

— Хто там? — спытала яна, але дзверы не адшчэплівала.

— Я, — пачула яна Сцяпанаў голас.

— Чаго табе?

— У мяне е пляшка віна.

— Позна ўжо, ідзі дадому, — сказала Юля, — ці адзін выпі.

— Выйдзі, Юлька, я хачу пагаварыць з табою.

— Ці не здурэў ты? Ідзі дадому, — сказала Юля i пайшла ў хату. Толькі цяпер яна здагадалася, што Сцяпан не жартаваў, сапраўды набіваўся ў «жаніхі»...

6

Юля дакалола астатнія палены, злажыла ix кастром на прыгуменні, каб выветрыліся; пасля набрала абярэмак i занесла на кухню.

У хаце было цёмна, ціха, i не хацелася заставацца тут, цягнула на халодны, з нізкім няяркім сонцам двор, дзе чулася вясна, радавала i трывожыла.

Юля хацела запаліць святло, пстрыкнула ўключальнікам — лямпачкі не загарэліся; відаць, электрык нечага адключыў святло на станцыі.

Хтосьці незнаемы затупаў на двары, доўга, не ведаючы, лэпаў па дзвярах, шукаў клямку. Юлька глянула i не пазнала нечаканую госцю, што зайшла ў хату. Адзета яна была не па-тутэйшаму, па-гарадскому: у тоўстым варсістым футры, бліскучых высокіх ботах, тоўстай пуховай хустцы, з моднай невялічкай сумачкай.

— Не пазнала? — усміхнулася, знаёма сказала госця.

Юлька таксама ўсміхалася, выцірала аб ручнік рукі

i прыглядалася.

— Анька?

Юля кінулася да былой сваёй сяброўкі, яны абняліся i моцна пацалаваліся.

— Я i не ведала, што ты дома, — сказала Анька, хоць словам яе цяжка было паверыць: ёй расказала недзе адразу ўсе вясковыя навіны яе маці.

— Дома, як бачыш, — прамовіла Юля.

— I даўно?

— Ды з восені жыву.

— I што ты робіш тут?