— Работы ёсць, — адказала Юля, — вару дзецям есці ў школьнай сталовай, бегаю дзень з чарпаком ля катлоў, памагаю маме па гаспадарцы. Учора ў лес па дровы ездзіла.
— А я, Юлька, ужо не змагла б са свіннямі ды каровамі...
— Ты ж вясковая, не гарадская...
— Ды адвыкла.
— Каб трэ было, то i навучылася б скора, — сказала Юля.— Але як ты жывеш?
— Ды не скарджуся. Жывая, здаровая, i дзеці растуць, у садзік ходзяць.
— Вялікія, мусіць, ужо твае хлопцы? — спытала Юля.
— Большаму шосты годзік, меншаму чацвёрты.
— Дзяўчынку яшчэ вам трэба.
— Што ты!— усміхнулася Анька.— Пракарміць ды адзець знайшлі б за што, але я вучыцца надумала, паступіла летась у інстытут, дык часу мне трэба многа.
— Ого! — здзівілася Юля.
— Ніякай жа спецыяльнасці няма, трэба вучыцца.
— Удалая ты, — сказала Юля, надрала з бярозы кары, налажыла ў грубку дроў, падпаліла, пачакала, пакуль угарыцца, тады зачыніла дзверцы i адкрыла паддувала — загуло, усхапіўся агонь, аблізаў палены. Анька прысела на лаве.
— У нас цеплавое, — азвалася яна.— Любата! Не трэба гэтых дроў. Цяпер, каб ты бачыла, як вырас наш горад... A Мішу майго павысілі, большы аклад, «Волгу» далі. Ведаеш, Іван, гэта шафёр яго, на работу мяне возіць i з работы забірае.
— Добра табе, — сказала Юля, — а я бегаю пяшком у Міланькі.
— Міша папаўнеў, салідны такі. Быў нядаўна ў Ленінградзе, паліто мне купіў, не дае вады піць, яблычнымі сокамі поіць.
— Глядзіць цябе.
— Ды не скарджуся, як другія. Што хачу, тое i маю. Можа табе што трэба дастаць?
— Дзякуй, — сказала Юля, — усё ў мяне таксама ёсць.
— Сумна табе, мусіць, тут жывецца? — спытала госця.
— Жыву, Анька, — Юлька ўстала, прынесла кавалак мёрзлага з зімы сала, каўбасы, нарэзала невялікімі скрылікамі, ускінула на скавараду i паставіла ў грубку.
— Святла няма...— цмокнула Аня.
— Гэта сёння нешта няма, так яно заўсёды гарыць, — як апраўдвалася Юля.— Цяпер добра жыць сталі. У каго сям'я рабочая ды на харошай рабоце стаяць, стараюцца, то па-гарадскому жывуць: тэлевізары, матацыклы, халадзільнікі маюць, каторыя настаўнікі ды экскаватаршчыкі «Жыгулі» ды «Запарожцы» пакуплялі. У хату зойдзеш — чысценька, чаго там толькі няма.
— Усё роўна ў вёсцы я ўжо не жыла б, — перабіла яе Аня.
— Цяпер нічога страшнага i тут няма, — не згадзілася з ёю Юля, — Ты адна прыехала дадому?
— Адна. Мішава работа не дазваляе абы-калі раскатвацца, ён такі заняты, так прылягае да сваіх спраў, што i на сям'ю мала глядзіць. Калі возьме водпуск, мы ўжо ў Крым паедзем. Ведаеш, я пятае лета запар туды паеду.
— Мне хоць бы раз за сваё жыццё паглядзець тыя курорты, — сказала Юля.
— Чаго ты ca сваім разышлася? — спытала Анька.
— Ды я не разышлася...
— Піў ці біў цябе? Нечага ж вы з ім не паладзілі?
— Многа, Анька, расказваць, — сказала Юлька, апусціла вочы, — ды i наша ўсё гэта, усё роўна ты не зразумееш.
— Ты не перажывай, — прамовіла Анька, — калі кінуў цябе — ну i чорт з ім. Выйдзеш i за другога, яшчэ вартнейшага. Толькі трэба ў горад выязджаць i не сядзець тут, бо ў вёсцы з дзіцём нялёгка замуж выйсці, a ў горадзе добрыя людзі возьмуць.
— Ды не спяшаюся я другі раз замуж, — сказала Юля.— Мужа я знайду сабе, але ці знайду бацьку сыну?
— Гэтыя дзеці i трымаюць нас, — згадзілася Анька.— Мы i жывём цяпер дзеля ix, пра сябе не думаем.
Нечакана загарэлася святло. Юлька i Анька на хвіліну ад яркасці заплюшчылі вочы, асвоіліся, пасля разгледзелі адна адну.
— Ты пастарэла, Юлька.
— Хутка трыццаць год, дакуль жа тая маладосць ды краса будуць.
Грукнуўшы ў сенцах дзвярыма, у хату ўбег Пецька; убачыўшы незнаемую, утаропіўся i засаромлена стаў у парозе.
— Ой, які ж Ты мурзаценькі! — здзівілася Аня, дастала з кішэні плітку шакаладу i працягнула Пецю. Той апусціў вочы долу, саромеўся падысці i ўзяць гасцінец.
— Вазьмі, Пецька, — сказала Юля.
— Ой, які стыдун. Прападзеш такі! — паківала галавою Анька, — Бяры, малец, i падыдзі сюды, гляну, у каго ты ўдаўся: у маці ці ў бацечку свайго.
Аня не дачакалася, сама падышла i дала ў руку малому шакаладку.
— Скажы дзякуй, — вучыла сына Юля.
Пецька маўчаў, не ўзнімаў ад падлогі вачэй, пасля прайшоў за грубку i схаваўся на печы.
— А мае хлопцы смелыя...— сказала Анька.
— Хадзі, сынок, памыемся нанач, а то чуў, як гарадская цётка пасміхалася з нас, — сказала Юля сыну, зняла яго амаль соннага з печы, калі Анька пахвалілася пра сябе, свайго мужа, лёгкае сваё жыццё, панавучаўшы, як Юлі лепей, крыху хітрэй жыць, i пайшла дахаты.
Юля наліла ў ночвы цёплай вады, раздзела i пасадзіла ў ix Пецьку, намыліла яму галаву, вушы, пацерла мачалкаю спіну.