Да яе часта, абсыпаная снегам, радасная, прыбягала сяброўка Аня.
Анька была любімая дачушка ў сям'і. Яна вельмі ганарылася, што адзявалася лепш не толькі за вучаніц, але i за настаўніц, што была прыгожая. Яна не засмучалася, што цягнулася на слабыя троечкі, i ўвесь час гарнулася сябраваць з Юляй, можа, толькі таму, што спісвала ў яе задачы, а мо i тайна зайздросціла, што Юля, як i яна, была такая самая прыгожая ды яшчэ добра вучылася: ёю не маглі нахваліцца настаўнікі...
Недзе зімою, калі прайшла пара мяцеліц, моцных марозаў, калі ўжо днём па-веснавому свяціла сонца i асядаў снег, Анька таксама зайшла да Юлі, паклікала гуляць.
— Не хочацца, Анька, — адмаўлялася Юля.
— Хадзем, — прасіла Аня, — ведаеш, сёння хлопцы з Восава прыйшлі, свайго музыканта прывялі.
— Хутка экзамены, трэба чытаць.
— Ты i так усё ведаеш, зубрыла, — сказала Анька.— Хадзі, я табе светлую блузку дам.
Анька здагадвалася, чаго не хапала Юльцы.
— Не трэба, — сказала Юля, хоць ёй тая блузка i вельмі падабалася: яна разумела, што ўся веска бачыла, ведала гэтую светленькую прыгожую блузку, i калі надзенеш яе, то ніхто не звядзе з яе вачэй, цэлы вечар будуць шаптацца, абгаворваць.
Тою зімою Юлька ўпарта адмаўлялася, i Анька бегла на танцы адна, але таго вечара Анька не выходзіла з хаты, настойвала, так прычапілася, што Юлька не вытрывала, загарнула кніжку, апранула, што мела лепшае, i пабегла з Анькаю да Сямёніхі, у хаце якой ужо сабралася вельмі многа моладзі.
...Юля многа танцавала ў той вечар вальсаў, полек. Бралі яе Сцяпан, Мікола, восаўскія хлопцы. Анька ўвесь вечар круцілася са сваім Лёнькам, выбягала з ім на двор, падоўгу недзе прападала, вярталася чырвоная ў твары, з дзіўным бляскам у вачах.
Юля танцавала i бачыла, як за ёю цікуе Мікола, чырванеецца, злуе, калі яе запрашаюць танцаваць восаўскія хлопцы. Яна гадала, чаго такі Мікола, чаму ён так адносіцца да яе, i калі пачынала здагадвацца, адчуваць сваім дзявочым сэрцам — ёй рабілася трывожна i страшна. Яна хацела забыць гэта, думаць пра штосьці іншае, але тое шчымлівае i страшнае ажывала, як ручаёк пад рыхлым снегам: недзе ціснецца, блукае, хоча вырвацца наверх i не вырываецца, блудзіць, толькі трывожыць душу...
Юля не кахала Міколу.
Калі Сцяпан зайграў развітальны марш i ўсе паразбіваліся на пары, павалілі з хаты, яна таксама выскачыла на двор. Хтосьці выбег за ёю. Яна азірнулася: aпpaнаючыся, ішоў следам Мікола. Хутка дагнаў яе, пайшоў поруч.
Юля ніколі не перажывала столькі страху, як тады. Спяшалася ісці i не чула сваіх ног, моўчкі завіхаўся побач i Мікола. Толькі ля яе хаты схапіў за руку, затрымаў, прыгарнуў да сябе. Калі блізка пачулася яго дыханне, Юля зразумела, што Мікола хоча пацалаваць яе. Яна церабнулася, але ён трымаў моцна, гарнуў да сябе.
— Пусці, крычаць буду! — пагразіла яна.
— Юлечка, канчай сваю школу i выходзь за мяне...
— Пусці, — Юля не магла вырвацца i заплакала.
— Не буду, Юлька. Не злуйся, харошая. Сам бачу, што ты не для мяне, — Мікола выпусціў яе, i яна не пабыла больш на двары i хвіліны, пабегла ў хату.
— Рана пачала таньчыць, дзеўка. Бачыла праз акно, як ліпнула да Кастусёвага, — пагрозліва сказала з печы маці.— Глядзі, дзеўка...
...Восенню, калі Юля ўжо скончыла школу, не прайшла па конкурсе ў педагагічны інстытут, паехала з Анькаю ў суседні раён, стала працаваць у леспрамгасе.
Праз месяц сяброўкі напісалі, што Мікола згуляў вяселле, узяў дробненькую, непрыгожую, але гаспадарлівую дзяўчыну з суседняй вёскі.
8
— Схадзі ты, маладзейшая, да Саладухі, — сказала маці, — папрасі машыны, скажы, што на адзін толькі раз укінуць карове сена засталося.
— Схаджу, — згадзілася Юлька: Саладуха быў Аньчын бацька, старшыня калгаса, i Юльцы хацелася не толькі папрасіць машыны, але i пагаварыць з сяброўкай.
— Паслухай, як хваліцца будуць, — сказала маці, — усім не нахваліцца, што зяць дужа добры, па тры сотні палучае, машыну мае, ім надта добры падарунак прыслаў; а так ужо глядзіць Анечку, што халоднай вады не дасць напіцца.
Схіляла на вечар. Няярка i нячуйна прабівалася праз асмужаную шэрасць сонца, падхопліваўся нямоцны, але дзёрзкі вясновы марозік.
«Вясна! Колькі таго ўжо сена трэба, але бегай вось, — падумала Юля.— Калі б не мама, здала б я гэтую карову ў калгас ды выпісвала малако. I гора ніякага з сенам i падсцілам не ведала б».
Яе маці была не толькі старая гадамі, але i жыла падаўнейшаму, зусім не прызнавала, што нешта змянілася ў вёсцы i што трэба па-новаму жыць. Нават падумаць яна баялася, як гэта можна жыць без каровы, свінней, курэй, не хацела купляць тэлевізара: «Нічога я ў ім не разбіраюся, толькі грошы марна пераводзіць. Звініць во ў хаце радзіва, i гаворыць, i пяе — i хопіць. Памру, тады сабе што хочаш купляй».