Юля, калі хадзіла ў школу, спрачалася з маці, нават даказвала, што няма бога i чарцей на свеце. Маці злавалася, папракала: «Надта вы вучоныя сталі, разабраліся ва ўсім».
У хаце Саладухі гучала незнаемая музыка, відаць, навезла модных пласцінак Анька, цяпер сядзела, сумавала ў «дзярэўні» i круціла ix, забаўлялася.
На кухні нікога не было. Юля толькі дзеля прыліку далікатна пастукала i зайшла ў лепшую палавіну, пры такім шуме яе ўсё роўна ніхто не мог пачуць. Адразу ўбачыла засланы абрусам стол, хлеб, каўбасу на ім. Не паспела нічога падумаць ці здзівіцца (у старшыні госці частыя), глянула лявей i знежывела: за занавескамі Анька, з распушчанымі валасамі, босая, абдымалася з мужчынам, твару якога не было відаць. Юля так разгубілася, што не магла нічога прамовіць. Яна выскачыла з хаты.
«Во табе яблычныя сокі...» — падумала яна, азірнулася, ці не бачыў яе хто. Калі выходзіла з двара, затрымалася, каб зашчапіць варотцы, i ўбачыла за гумном Саладухі незнаемую, з заглушаным маторам машыну.
9
Вечарам, калі Юля накарміла свіней, укінула карове астатняе сена i збіралася пайсці да суседкі на тэлевізар (было «харошае, пра любоў» кіно), нечакана прыйшла Анька.
— Гаварылі, ты да нас прыходзіла? — спытала Анька i ўважліва паглядзела Юлі ў вочы.
— Хадзіла, — разгубілася Юля, — хацела ў бацькі твайго машыны на гадзіну якую папрасіць, але ўбачыла чужы «козлік», пабаялася зайсці, — прыманіла Юля i адвяла ўбок свой позірк.
«Як сама вінавата ўсё роўна. Каб ты згарэў, такі характар!»
— Гэта з раёна... Мой даўні знаёмы, так сказаць, — сказала Анька.— Пагаварылі крыху. А ты што робіш?
— У кіно збіралася. Днём паўспамінала, як мы з табой у школу хадзілі, танцы рабілі.
— Ды i я не раз прыпомню, што някепска некалі было, весела мы жылі, — сказала Анька.— А я ўжо ад'язджаю заўтра.
— Гэта ўжо ўсе твае госці?
— Ай, растрывожылася сёння... Многа згубіла я, што не вучылася, паспяшыла замуж пайсці за Мішу, — сказала Анька.
— Цяпер можна ўсяго дабіцца, калі захочаш, — прамовіла Юля.— З нашай вёскі ўжо многа ў людзі павыходзіла: інжынерамі, урачамі, настаўнікамі робяць. Нават адзін паэт ёсць, кнігі выпускае. Я тож, каб больш глядзела на свае здольнасці, не паспяшалася з замужжам, магла б настаўніцай ці яшчэ кім быць.
— У мяне, Юлька, такое... Як табе сказаць... Ты, Юлька, даўняя мая сяброўка, нікому не скажаш, я табе даверуся, хоць у першы вечар я i табе не хацела казаць, — Анька нахілілася да Юлі.— Ты ж ведаеш майго Мішу... Глядзіць ён мяне, адзяе, але дзе дзенешся, калі ён старэйшы за мяне на дваццаць год, вечныя яго камандзіроўкі, работа ад цямна да цямна, нарады, канферэнцыі... Ды такі нейкі ўпарты, адданы, што толькі i бачыць, жыве сваёй работай. А мне яшчэ i трыццаці няма, i я жыць хачу...
«Ну i Анька! — пранеслася ў галаве ў Юлькі.— Не так ужо ў цябе ўсё ёсць, як ты ў першы дзень хвалілася».
— Толькі ж ты, Юлечка, нікому не гавары, а то разнясецца па вёсцы, — убачыўшы разгубленасць Юлькі, сказала Анька, — I ён бачыць стаў, што не люблю я яго.
— Двое ж дзяцей у вас, — паразважаўшы, нясмела сказала Юля.
— Вось дзеці i трымаюць, — прызналася Анька.— Я ўжо на многае рашылася б, але дзеці... Любяць яны яго, i ён без ix не можа. Але з кожным днём мне цяжэй быць з ім, нават глядзець не магу. Прыехаў сёння Коля, убачыліся, пасядзелі — i так растрывожылася я, што можна іначай жыць i лепш. I так сёння палаяла сябе, што не выйшла некалі за Колю, пабаялася, што век электрыкам будзе, прасядзіць жыццё на слупах... А яно вось як выйшла, во якім бокам абярнулася!
— Я думала, што я толькі адна нешчаслівая...— сказала Юлька.
— Мае ў тым i няшчасце, мусіць, што я доўга думала, што я шчаслівая, — сказала Анька, — пакуль жыццё само мне не паказала іншае... А цяпер i не ведаю, як гэты вузел развязаць.
— Не ведаю i я, Анька, што табе сказаць, — прамовіла Юля, — толькі я i раней баялася так, як ты, жыць. Каб яшчэ не мама, дзіця малое, то, можа, па-іншаму было б, а так я пра ix больш думаю, чым пра сябе, тапчуся дзень ля хаты i сапраўды нічога не бачу.
— Думала, супакоюся дома, — сказала Анька.— Супакоілася...
— Складанае жыццё чалавечае, — прамовіла Юля.
— Не складанае яно, — не згадзілася Анька, — гэта мы самі часам блытаем усё, а пасля на жыццё скардзімся.
— Можа быць, — уздыхнула Юля.
— Не можа, a сапраўды ўсё так. Толькі вось нешта прымушае нас рабіць такія крокі.