— Можа, таму гэта бывае, што думаем мы мала.
— Можа, — згадзілася Анька.
Паслухала Аню Юля i ўспомніла свайго мужа: любілі, пажаніліся, добра жылі, пасля выдумаў нехта, што яна здрадзіла яму, загуляла з Толікам, пагарачыўся, не захацеў разабрацца...
I яна ўзгарачылася, не стала апраўдвацца, пакрыўдзілася, што не паверыў, i прыехала да маці.
«I невядома, каго трэба тут вінаваціць. Толькі не жыццё, — падумала Юля.— Усяго ў жыцці мы дабіваемся самі: i добрага i нядобрага...»
10
...Зіма выдалася на дзіва халодная, мяцелістая і снежная; нават у сакавіку, калі праходзіць пара вялікіх заварух, модных, траскучых марозаў, паваліў буйны сыпкі снег, засыпаў, закідаў дарогі. Прапалі набоістыя каляіны, якія выездзілі, дасюль, i снег тут, у лесе, асабліва стаў глыбокі, мяккі. Рабочыя правальваліся па пояс, цягалі па снезе пілы, вымакалі за дзень i не маглі за ноч высушыцца. Часцей сталі бачыць худых ласёў: выгаладваліся, стамляліся поўзаць па такім снезе i часта здаваліся, ляжалі на жыватах, цяжка саплі, пускаючы клубы пары. Стомленых ласёў падпільноўвалі рысі i скакалі проста на шыю. Вось i ўчора знайшлі хлопцы аб'едзенага старога лася...
Генадзь, адчуўшы, як мякка аселі колы, так жа мякка апусцілася машына, зразумеў, што з'ехаў са старой цвёрдай дарогі (ранішні яе след замяло), — ён сполашна крутнуў управа баранку, газануў, але было позна: цяжкі лесавоз раўнуў i ўгруз. Генадзь пагазаваў, пасля пабаяўся, што пасадзіць газоўкаю колы, зарыецца ў снег, збавіў газ i вылез з кабіны. Адразу ўбачыў, што прычэп, нагружаны тоўстай высакаствольнай хвояй, заваліўся на левы бок, левае кола задняга маста было ледзь відаць ca снегу.
«Не маглі пазначыць вешкамі дарогу, — злосна падумаў Генадзь пра брыгадзіра, які не паслаў людзей ці вольнага, «выхаднога» шафера з такою работай, — цяпер усе чэрці на свеце не памогуць выехаць».
Сёння на гэтай трасе Генадзь быў адзін. Тыя разы паспяваў яшчэ ехаць па сваім ледзь прыкметным следзе, ды пад вечар снег пагусцеў, засыпаў дарогу. Іншыя шафёры з яго брыгады тралявалі сёння лес на Лысоўцы, ix перакінулі «рабіць» план: пацяплее, распусціць дарогі — тады доўгі будзе «прывал», пара «курортаў». Яго, як больш сталага, пакінулі тут аднаго.
— Пасядзім, Сцяпанавіч, — сказаў Генадзь, пастукаў нагою па скатах, — але дзела наша знаёмае, шафёрскае.
Ён закурыў, дастаў шуфель і пачаў адкідаць ад колаў снег. Азірнуўся: вакол стаяў высокі лес, не было чаго дробнага ссекчы пад колы. Адкінуўшы снег, Генадзь зноў пачаў газавадь, разгойдваць машыну. Матор натужліва роў, машына падавалася, пасля, як было відаць з кабіны, колы саслізнулі яшчэ лявей, зарыліся, болей нахіліўся прычэп, збіліся, з'ехалі на адзін бок бярвёны.
«Забі цябе гром з яснага неба! — вылаяўся Генадзь.— Газаваць больш не варта».
Ён вылез з кабіны i, правальваючыся ў снезе, абышоў i агледзеў прычэп. Як убачыў, што спаўзлі ўлева тоўстыя бярвёны, стала ясна: ніколі ён сам не выедзе, i не варта болей старацца выскачыць, бо i машыну сапсуе i перакуліцца можа. Трэба ісці, пакуль зусім не замяло ды не звечарэла, у брыгаду i папрасіць Жэньку, каб выцягнуў тралёвачным.
Нечакана ўверсе, на бярвенні, пачуўся кароткі глухаваты трэск. Генадзь, як толькі пачуў яго, адразу зразумеў: ланцуг не вытрымаў бярвёння, што спаўзло ў адзін бок, i парваўся; ён добра ведаў, што будзе за гэтым, — i не стаў азірацца, кінуўся ўцякаць ад прычэпа. Але глыбою снег не даў завіхнуцца, Генадзь паваліўся, i яго ногі тут жа накрыла тоўстымі цяжкімі бярвёнамі, якія падалі з прычэпа, круціліся, каціліся адно па адным.
Ламанула левая нага, моцна, ажно як шылам, кальнула ў галаве; Генадзь ціснуўся ў снег, баяўся, каб не пляснула зараз па галаве. Ён чуў боль у нагах, моцны, нясцерпны, падумаў, што снег глыбокі, пульхны i выратаваў яго. Каб не гэты снег, то яго раздушыла б на блін...
Пасля яму нічога не стала думацца, пацямнела ў вачах, забалела галава, потым ён адчуў, як пячэ ў шчокі снег, растае, — i яму стала лягчэй, тая часіна, калі ён мог страціць прытомнасць, прайшла.
Генадзь накратаў правую нагу i не адчуў яе. Здаецца, яна была цэлая, толькі яе моцна прыціснула, i яна анямела. Спрабаваў тузануць левую — i аж завыў ад болю, заплюшчыў вочы i паваліўся тварам у снег.
Калі апаў гэты вялікі боль, зразумеў, што з левай нагой нядобра: або вывіх, або пералом. Зноў крануўшы правую нагу, адчуў, што яна не баліць, яе толькі ўціснула ў снег, спрабаваў вырваць яе з-пад таўшчэзнага камля — не хапала на гэта сілы.
Генадзь абціснуў локцямі снег, каб ён быў цвярдзейшы, i спрабаваў падняцца, але тут жа зноў апаў долу: забыўшыся, незнарок крануў левую нагу. Асцерагаючыся, ён яшчэ болей абціснуў снег i пачаў аграбаць бліжэйшую да рук правую нагу, каб вылезці з-пад бярвення.