Калі ён усё ж торгаў левай нагой i тая моцна балела, спыняўся, чакаў, пакуль аціхне боль, тады зноў выграбаў з-пад правай нагі снег.
Гула мяцеліца, кідала сухім калючым снегам, які сыпаўся за каўнер, раставаў, апякаючы холадам спіну. Качанела левая рука, якой ён адкідваў снег; ён дасюль нават не думаў, што снег можа быць такім халодным, так паліць ледзяной лютасцю пальцы. Генадзь браў пальцы ў рот, грэў ix, лажыўся на бок i адпачываў, пасля зноў падымаўся, падпіраўся локцем правай рукі i вызваляў нагу, сцінаючы зубамі вусны...
Гудзеў матор, i Генадзь з радасцю падумаў, як добра, што ён не выключыў яго: надвор'е марознае, стылае, а вада не спушчана — магла замерзнуць.
Нарэшце ён выцягнуў з-пад бервяна правую нагу, паварушыўся i сцяўся ад болю: левая балела ўсё больш i больш, i яе вызваліць, падумаў ён, будзе цяжэй. Калі ўцямнеецца, яго павінны схапіцца, павінны здагадацца, што ён недзе забуксаваў, i выехаць на трактары насустрач. Але калі яшчэ гэта будзе; каб былі жонка ці маці, блізкія, яны падумалі б пра яго хутчэй, а суседка яго можа i не папярэдзіць начальства, яна прывыкла, што ён вяртаецца дамоў позна, часамі і зусім не прыходзіць начаваць...
Ён адграбаў снег, дакуль мог сагнуцца; цямнела; мяцеліца, здаецца, суцішвалася, не сыпала снегам; халаднела, i ён адчуў, што памацнеў мароз. Генадзь прылёг на бок i рашыў адпачыць, а заадно i сагрэць руку. Дзьмухаў на яе — нічога не памагала, тады ён прасунуў яе да грудзей, абмяк увесь...
Успомнілася Юля. Ён нават здзівіўся, чаму яна ўспамінаецца яму тады, калі цяжка — калі ў яго непрыемнасці на рабоце, калі яго нехта пакрыўдзіць ці ён каго i яго тады асуджаюць.
«Мусіць, таму ўспамінаецца яна мне ў цяжкую часіну, што ў мяне няма цяпер таго блізкага чалавека, з якім я мог бы дзяліцца ўсім сваім запаветным, патаемным, а яна магла б усё зразумець i падтрымаць».
I ён палаяў сябе, што жыве вось так: мае жонку, дзіця, любіць ix, але набраўся нейкага гонару, самалюбства, а то i ўпартасці, не напіша Юлі, не папросіць вярнуцца.
«Ды не пісаць трэба, — падумаў ён, — трэба з'ездзіць да яе, сустрэцца, пагаварыць... Што скажаш, таго не напішаш, што напішаш, таго не скажаш... Трэба з'ездзіць, абавязкова з'ездзіць...»
I Генадзь, адчуваючы, што сагрэлася рука, падняўся, пачаў адкідаць снег. Ён адчуў, што не трэба было лажыцца, астываць, бо боль цяпер быў мацнейшы, працінаў усё цела.
«З'езджу... Адпрашуся на пару дзён i з'езджу».
...Агні ён убачыў, калі зусім ужо стаміўся, выбіўся з сіл.
«Цяпер будзем жыць, будзем жыць, усіх чарцей перажывём», — радасна падумаў ён i апаў на снег, i апалі ўсе яго сілы, ён не чуў, як да яго падбеглі рабочыя, выцягнулі з-пад бервяна i панеслі да трактара, што стаяў зусім блізка, ціха гудзеў.
11
Генадзю выдалі бюлетэнь, загадалі ляжаць у пасцелі. Ніколі не хварэў ён, ні слаба, ні моцна, а вось цяпер пачуў прыкрае знясіленне, пякучы боль: гарэла нага — яе паламала ля костачкі.
Ён адзінока ляжаў i думаў, як нядобра ўсё выйшла, пасля, як ніколі, адчуў, што бесталкова ён жыве, гоніцца за жураўлямі ў небе. Калі падумаць, не трэба яму гэты леспрамгас, гэтыя вялікія лясы, трасы, грошы; даўно, відаць, варта было пакінуць сваё нікому не патрэбнае кавалерства, глядзець сваю сям'ю ды жыць у згодзе, жыць для некага, не толькі дзеля сябе, i з прыемнасцю бачыць, што для цябе таксама нехта жыве.
Канечне, ад хлопцаў, з якімі столькі гадоў прарабіў, нялёгка будзе адвыкнуць. Зжыўся.
Ён востра цяпер адчуў, як нестае Юлі. Дзе яна, што робіць?
На грошы Юля кваплівая не была: колькі ні бубніў ён пра тысячы, пра машыну, яна не зайздросціла; калі паслухаў чужых плётак, прычапіўся, ударыў аднаго разу, узлавалася i з'ехала. Нядобра, канечне, з ёю выйшла, але не толькі ён вінаваты. Была яна нейкая дзіўная, вельмі ўжо вясковая, жыла па-свойму i хацела яго пасвойму перайначыць, i яна прымусіла ўзлавацца, падняць руку...
...Сябры прынеслі з сабой i павывальвалі на стол два боханы хлеба, кансервы, каўбасу. Самі распрануліся, паскідалі на ложак целагрэйкі. Хлопцы недзе ўжо дагэтуль добра падвыпілі, былі цяпер вясёлыя, добрыя, клапатлівыя.
— Як, стары, твая нага? — спытала Тонька, што таксама прыйшла з хлопцамі; яна расчырванелася ад марозу, гарэла тварам, што жар.
— Нармальна, — незадаволена сказаў Генадзь, паволі i нехаця падняўся з пасцелі, накінуў на плечы-кажух.
— А мы перажываем за цябе, — сказаў Жэнька, адкаркоўваючы пляшкі, Алік рэзаў лустачкамі хлеб, Толік дзёўб нажом кансервы, Тонька чысціла i наразала скрылёчкамі каўбасу.