Выбрать главу

Працадзіла малако, наліла з адстойніка ў кубак, паставіла на стол, астатняе, што было ў бляшанцы, паставіла ў вядро з халоднаю вадою. Бачачы, што сам ён не бярэ есці, змахнула крошкі са стала, абчысціла кілбасу, нарэзала яе скрылікамі на талерку, памыла i падала гуркі, наліла міску булёну.

—Дык за знаёмства... — ён усміхнуўся, садраў зубамі з пляшкі бляшаную галоўку. — Мяне Віцем завуць. Віця Салавей. Голасу добрага не маю, a прозвішча во пявучае... — жартаваў ён i ўвесь час каўтаў у роце сліну, з прагаю пазіраў на ежу.

—А мяне Маняю завуць, пішуць Марыяй, — сказала яна, дастала з куфэрка i паставіла на стол кілішкі.

—Вы мне шклянку дайце, — папрасіў ён. — Не люблю цыркацца гэтымі... — Наліў ёй у кілішак, сабе ў шклянку, астатняе віно паставіў на падаконнік.

—Ну, будзьце здаровыя!

Яна кіўнула яму, крыху пакаштавала i паставіла кілішак на стол.

Еў ён са смакам. Відаць, добра прагаладаўся, з'еў усё, што толькі падала. Павячэраў, падзякаваў i падаўся ў вёску, дзе ўжо чуўся гармонік, — свае цяпер, летняю парою, вечарамі мала граюць, рана кладуцца спаць, — весяліліся, відаць, прыезджыя.

Маня не дачакалася сына i села адна есці, падумала, што трэба пагаманіць, каб не круціўся ля гэтых электрыкаў, не замінаў людзям працаваць. Вымыла пасуду i пачала збірацца спаць, ведаючы, што не хутка засне, пакуль усяго не перабярэ ў памяці, пакуль не паплача i не пагадае, як жыць далей...

2

Назаўтра кватарант падняўся рана, услед за ёю — яна спяшалася адправіць на пашу карову.

Вечарам, калі вярнуўся з работы, зноў хадзіў купацца, сядзеў ля агню i варыў бульбу, пасля, ужо ў хаце, згледзеў, што стаіць некранутае віно.

—Няма каму піць, — прамовіла Маня, сёння ўжо дзеля госця ў новай сукенцы, абутая ў басаножкі, у новай хустцы (у Янковічах усе замужнія кабеты i летам носяць хусткі).

—Гаспадар ваш не бярэ? — здзівіўся ён, пазіраючы на яе не так, як учора, а з нейкім агеньчыкам у вачах.

—Няма ў хаце гаспадара... — чамусьці незадаволеная, што ён так гаворыць, адказала яна.

—Паехаў куды?

—Памёр...

—Так... Вы... — ён развёў рукамі. — Удава, значыць... Маладая ўдава...

—Жыву з хлопцам, — прамовіла яна. — Увосень ужо шосты год будзе...

—Я тож адзінокі... — сказаў ён. — Быў жанаты, меў дачку... — прамовіў i стаў самотны.

Маня не спытала, дзе яго жонка, збаялася вымавіць слова «памерла». Страшнае для яе было гэтае слова... Толькі неяк па-новаму, дабрэй зірнула на яго, паспачувала.

—Праўда, жонка мая жывая, — сам сказаў ён. — Работа мая такая — у паездках... Прытуліў яе другі, лепшае паабяцаў. Кінула... Езджу вось ужо чацвёрты год па свеце, нідзе затрымацца не магу. А хутка ўжо трыццаць з палавінаю, хочацца асесці...

—А дачка ваша дзе? — спытала Маня, шкадуючы госця i яго дзіця.

—Не аддала мне. Судзіўся, але прысудзілі ёй. Яна на месцы, а я вечна ў раз'ездах.

—I ў вас гора... — са спачуваннем прамовіла яна, села на лаўку.

—Спачатку мучыўся, цяпер прывык, ачарсцвеў.

—I я неяк адзервянела, звыклася з удоўскаю доляю — работа ды работа.

—А вы ж, відаць, маладзейшая за мяне? — спытаў ён, зірнуў на яе, гэтак сама са спачуваннем i лагодаю.

—Мне трыццаць тры.

—Сама жыць, а мы ў гэтыя гады...

—Што зробіш, калі так Бог даў, — сказала яна.

—Бог гэты... Да аднаго дык i дужа добры, а да другога ўвесь час спіною...

—Мне дык век не шанцуе... — паскардзілася Маня. — Не хочацца i расказваць...

—Так, бывае... — мармытнуў ён, закурыў i выйшаў на двор, каб дыміць там.

З акна Маня бачыла, як ён сустрэўся ў двары з яе сынам, загаварыў з ім. Сын гэтаксама нешта расказваў, паказваў рукамі, смяяўся.

Пасля кватарант вярнуўся да ганка i падняў лазы, ускінуў ix на плячо. Пайшоў на вуліцу, сын падаўся за ім. Яна, каб лепш бачыць, перайшла хату, прыпала да другога акна, што глядзела на вёску.

Кватарант адзеў на ногі лазы i лёгка, як кот, палез на слуп; сын стаяў i глядзеў разявіўшы рот, так, што ў яе зашчымела сэрца: мужчына мужчынскае любіць...

Салавей злез са слупа, пачаў адзяваць лазы на ногі яе сыну. Яна затрывожылася, пазірала, як сын няўмела, чапляючы лазамі то за свае ногі, то за зямлю, падышоў да слупа, лез на яго i спаўзаў долу. Тады Салавей падперазаў яго сваім поясам, прыхапіў i слуп, падняў малога i рукою прыціснуў лазы да слупа. Сын палез наверх, азіраўся ўніз i смяяўся. Такі ён быў задаволены, шчаслівы.

Калі крыху падняўся, зноў глянуў на зямлю, спыніўся i спалохаўся. Яна затрывожылася, што зваліцца яшчэ ды пакалечыцца. Сын закрычаў. Яна выскачыла з хаты. Але сын ужо стаяў на зямлі. Салавей адвязваў ад яго ног лазы, супакойваў.