Выбрать главу

— Не нам, рабочым людзям, хварэць, — сказала Тонька.— Мы яго хутка падымем на ногі, хутчэй нават за ўрачоў.

Падрыхтаваўшы закусь, хлопцы саставілі крэслы i паселі вакол стала.

Яны паднялі шклянкі, чокнуліся, паглядаючы, падбадзёрваючы адзін аднаго, але не пілі, усе глядзелі на Генадзя. Ён усміхнуўся, асцярожна падняў сваю шклянку, пакруціў яе, паднёс да рота, глытнуў крыху і паставіў на стол.

— Не!

— Так не пойдзе, так за сваё здароўе не п'юць! Нельга сабе зла пакідаць.

— Што з табою, Генік? — здзівілася Тоня, зноў падала Генадзю яго шклянку.— Выпі, Генка, я ж ведаю тваю сілу.

— Ты слаба, Тонька, ведаеш маю сілу, i не тую, — не гледзячы на дзяўчыну, сказаў Генадзь, адвёў яе руку з гарэлкай i кусануў каўбасы. Хлопцы паціснулі плячыма, глянулі адзін на аднаго, выпілі крыху, паставілі шклянкі i таксама пачалі закусваць.

Усе елі моўчкі. Даўно не было ў гэтай дружнай кампаніі такога няёмкага, незразумелага маўчання, даўно так ніхто не думаў доўга, якое ж сказаць слова.

— Паўторым, — азвалася Тонька i даліла ўсім у шклянкі, сабе зноў напалавініла.— За здароўе нашага слаўнага Генкі!

Сказала, адным махам выпіла ўсю гарэлку, толькі крактанула і, выцершы рукавом вусны, скрывілася i панюхала хлеб. Хлопцы выпілі, хто колькі асільваў, глядзелі на Генадзя. Той зноў толькі памачыў у гарэлцы губы i паставіў шклянку на стол.

— Ты што? — абурылася Тонька.— Чаго такі сёння не ў гуморы?

— Я рашыў больш не піць.

— З гэтага вечара, — хіхікнуў Жэнька.

— З гэтага вечара.

— Дык i давай вып'ем за тое, каб ты захаваў сваё нутро, чалавекам стаў, — падала Генадзю шклянку Тонька.

— За гэта я ўжо адпіў, — ён адвёў руку дзяўчыны.

— Во напалохаўся, — засмяялася Тонька.— Колькі ты ні асцерагайся, а пражывеш усё роўна столькі, колькі табе адведзена.

— Трэба нам, хлопцы, крыху разумней жыць, — спакойна сказаў Генадзь.— Робім мы добра, хваляць нас, але пасля работы вольны час свой абы-як праводзім. Я вось думаю, што многа я страціў у жыцці... Страціў добрага, самага чалавечага...

— I многа ты аб гэтым ужо думаў? — спытала Тонька.

— Ды нямала, — сказаў Генадзь.

— I што ты страціў?

— Многае, — прамовіў Генадзь, памаўчаў, нават не глянуў на яе, сам наліў усім i сабе поўныя шклянкі, асцярожна падняў сваю.

— Давайце, хлопцы, вып'ем астатні раз, каб мы болей не ганяліся за гэтым зеллем, нешта другое i лепшае бачылі. Давайце вып'ем, каб шчаслівыя былі, каб людзі ад нас ніколі не плакалі.

Усе выпілі.

— А цяпер, хлопцы, ідзіце. Я хачу пабыць адзін.

Сябры сёння не разумелі Генадзя, якога паважалі; маўчалі, лыпалі вачыма, гадалі, што ён задумаў.

Генадзь праскакаў на адной назе, адчыніў дзверы, i хлопцы высыпалі з хаты; толькі там, на зімовым двары, чуваць было, што яны перагаворваліся, стараліся дайсці да толку.

— Артыст ты, Генка!— усміхнулася Тонька, — Так разыграць сяброў.

Яна засталася, села на Генадзеў ложак, скінула з ног валёнкі.

— Апранайся, Тонька, i ідзі дадому, — сказаў Генадзь.— Не трэба гэта.

— Ты зусім нядобры, Генка, — пакрыўдзілася Тонька, — Я не люблю цябе.

— Тады ты не ведаеш, як можна любіць, — сказаў Генадзь, — а так ты i Аліка любіш, i таго карэспандэнта любіла, што ў лютым прыязджаў да нас...

— Дык хто я, па-твойму? Ну, скажы? — Тонька, расхваляваная, раззлаваная, устала i падышла да яго, — Культурны, не гаворыш. Тады скажы, назаві мне тую, што ўмее любіць.

— Юлька.

— I я цябе люблю, i даўно, — прыхінулася да яго.— Я добра бачу, бабскім сваім сэрцам чую, што ты яе не забыў, хаваеш у памяці, i я чакала таго дня, калі табе гэта ўсё надакучыць i ты захочаш па-іншаму жыць.— Тонька абхапіла яго рукамі.— Я хацела цябе ўсяляк утрымаць — i гарэлкаю, i ўсім... А з другімі нічога не было... Бачыла, што ты мяне не любіш, думаеш пра другую...

— Прабач, Тонька, ты харошая дзяўчына i будзеш шчаслівая.— Генадзь падняў дзяўчыну, глянуў ёй у вочы.— Жонка яна мне, хоць i хачу забыць яе, але не магу. Ды сын у мяне ёсць...

— Не забываецца яна, твая Юля?

— Не.

— А я?

— Ты, Тонька, добрая дзяўчына. Каб я быў халасцяком, то ніколі ад цябе не адмовіўся б. А так...

Тонька глянула на яго, жаласліва сціснула вусны i заплакала: бачыла — любіць ён сваю жонку, не забудзе...

12

— Мама, хадзі сюды, — убег у хату i паклікаў Пецька, — хадзі нешта пакажу.

Юля мыла посуд, паслухала сына i ўсміхнулася: заўсёды нешта заўважыць і выдумае ён, да чаго яна ніколі не дадумалася б. Неба было чыстае, днямі шэрыя, як попел, хмары, што нізка віселі над зямлёю, крануліся i папаўзлі на захад. Каторы ўжо дзень дыхала сакавіцкім цяплом.