— Глянь, мама, — паказаў сын на страху.
Яна паглядзела i ўбачыла зеленаватую гонту, што цяпер была мокрая, цёмная; толькі з краёў, дзе шастаў вецер, выдзімалася, высыхала.
— Ну, што? — здзівілася Юля.
— Ды ты на ваду глядзі, — падказаў сын.
Толькі цяпер Юля ўбачыла, што здзівіла сына: на сярэдзіне страхі, дзе быў раўчучок ад стрэшкі акенца, вада цякла ручайком, звонка лілася на зямлю, а на астатніх месцах страхі збіраліся кроплі, буйнелі, абвісалі i падалі ўніз.
— Бачыла? — спытаў сын.
— Бачыла, — усміхнулася Юля.
— Што вы там угледзелі? — пацікавілася маці, якая не выцерпела i таксама выйшла з хаты.
Юля паказала ёй на кроплі.
— Падзяцінелі: i сталая, i малое, — сказала маці i вярнулася ў хату, дадала адтуль: — Ідзі мый посуд, а то вада астыне.
— Ну, ты паглядзі, — сказала Юля, — а я пайду, бо, чуеш, баба злуецца.
— Мама, я намалюю гэта.
— Намалюй, сынок, хто ж табе не дае, — усміхнулася Юля.— Калі ўбачыў, то намалюй.
Юля зайшла ў хату, узялася дамываць посуд, на душы ў яе было легка. Каб не маці, то i заспявала б.
— Сёння настаўніка вашага спаткала, — сказала Наталля— Затрымаў мяне, паздароўкаўся. Пра цябе распытваўся...
— Кіньце вы, мама.
— Гавару, што чула, — сказала маці.— Кажа: мне лягчэй з вамі гаварыць, як з Юльянай.
— Яму пара ўжо ўнукаў гадаваць, а не...
— Не такі ён ужо стары, — запярэчыла маці.
— Ну i не маладзёнак, — сказала Юля, — лысіна на галаве...
— Добры, кажуць людзі. Не п'е. Кажа: хацеў я з вашай Юльянай пагаварыць, але саромеюся.
— Яшчэ што! — абурылася Юля.
— Прыйдзе вечарам.
— Уцяку з хаты, — сказала Юля.— Не трэба ён мне.
— А я б на тваім месцы, дзеўка, не завіхалася гнаць такога чалавека, — прамовіла Наталля.— Жывеш зіму, а твой табе ніводнага пісьма не прыслаў, значыць, не трэба ты яму. Нядобры ён, я гэта i тады, на вяселлі вашым, бачыла, але што магла сказаць. Сама выбірала...
Юля адказала б нешта, але ля акна мільгануўся чалавек. Яна глянула: Уладзімір Сямёнавіч.
Зайшоў у хату, павітаўся.
Наталля запрасіла яго прысесці, загаварыла з ім пра надвор'е, пра школу, згаджалася, што не хочуць цяпер вучыцца дзеці.
Юля вымыла посуд, выпаласкала яго, з настаўнікам не загаварыла, хацела ўцячы з дому, але пасаромелася.
Пасля Наталля пачаставала госця. Мусіла з ім сесці i Юля, хоць i адмаўлялася выпіць, скардзілася, што баліць галава. Уладзімір Сямёнавіч, відаць, здагадаўся, што Наталля перагаварыла з дачкою i што Юля супроць, каб выйсці за яго.
— Я, Наталля Пятроўна, пайду, мусіць, ужо дадому, — пагаварыўшы ca старою пра вёску, сказаў ён.
— Пасядзіце яшчэ, — гаварыла Наталля.— Ноч вялікая, выспіцеся.
— Ночы вялікія цяпер, але спаць не хочацца, — сказаў Уладзімір Сямёнавіч, паглядаючы на гладка прычасаную, у новай кофце Юлю, якая сумавала цэлы вечар, не піла, не ведала, дзе прыкласці рукі, куды глядзець.
— Пасядзіце яшчэ, — прасіла Наталля.
— Хіба з Юльянай Іванаўнай, — збянтэжыўся госць.
— Выпіце, пагаварыце, — запрашала Наталля, i пажылы, лысаваты Уладзімір Сямёнавіч запалаў, што падлетак, закруціўся на крэсле.
— Гаворка наша, Наталля Пятроўна, адна, — сказаў ён, — сталы я, у мае гады можна ўнукаў ужо мець, a ўсё ніяк не магу прыбіцца да якога берага, нясе мяне вада, кідае... Юльяна Іванаўна тож адна, нудзіцца. Гаруеце вы, гарую я... Трэба, каб вы ўзялі мяне ў сваю хату за гаспадара; вясковую работу я магу рабіць, мальца глядзець буду i вас, старую, не пакрыўджу.
— Дамаўляйцеся вы ўжо з маладою, мне жыць на гэтым свеце мала засталося, — сказала Наталля.— А яна няхай сама глядзіць, як жыць надалей, як хлопца на ногі падняць, — дабавіла, устала, палічыла, што сваё яна сказала, i палезла на печ, дзе, сцішыўшыся, натапырыўшыся, што верабей, сядзеў i назіраў за ўсім унук.
— Давайце сёння, Юльяна Іванаўна, усё рашаць, — саромеючыся, сказаў Уладзімір Сямёнавіч.— Знаёміцца нам не трэба, сябе хваліць тож. Не адзін месяц разам рабілі, ведаемся. Возьмеце — застануся ў вас, адмовіце — з'еду вясною, не магу я так больш. A дзіця глядзець буду, я ж не маладзёнак, што папракаць вас буду, ды сам такі: жанаты быў, не зжыўся з жонкаю, развяліся...
— Я веру вам, Уладзімір Сямёнавіч, — сказала Юля, — толькі вы якую настаўніцу, жанчыну разумнейшую, падбярыце сабе: жыццё наша вядомае, сялянскае... I работа мая такая, кухарская: абы дзецям смачна есці варыць.
— Я i сам вясковец, Юльяна Іванаўна, а вам другая i настаўніца не дакажа ні красою, ні работаю, ні розумам, — гаварыў Уладзімір Сямёнавіч i схіляў галаву. — Дужа вы чалавек добры, разумны, да чужога гора чулая. Добрыя людзі вамі не нахваляцца. Я пражыў ужо нямала, паглядзеў людзей, але такіх, як вы, мала сустракаў. Вам верыш адразу, вам цяжка адмовіць... Вяселля нам, Юльяна Іванаўна, вялікага можна не рабіць, не маладзенькія мы жаніхі, людзей весяліць не збіраемся, а сваякоў блізкіх вашых, настаўнікаў нашых можна паклікаць.