— Паеду, мамачка!
Юля пацалавала сына i пайшла на аўтобус.
14
Суседзі трапіліся негаваркія, маўклівыя: старэнькі сівы дзядок прыхінуўся да сцяны i драмаў, i маладзенькая дзяўчына ўвесь час глядзела ў акно ці чытала.
Юля сядзела i думала; у дарозе, калі няма з кім пагаварыць, хораша i ясна ўспамінаецца, што было ды прайшло, ацэньваецца, якім яно было ці магло быць; таксама цягне памарыць, пагадаць, уявіць сваё жыццё i сябе лепшым, шчаслівейшым.
Юля думала пра Генадзя. Прачытаўшы ліст, яна крыху здзівілася, што ён не забыў яе, i па-жаночы спагадала: як ні злавалася, але не жадала чалавеку гора. Падумала, чаму Генадзь сам не напісаў ёй, не папрасіўся: верыў у сваю ранейшую выдумку ці пасаромеўся? Прасіў знаёмую напісаць ці яна сама даведалася, вышукала неяк яе адрас i напісала? Пасля падумалася, што, можа, ён цяжэй захварэў, чым як піша знаёмая.
...Звялі ix сцежкі неспадзявана, на танцах, як часта цяпер бывае гэта ў маладых. Генадзя, высокага, шырокага ў плячах, Юля бачыла ўпершыню ў клубе.
Анька таго ж вечара пайшла дамоў з сябруком Генадзевым. Юля не падала за хлопцамі, нават баялася ix, помніла перасцярогі маці.
У леспрамгасе многа хлопцаў, i чубатых, i лысых, i «рабацяг», i начальнікаў, спрабавалі загаворваць з ёю, падкочваліся з падарункамі, але, убачыўшы яе асцярогу, нават вясковую дзікаватасць, хутка адыходзілі.
Аднойчы Юлю на роўнай дарозе, як кажуць людзі, спаткала бяда: адною нядзеляю, калі асабліва было сонечна, ярка на дварэ, яна каталася з сяброўкамі на лыжах. Паехала з высокай гары, не ўтрымалася, кульнулася ў снег i вывіхнула руку.
Наверсе смяяліся, аж браліся за бакі. Калі яна, паспрабаваўшы падняцца, войкнула i зноў упала, усе затрывожыліся, пад'ехалі i абступілі яе.
Яна плакала. Генадзь скінуў з яе ног лыжы, узяў Юлю на рукі, панёс у пасёлак. Юля абшчапіла яго за шыю, сцінала зубы i ціха войкала ад болю, нават не саромелася, што яе нясе на руках хлопец, пра якога не зусім добра гавораць у пасёлку, якім страшаць пажылыя кабеты маладых неразважлівых дзяўчат. Яна захвалявалася, разгубілася, калі назаўтра Генадзь прыйшоў праведаць яе, прынёс цукеркі, варэнне.Ён пасядзеў ля яе хвілінку i хутка пайшоў. I Юля пашкадавала, што яна, такая сумная, не зацікавіла яго.
Неспадзявана Генадзь зноў наведаўся, а пасля перастаў хадзіць. Юля чакала яго, i хацела гэтай сустрэчы, i баялася яе. Яна нават баялася падумаць сабе, што нечакана закахалася ў незнаёмага хлопца.
...Помніцца, у той зімовы позні вечар было цёмна, шэрым здавалася поле, асабліва густым i чорным выдаваў лес, i не відаць было, як сыпаў ціхі начны снег; толькі пры святле, што падала з акон, бачылася, як цярусяцца сняжынкі, якія яны белыя i пушыстыя.
— Я сіраціна, — гаварыў Генадзь, — бацькі мяне згубілі ў вайну. Нават не ведаю, ці сапраўды я называюся Генадзем. Колькі ні пісаў ды людзей ні прасіў — так i невядома, адкуль з'явіўся, нібы бусел мяне ў два гады ў Мінск прынёс.
— Дык ты сам з Мінска? — спытала Юля.
— Відаць, — адказаў Генадзь.— Адзінокі во цяпер як пень.
— Затое ёсць сябры, — сказала Юля.
— I ты, — узрадаваўся Генадзь i прыхіліў яе да сябе.
Юля здзіўлялася, гадала, чаму ён такі чалавек: на людзях нахабны, сярдзіты, нават злосны, не можа жыць, каб не абразіць каго, a застаўшыся з ёю адзін, губляецца, саромеецца, загаворвае пра сваіх невядомых бацькоў, сваё няўдалае жыццё.
Тым вечарам яна ўпершышо зайшла на кватэру да Генадзя. Хлопцаў дома не было, паразбягаліся недзе па пасёлку. Юля i Генадзь гулялі ў шашкі, пілі гарачы чай.
Нечакана патухла святло. Стала вельмі цёмна, ціха, здаецца, нават чуваць было, як шаргацеў на двары снег.
Генадзь перасеў да Юлі, абняў яе за плечы. Ёй стала страшна, а Генадзь гладзіў яе валасы, ціснуў сваю шчаку да яе шчакі. Яна адчувала, як штосьці незнаёмае туманіць ёй галаву, i Генадзь, відаць, адчуваў гэта: пачаў моцна цалаваць яе.
— Пусці, Генадзь, — папрасіла яна, але такім ціхім, нязлосным голасам, што ён не звярнуў на гэта ніякай увагі, а можа, i зусім не чуў яе слоў. Юля не магла адштурхнуць яго...
15
Цягнік у Мінск прыбыў своечасова, спазніўся хіба на якія дзве-тры хвіліны.
Юля ўзяла свой чамаданчык i выйшла на перон. Сталіцу яна крыху ведала: прыязджала колькі разоў, ездзіла гасцяваць да цёткі. Цяпер яна выпіла з дарогі шклянку газіроўкі, падалася ў вакзал.
Білет ёй удалося ўзяць хутка. Перакусіла ў буфеце, пахадзіла па гулкіх залах i не магла нідзе знайсці месца, каб прысесці: усё пазаймалі людзі — сядзелі, драмалі ці чыталі газеты.