Выбрать главу

Юля падалася да кніжнага кіёска, каб купіць на дарогу якую кнігу, i ўбачыла знаёмы твар. Прыгледзелася, прыслухалася. Вельмі знаёмым здаўся ёй i голас.

Так, гэта была яе сяброўка, Анька.

Юлі здалося, што Анька таксама згледзела яе ў гэтую хвіліну, але паўглядалася толькі адно імгненне, тут жа адвярнулася, па-ранейшаму гаварыла з нейкай жанчынай.

— Аня! — Юля кранула сяброўку за руку.

Тая хутка павярнулася i так здзіўлялася, што Юля зразумела: Анька заўважыла яе раней, але не хацела сустракацца.

— Ой, Юлька! — прытворна ўзрадавалася Анька, абняла i пацалавала ў шчаку.— Так прыфранцілася, што я цябе не пазнала... Куды ты выбралася?

— Ой, Анечка, — уздыхнула Юля, — гора ў мяне. Вось еду па бядзе.

— Што такое?

— Гена ў бальніцы, — сказала Юля.

— Напісаў усё-такі?

— Знаёмая пісьмо прыслала, напісала, што мучыцца ён без нас даўно, зблажэў зусім...— Юля дастала з сумачкі пісьмо i падала Аньцы.

— Любіць ён цябе, — прачытаўшы, сказала тая, — Паспрачаліся вы, раз'ехаліся, думаў мо: едзь, выжыву i без цябе. Цяпер не вытрываў, ные сэрца, што недзе ёсць сын, ты, вось i перажывае. I ў цябе злосць, відаць, адышла...

— Адышла, — сказала Юля.

— Ты яшчэ ўсё можаш паправіць, — уздыхнула Анька.— Паспрачаліся, пажылі адно без другога i ўбачылі, што вам трэба быць толькі разам.

— Ну, а як ты жывеш, Анька? — спытала Юля.

— I не пытайся...

— Не памірыліся?

— А мы i не злаваліся, не спрачаліся, — сказала Анька.— Мы абое ўбачылі, што ўсё не так, як мы думалі. I мы мучымся, i дзеці сталі прыслухоўвацца. Пазіраюць на нас i здзіўляюцца...

— Ты яго зусім не любіш?

— Я яго, Юлька, н iколi не любіла, — прызналася Анька, — толькі спачатку думала — прывыкну, зжывуся, абы па-чалавечы жыць пачаць...

— Нялёгка табе, — паспачувала сяброўцы Юлька, — як i мне.

— Яшчэ можа i цяжэй. Ты хоць цяпер у штосьці верыш, на нешта спадзяешся...

— Я ніколі i не ганялася за лёгкім шчасцем, — сказала Юлька.— Жыла, верыла, кахала i даражыла гэтым каханнем, таму спадзявалася i цяпер спадзяюся на сваё шчасце.

— А я вось вузялок завязала, самой i развязаць прыйдзецца, — прамовіла Анька.— Ты цягніком паедзеш?

— Цягніком.

— Ну, шчасліва табе, — скупа ўсміхнулася Анька.— Калі любіш, то едзь, не любіш — лепш не ехаць.

— Паеду, — сказала Юля.

— Ну, дай табе бог шчаслівай долі.— Анька прыцягнула Юлю да сябе i пацалавала, хацела яшчэ, мусіць, штосьці пажадаць, але не сказала, адвярнулася; выцерла хустачкай вочы i пайшла ў горад.

Юля выйшла з вакзала i пачала глядзець услед Аньцы. Глядзела i здзіўлялася: Анька, прыгожая, стройная дасюль, шчаслівая, стала нейкая маленькая, згорбілася, i кожны, хто раней ведаў яе, відаць, цяпер здзівіўся б гэтаму.

16

Гарадскую бальніцу Юля знайшла хутка. Распытала, даехала з вакзала аўтобусам i прайшла крыху.

Убачыўшы бальніцу, разгубілася — не ведала, як сустрэцца з Генадзем, што сказаць яму. Ды як ён выглядае, трымаецца цяпер?

Прыпынілася ля варот, удыхнула на поўныя грудзі паветра, пастаралася аддыхацца, супакоіцца, прыдумаць, што сказаць. Тое, што прыходзіла ёй у галаву за дарогу, здавалася цяпер няёмкім, нядобрым, а то i недалікатным.

Юля пастаяла, так i не супакоіўшыся пайшла ў бальніцу. Яна думала, што цяпер на яе глядзяць з усіх акон, але хворыя, урачы хадзілі спакойна па двары i на яе не зважалі.

Юля зайшла ў бальніцу, патапталася. Убачыла маладую прыгожую дзяўчыну, якая сядзела за сталом i пісала,

— Добры дзень! — нясмела павіталася Юля.— Выбачайце, скажыце, як мне ўбачыць Генадзя Матусевіча?

— З якой палаты? — спытала дзяжурная.

— Я здалёку прыехала, не ведаю, — адказала Юля.

— Як прозвішча хворага?

Юля паўтарыла.

— А, ведаю, — ажывілася сястра, палажыла ручку, — гэта шафёр той.

— Скажыце, што з ім? — падалася да яе Юля.

— Не бойцеся, нічога страшнага, — заспакоіла яе дзяўчына, — звычайны пералом нагі.

— А я абы-што думала, — сказала Юля, села i выцерла лоб хустачкаю.— Ну, дзякуй богу, што добра ўсё.

— Вылечым вашага мужа, — прамовіла сястра.— Ваш чалавек сумаваў толькі, што да яго ніхто не прыходзіць.

— Я не ведала...— сказала Юля i апусціла вочы.— Сяброўка толькі на днях напісала...

— Вы хочаце яго пабачыць?

— Хачу, — сказала Юля, адзела белы халат, бальнічныя тапачкі i не сваімі, як драўлянымі, нагамі пайшла ўслед за сястрой...

— Вось, — сказала сястра i піхнула нечакана дзверы. Юля зайшла ў палату, адразу ўбачыла з правага боку пакоя накрытага прасціною чалавека, які ляжаў тварам уніз.