Выбрать главу

— Матусевіч! — паклікала сястра.

Хворы i не варухнуўся.

— Спіць, — сказала дзяўчына.— Вы пасядзіце, адпачніце.

Калі сястра выйшла i зачыніла за сабою дзверы, Юля ўзяла крэсла, ціхенька паставіла яго ля ложка, села.

Генадзь павярнуўся, прасціна спаўзла з яго плячэй, i Юля ўбачыла знаёмы твар, толькі ёй здалося, што на ім з'явілася болей маршчынак. Паўглядаўшыся, яна ўбачыла на яго скронях сівую валасінку.

— Спі, Генка, — прашаптала яна, нахілілася i пацалавала мужа ў скронь.

Генадзь падняў галаву, глянуў на яе. Юля таксама глядзела на Генадзя, але паступова бачыла яго менш i менш: вочы засцілалі слёзы, яна нават сама не ведала, чаго плакала.

— Юля! — выдыхнуў Генадзь.

— Я, Генка, — сказала яна, падалася, i яны модна пацалаваліся.

— Калі ты прыехала?

— Толькі што, — прамовіла Юля.— Прыехала ў Вішнёўку, хата на замку. Сказалі суседкі, што тут ты... Напалохаў ты мяне...

— Адкуль ты ўведала?

— Суседка напісала, — сказала Юля.— Што ты зрабіў з нагою?

— Дрэвам прыціснула ў лесе. Ты адна прыехала?

— Адна. Пашкадавала Пецьку разводдзем цягаць.

— Як ён там?

— Добра. Гуляе з бабаю, а я на работу ў школу хаджу.

— Нядобра ў нас выйшла, — сказаў Генадзь.

— Пецька падрос, поўненькі такі, — Юля дастала з сумачкі здымак i падала мужу.— Усё не можа дачакацца, калі татка прыедзе i веласіпедзік прывязе.— Пасля яна не вытрымала i хліпнула: — Толькі крыўдзяць яго дзеці...

Генадзь узяў здымак, моўчкі глядзеў на свайго сына, і відаць было, як у яго калаціліся рукі. Ён пазіраў доўга, з нейкім добрым замілаваннем.

— Чаму крыўдзяць? — спытаў ён.

— Бязбацькавіч...

— Ляжаў я тут i думаў: папраўлюся, стану хадзіць — паеду да вас, трэба разабрацца... — гаварыў Генадзь, i Юля адчула, што перадумаў шмат за тэты час i ён.— А я ўжо i забыўся, які Пецька... Ляжу, успамінаю i не магу ўбачыць...

— Вялікі. Спрабуе маляваць, — усміхнулася Юля.— Ca мною ў лес ездзіць, пілуе дровы.

— Нашто ты яго мучыш?

— Сам просіцца. Кажа: «Мама, вырасту, падужэю, буду за цябе рабіць, не дазволю крыўдзіць цябе...» — Юля расказвала i расчулена плакала.— Каб не ён, то мне i цяжка было б, а так пагаворым, загуляемся — лягчэе на душы...

— А я адзін быў, — прамовіў Генадзь, i Юлі стала шкода яго, як i сына.

— Ты, Генка, i цяпер верыш таму, што гаварылі пра мяне? — спытала яна.

Генадзь пачырванеў, не ведаў, што сказаць.

— Не было нічога, — сказала Юля. Хваліўся Толя, а людзі паўтаралі яго словы, прыбольшвалі.

— Вінаваты я моцна... Не магу табе ў вочы глядзець...

— Разлюбіў ці другую маеш? — насцярожылася яна.

— Не маю я другой, — сказаў Генадзь, — але што гаварыць. На, пачытай вось, — i ён выхапіў з-пад падушкі ліст i падаў Юлі.

«...Я тож, Гена, надумаўся выязджаць адсюль, — чытала Юля.— Ты, стары, не памыляешся: трэба пачынаць жыць інакш, па-чалавечы. Жыццё даецца нам адзін раз, i трэба яго добра пражыць.

Заехаць развітацца да цябе не магу. Прызнацца, часу хапае, i гадзін колькі пахадзіў ля тваёй бальніцы. Рашыў перадаць гэта пісьмо, не магу асмеліцца сустрэцца з табой. Ты прабач, стары; мы былі добрымі сябрамі, нямала разам папрацавалі, але я не заеду паціснуць табе лапу.

Многа гадоў я быў вялікім дурасліўцам, такім жа, як i ты, я зайздросціў табе i пa зайздрасці адпаліў адну агіднасць. Ты, канечне, помніш, не забыў яшчэ Юлю. Ты хадзіў з ёю, ажаніўся, а я кіпеў, праклінаў цябе, бо яна i мне падабалася. Адбіць яе ў цябе я не мог, дык вось па дурной галаве я рашыў звесці вас. Я наўмысна аднойчы пры выпіўцы, ведаючы твой гарачы характар, тваю помслівасць, нагаварыў пры хлопцах на Юлю...

I на тую сустрэчу яна прыйшла не дзеля мяне, а дзеля цябе; ёй я сказаў, што выклікаеш ты, а цябе я падкалоў: прыходзь, глянь, як буду сустракацца з тваёй «улюблёнай, чэсненькай...»

Юля не стала далей чытаць, успомніла Толіка, рыжага шафера, Генадзевага сябра, які сапраўды спрабаваў, калі яна была ў леспрамгасе, бегаць за ёю.

— Ну, вось i добра, — сказала Юля.— З крыўды я не выскачыла замуж, а ты ведаеш, што я не вінавата, што не падманьвала цябе.

— Думаеш, мне лягчэй ад гэтага? — спытаў Генадзь.

— Я тож добрая была...— сказала Юля.— Не пагаварыла з табою, сабрала манаткі i з'ехала.

— Не варты я цябе, Юля.

— Ты пра сына не думаеш, — папракнула Юля.— Каб думаў, шкадаваў, то не дапусціў бы, каб яго бэнсем называлі. — Юля закусіла вусны, адвярнулася.— Пра мяне тож падумаць не хочаш... Гавару ж табе, знаходзіліся людзі, заступаліся, бралі, а мне так хацелася, каб у дзіцяці родны бацька быў, каб i я, маладая, шчасця паглядзела. А аднаму — сам ведаеш, як жыць...