Выбрать главу

— Прабач, Юля! — Генадзь схапіў яе пасівераныя, паабдзіраныя таркаю, не раз парэзаныя нажом рукі i стаў цалаваць ix, закрыў імі свой твар. I яна ўпершыню ўбачыла, як скупа, але моцна можа плакаць мужчына.

— Ой, я i забылася! — схапілася Юля, узяла сумку i дастала адтуль кольца каўбасы, булку хлеба, агуркі i слоік соку.

Генадзь расчулена ўсміхаўся, выціраў вочы i дзякаваў.

— Спрабуй, сама рабіла, — частавала яго каўбасою Юля.— Мацуйся, каб хутчэй стаў на ногі. Я ў цябе i не спытала, — працягвала яна i складала ў столік прыпасы, — як ты падлез пад тое дрэва?

— Засела машына, нахілілася, я аглядаў яе, а ланцуг ў гэты час не вытрымаў.

— О божа! I ты адзін толькі быў у лесе?

— Адзін, — усміхнуўся Генадзь.

— Мог бы i змерзнуць пад бярвеннем, — сказала Юля, i ёй стала страшна.

— Я сам амаль выбраўся, ды i хлопцы, не дачакаўшыся мяне, выехалі насустрач.

— Дзякуй богу, што ўсё так добра абышлося, — узрадавалася Юля.— Магло i горай быць. Аж страшна падумаць.

— Спачатку дома ляжаў, — расказваў Генадзь, — пасля, калі нядобра ступіў i разбалелася нага, сюды забралі, сказалі ляжаць.

— I сам есці варыў сабе? — здзівілася Юля.

— Надзя карміла. Зварыць дома булёну i мне ў місачцы нясе... Грошы пасля даваў, не ўзяла.

— Надзя — добрая жанчына, — сказала Юля — ведала сваю суседку, — Ну, а я, мусіць, паеду, бо на цягнік спазнюся.

— Куды паедзеш? — спытаў Генадзь i захваляваўся.

— Паеду ў Вішнёўку, пагляджу кватэру, пасля з'езджу да мамы, забяру Пецьку.

— Толькі хутчэй, Юлька, не затрымлівайся, — Генадзь прыцягнуў яе i абняў.— Надакучыла мне аднаму...

— I мне, — прызналася Юля, — i па табе засумавала...

— А я, каб ты ведала...— Генадзь моцна пацалаваў яе i не адпускаў ад сябе.

— Ну, добра, Генка, — прашаптала яна, — я хуценька. Толькі хацелася б маме памагчы бульбу садзіць i дроў навазіць.

— Паздаравею — удваіх тады паедзем.

— Ну, добра, не затрымаюся. На гэтым жа тыдні з сынам у цябе будзем, — абяцала Юля.— Хопіць, набылася адна...

Генадзь аддаў ключы ад кватэры, якую ім летась даў леспрамгас, i Юля выйшла з палаты.

...Разгубленая, радасная, Юля стаяла ў сваёй кватэры, на кухні, у якой не была з восені. Трымала ў руках сумку i не здагадвалася яе пакласці, як не надумалася i сесці, i глядзела на ўсё знаёмае, сваё.

На тым жа месцы, на цвічку ля дзвярэй, вісела яе фуфайка, без аднаго гузіка, з вышмальцаванымі локцямі, ледзь вышэй яе звінеў лічыльнік, на якім ляжала парудзелая разліковая кніжка.

На лаве стаяў посуд; кантэйнер быў адчынены, у ім ляжала булка сухога хлеба.

Юля зайшла ў другую палавіну хаты, убачыла такія ж, як i на кухні, цёмныя фіранкі, запыленую накрыўку на тэлевізары.

На стале стаяў будзільнік i не цікаў, i ад таго ў хаце было так ціха, што яна пачула, як вые ў коміне вецер. Глянула на грубку: каля дзверцаў адскочыла гліна, i часта, відаць, з-за гэтага дыміла — быў цёмны стаяк.

«Што значыць, калі хата пабыла на замку», — падумала Юля, падышла да стала i завяла гадзіннік. Адразу прапала цішыня.

Тады яна адчыніла дзверы, каб праветрылася хата, палажыла сумку, узяла вядро i пайшла па ваду. Пашаравала вядро i некалькі разоў выпаласкала яго. Наліла поўнае вады i прынесла ў хату. На месцы, пад столікам, ляжала i ануча мыць падлогу.

Намачыла венік i спырскала хату. Тады зняла з акон фіранкі, паразбірала пасцелі i пачала выціраць з шафы, плафона, сцен пыл, сабрала i запхнула ў грубку старый газеты.

Успомніла пра свой i Генадзеў партрэты, што віселі ў спальні. Рамка i шкло былі так запылены, што не відаць было твараў. Юля абцерла фартухом — партрэты ажылі, а яна, здаецца, на здымку ўсміхалася; недзе здалёку, з вачэй бачыўся шчаслівы смех.

Пасля яна стала мыць падлогу. Падумала, што трэ было прынесці вады ў чыстым вядры i паставіць грэць — мыць посуд. Пайшла на кухню i не ўбачыла гэтага вядра — можа, узяла суседка, але да яе заходзіць не хацелася. Можна прынесці вады i ў чайніку ці каструлі.

Яна пачала выціраць падлогу, i тая свежа блішчала, ажно можна было глядзецца.

17

Юля зірнула на Генадзя — высокага, у выцертым асеннім паліто, вушанцы — i падумала, якая яна ўсё-такі дзіўная: столькі гаравала, чакала ўсё Генадзя, верыла, што пачнуць добра жыць, адыдзе ўсялякая горыч.

А Генадзь, стомлены дарогай, непаголены, вельмі ўжо смешны ў караткаватых штанах, худы i слабы ад хваробы, спакойна ішоў, углядаўся ў незнаёмыя мясціны, штосьці думаў сваё... I такіх людзей, як ён, звычайных, нечакана падумала яна, відаць, ёсць многа на свеце.