Выбрать главу

—Скруціш галаву, калі такі дападны! — сярдзіта сказала сыну, хоць, мусіць, яе гэтая сярдзітасць была залішне мяккай.

—Нічога, — усміхнуўся Салавей, разумеючы яе. — Спачатку i сталыя вышыні баяцца. Але ўсе хочуць яе. Добра там?

—Ага, — кіўнуў галавою малы, пазіраючы на кватаранта.

—Будзеш электрыкам? — усміхнуўся той.

—Угу.

—Чаго ж галасіў тады? — усміхнулася i Маня, узяла сына за руку i павяла ў хату.

Следам за імі, усміхаючыся, падаўся Салавей.

Гэтым вечарам ён не пайшоў у вёску, рана лёг на канапе i чытаў. Ix раздзяляла тонкая шырма, i яна чула, як ён загарнуў кнігу, патушыў лямпу, уздыхнуў. Яна гэтаксама не спала, думала i пра Сцяпана, i пра свайго кватаранта, i яе аж палохала: пра чужога чалавека думала больш. Разважала, што благая была ў яго жонка: яна, Маня, каб быў у яе добры чалавек, — берагла б яго, калацілася б за ім, як за дзіцем...

«Што ён добрага бачыць? Лазіць па слупах, цягаецца па чужых хатах. Хто пусціць, а хто i не пусціць, каторы добры пачастуе, a другі абы-як. Глядзі ў чужую міску. Але што я пра яго?.. Чужы чалавек...»

...Назаўтра i паслязаўтра кватарант яе не прыйшоў вячэраць i начаваць. Яна ўжо моўчкі бедавала, што не ўтрымаўся i зляцеў ca слупа, пакалечыўся. Перабрацца на другую кватэру не мог: яна глядзела добра — што мела, тое i ставіла на стол, не павінен быў пакрыўдзіцца, ды рэчы яго засталіся, каб пераходзіў, то забраў бы. Яна ўжо хацела схадзіць да Януковых хлопцаў, якія штовечар прыходзілі дадому, спытацца, дзе падзеўся яе Салавей. Нават выйшла ўжо за вароты свайго двара, але вярнулася, паслала спытаць сына i гэтаксама вярнула яго: падумала, што скажуць на гэта людзі...

Варта было папрасіць мужчыну выкасіць дзялянку травы, з'ездзіць з ім у лес ці папрасіць закалоць свінню, як пра гэта ведала ўся веска. Аднойчы нават, калі частавала брыгадзіра, суседку Ядзю злавіла ля акна — стаяла i падцікоўвала... А цяпер во запляліся гутаркі пра яе i Франака...

«Ды, відаць, начуе недзе ў сяброў», — падумала яна i старалася забыцца пра яго, але ноччу не спала, уздрыгвала, калі рыпелі вароты, якія, відаць, матляў вецер...

3

Прыйшоў Салавей праз тры дні, у суботу. Спачатку памыўся ў Януковай лазні, выпіў там з хлопцамі, тады паказаўся ўжо. Ад вячэры адмовіўся, загаворваў, жартаваў з яе сынам, браўся вывучыць яго за электрыка.

—Будзе лазіць па слупах, i ад яго жонка ўцячэ, — пасміхалася Маня.

—Тады не ідзі па маіх слядах, малец, — гаварыў ён, i яна заўважыла: вып'е — смешна плюскае вачамі.

—Лепш вучыся, малец. Скора ў школу?

—Ды сёлета, — сказала Маня.

—I мая скора пойдзе...

—Растуць дзеці, — уздыхнула яна.

—Яны растуць, а мы старэем.

—На гэтым i зямля трымаецца, — сказала Маня. — Некалі i мы маладыя былі.

—Ну, мы яшчэ... — Локаць саслізнуў са стала, i ён боўтнуў галавою ўніз, ледзь не зваліўся з лавы. — Але мне трэба спаць. Калі можна, пасцялі мне, гаспадынька, на сене. У хаце будзе душна, ды яшчэ ты гэтую печ напаліла.

—He паліла б, каб есці не варыць ды свінням траву, — адказала яна, узяла падушку, старую дзяругу i коўдру, падалася з хаты. Хістаючыся, выйшаў i ён.

—Налізаўся я сёння, — не трапляў ісці за ёю. — Ты не спяшайся, а то не бачу, куды ісці.

Яна пачакала яго на цёмным двары, адчыніла гумно i пачала слаць.

—Мала сена, — сказаў ён, убачыўшы нешта ў цемені.

—Ужала на межах, — сказала яна, думаючы, што кожны год мае шмат клопатаў з сенам. Ногі саб'еш, рукі ўварвеш, пакуль яго назбіраеш на зіму.

—Цяжка вам без мужчыны?

—А вам без кабеты легка? — смела спытала яна, паслала пасцель, пастаяла з хвіліну. — Спіце...

—Цяжка, — сказаў ён. — Застанься са мною, — злавіў яе руку, прыцягнуў да сябе: — Надаела мне аднаму. Вера...

—Вось i будзьце з Вераю, — нечакана ўзлавалася яна i вырвала руку.

—Ой! — ён зноў ступіў да яе. — Маня... Мы абое... Ну, не ўцякай.

—Спіце лепш, — з папрокам сказала яна i не спынілася нават: легка пераскочыла цераз загарадку, зачыніла дзверы, узяла ix на кручок.

«Усе яны такія, гэтыя мужчыны, — ішла ў хату i думала. — Вытуру заўтра... Дарэмна спачувала яму: падоўгу, можа, не быў дома, піў, не даваў капейкі, вось i кінула кабета, скінула гора з плячэй, жыць захацела. Крыўдзіцца яшчэ, сам на сябе наракаў бы...»

...Назаўтра ўстала позна: была нядзеля. Спачатку, праўда, паднялася раненька, падаіла, выпусціла на пашу карову i зноў легла. Не спяшаўся ўставаць i кватарант, доўга не выходзіў з гумна.

Злосць за ноч уляглася, але Маня ўсё роўна думала прагнаць яго, ляжала, пасля тапталася ля печы i абдумвала, якімі словамі адчытаць, адвучыць. Папусціся толькі такім...