Выбрать главу

Падняўшыся, прыгатавала сняданак, паставіла на стол, а кватаранта ўсё не было.

—Ідзі ў гумно, скажы, хай ідзе есці, а то галодны дзень будзе, — паслала сына, сама прытаілася ля акна i пачала глядзець, што будзе.

Салавей хутка выйшаў. Ступаў, апусціўшы галаву. Відаць, i не раздзяваўся: касцюм на ім быў скамечаны, у сене. Падышоў да калодзежа, доўга мыўся, відаць, чакаў, што яна выйдзе, падасць ручнік. Але яна не вынесла, стаяла, глядзела на яго i не са злосцю ды з крыўдаю, а крышку з пометаю ўсміхалася. Як убачыла, што прастуе ў хату, кінулася ад акна да печы — нібы адсунуць ад агню чыгунок.

—Здарова! — не бойка, як раней, а з разгубленасцю прывітаўся ён, калі зайшоў i стаў у парозе.

—Здрастуйця, — спакойна i як бы абыякава адказала яна не азірнуўшыся, хоць сама чакала, што будзе далей.

Ён зняў з цвічка ручнік, выцерся, зноў павесіў, сказаў малому:

—Схадзі, дружа, у гарод, паглядзі гуркоў.

Маня хацела затрымаць сына, але пасля падумала, што напраўду лепш пагаварыць без яго. Сын паслухаў, выбег з хаты.

—Маня, — ён падышоў, хацеў, каб яна зірнула на яго. — Ты не злуй... Я-то не апраўдваюся i сёння тое думаю, але ўчора не тымі словамі сказаў...

—Я ўсё разабрала, — зноў спакойна, не пазіраючы, прамовіла яна.

—Не, я не тое... I давай не будзем выкацца, — папрасіў ён, разгубліваючыся, што яна такая спакойная. — Кінулася ты мне ў вока. Добрая ты i спагадлівая... Калі згодзішся, бяры мяне за гаспадара.

Маня азірнулася, цяпер ужо з разгубленасцю глядзела на яго, вінаватага, але, здаецца, не з маною ў вачах, сур'ёзнага. Недзе торгнула i балюча зашчымела жылка, закалацілася сэрца так, як даўно ўжо не трывожылася.

—Гаворыце вы... — толькі вымавіла яна. — Гэта з учарашняга.

—Што я благое гавару? — ён сеў на лаве. — Сёння мне або ісці з тваёй хаты, або застацца... Не думай, што абманшчык, гуляка, што да чаркі вялікі любіцель. Магу жыць i без гэтага... Мы ўсё законна. Тады ўжо...

—Ці тое вы думаеце, што гаворыце? — пажартавала яна, a ў галаве паплылі самыя розныя думкі, i нельга было разабрацца, што з ёю робіцца.

—Toe, — сказаў ён хвалюючыся. — А ты што скажаш?

Яна паціснула плячыма.

—Сам не ведаю, скора мо гэта, не варта спяшацца, — ён устаў. — З другімі не хачу звязвацца, а з табою... Прыпала ты мне да сэрца, — сказаў i выйшаў з хаты. Яна бачыла: пайшоў у вёску.

Прыбег сын i прынёс маленькіх гурочкаў. Здзіўлена паглядзеў на яе: дзе ж дзядзя?

—Скажы мне, сын, не баішся ты дзядзькі Віці? — спытала яна, села, прыхіліла сына да сябе, зірнула яму ў вочы.

Той усміхнуўся, паціскаў плячыма.

—Дык не баішся?

—Не.

—Ну, садзіся есці, — чамусьці павесялела яна.

Самой ёй не хацелася снедаць: натапталася ля печы, нанюхалася стравы — адпаў апетыт. Яна выпіла шклянку малака i пайшла ў другую палавіну, падышла да люстэрка. Убачыла ля вачэй глыбокія маршчынкі, але яшчэ ix было мала. Падумала: трэба не насіць хусткі, не захутвацца: шчокі, нос чырвоныя ад сонца, а лоб зусім белы. Скінула хустку, распусціла валасы. Чорныя, яшчэ без ніводнай сівінкі, доўгія. Пачала расчэсваць. Падумала, што няма калі за работаю i за сабою паглядзець.

«Ды я яшчэ маладая, — узрадавалася яна, павярнулася, убачыла, што яшчэ i статная — грудзі, плечы i ногі як у дзяўчыны. — Так што, можа, недарэмна ліпне Франак, сватаецца во Салавей...»

Маня прыткнулася да халоднага люстэрка лбом i заплюшчыла вочы, пагладзіла сябе рукою па шчоках, падумала, што даўно не ведае ласкі, адчула, як цяжка жыць без яе.

...Салавей сам не пайшоў ад яе, i яна не праганяла. Ранічкаю ўставаў i ішоў на работу, вечарам не затрымліваўся, яшчэ да заходу сонца вяртаўся i стараўся што-небудзь зрабіць ля хаты. Памяняў дрот, паставіў яшчэ некалькі разетак, уключальнікаў, парэзаў з малым, раскалоў круглякі, што ляжалі яшчэ з зімы, на якіх ужо згніла кара, a самі пазарасталі травою.

Больш не сватаўся, як усё роўна i не гаварыў пра гэта ці забыўся. I яна не загаворвала, давала есці, адказвала, калі пра што пытаўся, хадзіла на работу, тапталася пры хаце i чакала, што ж будзе.

Праз тыдзень Салавей застаўся ў вёсцы толькі адзін. Раніцай прыходзіла i забірала яго машына, а вечарам толькі аднаго прывозіла.

Маня ведала, што так доўга цягнуцца не будзе. Трэба адно: браць у прымакі або не браць. Відны мужчына, працавіты, але што скажуць людзі, свякроў? Не пахваліць яна, узлуецца за сына.

4

Свякроў прыйшла сама. Маня якраз вярнулася з саўгаснай работы i капала ў садзе на вячэру бульбу.

—Добрая картофля? — падышла, запытала свякроў i не павіталася.