Я нарэшце пе вытрываў, не збаяўся, што з мяне, такога рабочага, пасмяюцца маладыя языкастыя дзяўчаты — яны падносілі нам з крушняў каменне. Я прыпыніўся, абапёрся грудзінай па калодку i прыбітую да яе зверху круглую невялікую, на паўметра, палку-ручку, за канцы якой я абедзвюма рукамі паднімаў i апускаў дасюль калодку, аддыхваўся, чуючы, як сохне, моршчыцца ад сонечнай гарачыні спіна, як торгае кроў у скронях,
Падышлі дзяўчаты — у выцвілых сініх трыко-штанах i ў кедах, у выпаленых сонцам белых станіках i хустках, — прынеслі перад сабою на апушчаных руках каменне. Здаецца, нават не зірнулі на мяне, прамаўчалі. Відаць, гэтаксама стаміліся. Моўчкі кінулі ля нас каменне i адышліся.
Я павярнуў грудзінай калодку, сам павярнуўся i ca стомаю паглядзеў на прымлелы наш, янкоўскі, лес, на новую, у вёрст пяць, дарогу. Яе мы брукуем ад Дзераўной замест старой, выбоіністай, мясцінамі вельмі пясчанай, сыпкай улетку, мокрай ды гразістай увосень. Глядзеў, бачыў i чуў непадалёку нашу дарожную тэхніку: з бліскучымі вальцамі цяжкія каткі, што поўзалі па дарозе то ўперад, то назад i ўціскалі пясок, за каткамі гудзеў грэйдэр, што адвалам распіхваў кучы пяску, засыпаў яміны, раўняў дарогу, i далёка ўперадзе, ля самага лесу, там, дзе надта пералівалася-мітусілася паветра, кратаўся скрэпер — зразаў грунт на пагорках. Ад мройлівага паветра ні вадзіцеля самага далёкага адсюль скрэпера, Васіля, ні брыгадзіра, дзядзькі Стася — самага сталага чалавека нашай маладой брыгады, — не было відаць, як i зусім не відаць за імі i акоранай сасновай жэрдкі праз усю дарогу. На жэрдцы пасярэдзіне вісіць жоўты трохкутнік з чырвоным абадком, а на трохкутніку намаляваны сагнуты чалавек, што ўпіхвае ў грудку пяску лапату. Такі самы знак стаіць i ля дзераўнянскай павароткі, там, адкуль мы пачалі ўкладаць брук. Яшчэ ў нашай брыгадзе дзве грузавыя машыны, адна з ix, самазвал, возіць пясок з кар'ера, дзе стаіць наш экскаватар, другая дастаўляе з блізкіх i далёкіх палёў каменне.
Самазвал сёння сапсаваўся, стаіць ля Дзераўной, у БМУ, там i шафёр ды экскаватаршчык, рамантуюць яго; грузавік недзе на ніўнянскім полі, ён павінен вось-вось вярнуцца. Як будзе тут i дзяўчаты-грузчыцы скінуць каменне, тады мы пойдзем палуднаваць.
Толькі я, сёлетні выпускнік тутэйшай дзесяцігодкі, самы малады з нашай хлапеча-дзявочай брыгады, куды сабралася моладзь з блізкіх вёсак, падумаў, што трэба перасіліць сваю стому, узяцца зноў трамбаваць, як пачуў сярод назойнага шуму каткоў, грэйдэра і скрэпера далекаватае ціхае, але натужнае вуркатанне грузавіка, — сэрца маё, здаецца, спачатку прымлела, так заціхла, што не стала чуваць яго, а пасля так раптоўна азвалася, як вынырнула аднекуль з глыбіні, што я мусіў прыжмурыцца ад болю. Я адчуў, што разгубіўся i захваляваўся: едзе грузавік, едзе i яна, Вікця, у якую я за гэтыя два тыдні, што працую тут, вельмі закахаўся.
Закахаўся, праўда, не ўпершыню, бо з бояззю, тоячыся ад усіх, кахаў некаторых харошых з твару аднакласніц, але ніколі пра гэта ім не прызнаўся. Цяпер, як мне здавалася, кахаю зусім інакш. Ca сталасцю ды сур'ёзнасцю. Вельмі хачу пра гэта сказаць Вікці, бо вельмі хачу, каб i яна мяне пакахала. Зноў коса пазіраю на Антона: ці не прыкмеціў ён маё хваляванне. Але той, выціраючы аб плечукі спацелы твар, так i не прыпыніўся ні на хвілінку, тоўк i тоўк калодкаю каменне, большыў брук на невялікай бездарожнай лапінцы стаўбцоўска-налібацкага шляху. Ад моцных удараў аб зямлю з яго бярозавай калоды адлушчылася, абвісла i трасецца бела-рудая кара, а на ручцы пасярэдзіне ўсё больш вылазяць наверх цвікі, i ручка пачынае паднімацца-апускацца на ix, замінаць, але Антон, вельмі ядавіты да работы, хоць можна было на хвіліну якую прыпыпіцца i забіць каменем цвікі, не зважаў на гэта, усё трамбаваў.