Грузчыцы паслухаліся яго, намесніка брыгадзіра i вельмі сур'ёзнага хлопца, перасталі скідаць, прыхінуліся да таго борта, што — цяпер добра не змацаваны — перагінаўся i гайдаўся; Фэлік, пасміхаючыся сам сабе, як змаўляючыся, падміргнуў Вікці, падаўся ў кабіну i ад'ехаўся — як ехаў i машыну падтрасала, з кузава па адным падала долу каменне. Прыпыніўся за крокаў дваццаць, i грузчыцы рукамі пачалі ўжо браць i скідаць на дарогу астатняе каменне.
Калі зірнуў на янкоўскі прылесак, я ўбачыў, што сюды пешшу ідуць грэйдэрыст, скрэперыст i брыгадзір. Значыць, пойдзем ужо на полудзень.
Вадзіцелі прыпыніліся ля машыны i пачалі жартаваць з грузчыцамі, брыгадзір, дзядзька Стась — гадоў трыццаці васьмі, высокі лысы мужчына, адзеты ў новыя шэрыя штаны, жоўтую з кароценькімі рукавамі тэніску, у саламяным капелюшы — падышоў да нас з Антонам, зірнуў, колькі i як мы тут зрабілі без яго, пасля зайшоў на ўтрамбаваны намі брук, стаў на край уплясканага ў цвёрды дол каменя i пагойдаўся на адной назе, — але ні камень, ні пясок вакол яго нават не зварушыліся. Раней, як толькі я пачынаў брукаваць, было, што камень кратаўся, i мне прыходзілася вяртацца i перабрукоўваць. Дзядзька Стась патаптаўся яшчэ па некалькіх маіх i адным-двум Антонавых каменнях i ix не зрушыў, але нам нічога не сказаў. Падышоў затым да правага боку дарогі, дзе стаяў я, прысеў i паглядзеў, ці ладна — роўненька па нацягнутым шнуры — клаў я ля ўзбочыны каменне. Доўга пазіраў i зноў маўчаў.
—Хоць трыма вокамі глядзяць, але не крывяць...— вылезшы зноў з кабіны, захіхікаў Фэлік, скінуў майку i пагладзіў сваю дужую, загарэлую да колеру бронзы грудзіну.
Яму ніхто не адказаў; не ведаю, як у каго, a ў мяне паднялася лютая злосць на Фэліка, а пасля, калі ўбачыў, як успыхнуў сарамлівай чырванню Антонаў твар, — i нянавісць.
Дзядзька Стась раптоўна выпрастаўся, з гневам глянуў на Фэліка — i той, як i мы ўсе, вельмі паважаючы строгага, але справядлівага нашага брыгадзіра, зніякавеў, закруціўся, як вінаваты шчанюк. Пастаяў крыху навідавоку i схаваўся за машыну.
—Абед, хлопцы, — чамусьці толькі нам сказаў дзядзька Стась.— Кідай калодку, Антоне. Адпачывайце, падсілкуйцеся. Пасля абеду, Антоне, будзь за старшага, мне трэба падскочыць у Стоўбцы...
Я адразу паваліў долу калодку; Антон гэтаксама прыпыніўся, але не паваліў калодку, a ўзяў з зямлі невялікі камень, забіў на ручцы выпаўзлыя цвікі, абадраў з калоды адлушчаную кару i кінуў яе ў роў. Пасля ён падаўся па ўтрамбаваным намі бруку, туды, дзе мы сёння раніцай пачыналі працаваць, узяў свой i мой пінжакі, нашы сумкі з ежаю, вярнуўся сюды, бліскаючы адным вокам. Быў маўклівы i, здаецца, злосны. Ён першы, а я за ім услед залез у кузаў машыны. Тут у полі, пад сонцам, мы ніколі не палуднуем, пад'язджаем да лесу, садзімся ў бярозавым гайку на густой мяккай мураве.
—Паехалі, дзядзька Стась, — сказаў з віною Фэлік, выйшаўшы з-за машыны, падняў i пачаў зачыняць борт.
—Я пасля...— як i заўсёды, адмовіўся брыгадзір, збіраючыся i сёння есці адзін.— Едзьце ды на хвілін якіх трыццаць i зацягніце полудзень: гэтакая ж гарачыня! Пекла! Лепш вечарам пазней папрацуйце.
Вікця, стоячы ў кузаве, стрэсла з грудзей, са штаноў пыл, паправіла валасы, усміхнулася — i ад гэтай яе ўсмешкі палягчэла, прапала стома, хацелася думаць пра нешта вельмі прыемнае. Але Вікця не засталася з намі: саскочыла долу i падалася да Фэліка ў кабіну. I я праз задратаванае акенца бачу, як яны там сядзяць блізка, плячо ў плячо, усміхаюцца. Ніхто не ведаў, як я цяпер зайздросціў шчасліўцу Фэліку, як шкадаваў, што я яшчэ такі малады, не быў у войску i не вывучыўся за шафера.
Фэлік, увесь час рагочучы з Вікцяю, падвёз нас да бярозавага гайка, прыпыпіўся. Як мы злезлі, развярнуўся i паехаў дамоў. Разам з ім паехала i Вікця.
Паехала Вікця з Фэлікам у кабіне i вечарам...
2
Назаўтра, з самай раніцы, Вікця шапталася, пасміхалася з дзяўчатамі, i тыя, слухаючы яе, заліваліся смехам, часта кідалі насмешлівыя позіркі на Фэліка. Ён быў сумны, злосны, амаль не вылазіў з кабіны. Прывязе грузчыкаў i каменне з поля, сядзіць у кабіне i чакае, пакуль тыя разгрузяць. Калі аднаго разу Вікця паспрабавала сесці побач з ім, дык ён не пусціў: седзячы ў кабіне, трымаў за ручку дзверы i не даваў ix адчыніць.
Антон, бачачы гэта, ляпаў калодкай і, здаецца, пасміхаўся. Павесялеў i я, аднак з трывогаю думаў, якая яна смелая ды хітрая, гэтая Вікця. Як добра ўмее прыблізіць i адштурхнуць!..
У гэты дзень Фэлік не падвёз нас да лесу на полудзень: як толькі ў апошні рэйс згрузілі каменне, развярнуўся i памчаўся дахаты. I мы ўсе гуртам, стомленыя, але вясёлыя, падаліся пешшу. Як i заўсёды, без брыгадзіра.