—Хадзі, міленькі...— ужо як сур'ёзна папрасіла яна i, як убачыла, што сам я не падыду, падышла, узяла мяне за руку i пацягнула да сябе.
Трымаючыся за невялікую, але дужую цёплую яе руку, я запалымнеў ад сораму, не хацеў уставаць: брыдка барукацца з дзяўчынаю! Нібы нікога з хлопцаў я i не падужаю!
—Ды грымні ты яе, малец! — пажартаваў Васіль. Ён не толькі дурэў з Гэлькаю, але i бачыў, чуў, што робіцца вакол.— Хоць адзін з нас пабудзь на ёй, наверсе...
Я не змог выцерпець, што яна так доўга просіць, i падняўся, з сорамам усміхнуўся, затаптаўся на адным месцы, не ведаючы, як узяцца за дзяўчыну, a Вікця хуценька, што я не паспеў міргнуць, прыпала, хапіла мяне пад пахі, сціснула, перагнула ў паясніцы — i я, баючыся паваліцца на спіну, ледзь устаяў на нагах, перагнуўся, замахаў рукамі, хапіўся за яе трыко, пачуў, што з мяне смяюцца. A Вікця моцна ціснула мне барадою ў шыю, а ж скрыгітала зубамі, але сілы яе паволі слабелі, i я, ледзь утрымаўшыся, здолеў крутнуць яе ўбок — i цяпер ужо яна, саслізнуўшы цераз мой клуб, нахілілася, а я выпрастаўся, адчуваючы, што яна амаль вісіць на маіх руках. Каб хлопца, дык я гэтай хвілінай добра ляснуў бы спіною вобземлю, a Вікцю з асцярогаю, але па-дужаму пераціснуў, толькі пачаў шукаць рукою зямлі, каб абаперціся i балюча не ўдарыць, не пабіць ёй спіны. Вікця, моцна перагнутая, не змагла ўтрымацца, упала на спіну, цягнучы мяне за сабою, i я разагнуў калені, каб не прыціспуць яе, упаў, знецойкі моцна націснуў грудзінай яе грудзі, што яна аж зморшчылася. Яна войкнула, аж зяхнула, i я, баючыся, што прыціснуў яе, хацеў хуценька ўскочыць, але яна нечакана абхапіла мяне за шыю рукамі, прыціснула, i я з хваляваннем адчуў пякучы дотык тугіх грудзей, жывата, сцёгнаў — нібы правялі па мне нечым гарачым. Вікця пацалавала ў шчаку, i шчака мая суха запалымнелася. Я з сорамам скаціўся, лёг побач, але не мог яшчэ вызваліць шыю.
—Ты самы лепшы за ўсіх... Я цябе люблю...— зашаптала Вікця, i я паверыў i не паверыў у яе шчырасць, але зусім разгубіўся: вось, вось яно, каханне! — Сёння будуць у нас танцы, прыходзь. Буду танцаваць толькі з табою, вось паглядзіш...
Яна адпусціла рукі — i я мігам адскочыўся, як ад нечага недазволенага, грэшнага, сеў i з сорамам падумаў, што ўсе чулі яе гэтыя словы, усе бачаць на маёй шчацэ след пацалунка.
—Не ўцякай, паляжы ля мяне...— шапнула Вікця, паляпала рукою ля сябе на зямлі.
—Яшчэ адна будзе ахвяра любві...— уздыхнуў Васіль.— Ну i крывапіўка: нават дзіця не пашкадавала! Але глядзіце, людзі, хлапчанё, а як расчырванеўся! Чуе ўжо — халера — бабу... Зашумела маладая кроў...
Вікця міргнула, каб я не зважаў, але пасля такіх Васілёвых слоў я не магу не толькі прылегчы ля яе, але не магу ўвогуле тут быць: мне хочацца праваліцца скрозь зямлю. Але адчуваю, што Вікця мілая, добрая; так смяялася з yciх, бо ўсе залішне смелыя, недалікатныя, а я вось далікатны, i яна адчула гэта. I, можа, не толькі адчула, але i пакахала. Як i я яе. З першага позірку.
Усё ж які добры i мілы гэты наш свет! Як добра жыць у ім!
...На танцах у вялікім «смусаўскім клубе» Вікця — у чорнай кароткай спадніцы, у белай блузцы з маленькімі рукавамі, з пышнай прычоскай — была самая харошая з усіх дзяўчат.
Амаль цэлы вечар яна папраўду танцавала толькі са мною. Сама запрашала на дамскія вальсы, не адпускала, калі канчалі танцаваць, адводзіла мяне ў куток i абы пра што пыталася — я адказваў i добра не ведаў, што гаварыў ці добра гаварыў. Калі зноў пачынаўся танец i хто-небудзь з хлопцаў прыставаў да нас, яна ціснула мяне за локаць — i мы зноў ішлі танцаваць. Ад кружні, хвалявання я ўзмакрэў, ды яшчэ без толку, каб выглядаць больш стала i вабней, адзеў касцюм, кашулю i гальштук. Другім хлопцам, адзетым у штаны i лёгкія тэніскі, было нашмат вальней i лягчэй.
Я i радаваўся, што ўвесь час з Вікцяю, нікому яе, прыгожую, мілую, не аддаю, i трывожыўся, што вось-вось яна кіне мяне на насмешкі: бачыць жа маю таўкачаватасць. Збяжыць да некага другога, больш гаваркога, смелага: вунь колькі хлопцаў пазірае на мяне з зайздрасцю!
Як зайгралі развітальны марш, Вікця ўчапілася за маю руку i прытрымала, каб усе выйшлі. Толькі мы пасля ступілі ў сені-веранду, дзе звычайна перад пачаткам кіно стаіць кантралёр i прадае білеты, як патушылі святло. Я адчуў, што хлопцы, што стаялі тут, пачалі адпіхаць мяне плячамі, наўмысна наступаць мне на ногі — я ўжо, можа, i збянтэжыўся б, а то i збаяўся б тутэйшых задзірлівых кавалераў, аддаў бы ім Вікцю, але яна з рашучасцю расштурхнула ўсіх, вырвала мяне з гурту, выцягнула на цёмны двор i прымусіла пабегчы, мінаючы маладыя пары, што ўжо расцягнуліся ад клуба да дзераўнянскай дарогі.