Выбрать главу

Вікця жыла гэтую пару, што працавала тут, на дарозе, ля БМУ ў прычапным вагончыку на колах: у адной палавіне спалі хлопцы, у другой — дзяўчаты.

—Не пойдзем туды, — прашаптала Вікця, прытулілася да пляча, — чуеш, колькі там стаіць скалазубаў? Будуць ацірацца да раніцы i лезці ў дзверы ды вокны. Я хачу з табой пагуляць...— I яна ўзяла за пальцы маю апушчаную руку, захінула яе сабе за спіну, а пасля прыціснула мае пальцы пад сваёю пахаю, i я, вось так неспадзявана абняўшы яе, адчуў тугую яе спіну, цвёрдую зашчапку ад статна, адчуў такое хваляванне, што мне стала i радасна, i трывожна, што здалося, што цяпер, ноччу, іду не па янкоўска-дзераўнянскай дарозе, a іду па нейкім невядомым казачным каралеўстве, іду з казачнай каралеўнай...

—Вельмі чакаеш выкліку ў інстытут?— мусіць, бачачы, што я разгубіўся, запытала Вікця, як мы павярнулі i пайшлі па блішчастай i ўночы янкоўскай брукавайцы.

— Чакаю, — прызнаўся я, неяк нялёгка вяртаючыся са сваіх мар на гэтую зямлю.

—А я два разы, Чэська, паступала i два разы праваліла...— уздыхнула Вікця.— Летась — у медыцынскі, а сёлета — на завочнае ў педагагічны. Сачыненні спляжылі... Так што не шанцуе ў навуцы. Няздара я, мусіць, нейкая...

Я дасюль не ведаў пра гэта, дык цяпер здзівіўся, што Вікця, меўшы столькі непрыемнасцей, усё ж заўсёды вясёлая, гарэзная.

—Але не трэба больш пра гэта...— як папрасіла яна i мацней прыціснулася да мяне, прыпынілася, зірнула мне ў твар.

Ці мне здалося ў цемені, што твар яе блізіцца, ці, заміраючы, я сам нагнуўся, але хутка нашы насы сустрэліся, размінуліся, i я адчуў яе халаднаватыя вусны. Ад першага ў сваім жыцці пацалунка я аслабеў, асмялеў i абняў яе за плечы, прытуліў, адчуў, як яна блізка i аддана прыціснулася грудзьмі. Адчуў, як пахнуць яе валасы, як мяне ўсяго захлынае нейкае дзіўнае мяккае жапочае цяпло.

—Задушыш...— ціхенька засмяялася яна.— Малады, але гэтакі дужы... Чаго маўчыш? Прызнайся: любіш? Ці не?

Я змаўчаў — не паварочваўся язык вось так ні з таго ні з сяго сказаць: я цябе люблю i вельмі моцна люблю.

—Не бойся, з другіх смяялася, каб яны з мяне не пасміхаліся ды што ўсе такія з доўгімі рукамі...— як угадаўшы мае думкі, сказала Вікця.— З цябе не буду смяяцца. Ты гжэчны, не такі, як усе. Можа, нават i залішне ўжо нейкі далікатны, сарамлівы...

Я прамаўчаў. Але калі праз хвіліну мы зноў пачалі цалавацца, я пачаў шаптаць, што вельмі-вельмі кахаю яе...

...У панядзелак, калі толькі прыйшоў на працу (прыйшоў заспаны, бо i ў нядзелю позна гуляў з Вікцяю), з трывогаю ўбачыў, што Гэлька, Ядзя, Люся пазіраюць на мяне i хіхікаюць, таўкуцца ля Вікці, а яна ім нешта шэпча. У мяне прыпынілася, здаецца, ад страху i крыўды сэрца, не мог дачакацца, калі дзядзька Стась, які даўно ўжо прыехаў ca Стоўбцаў, ад сям'і, ранішнім аўтобусам, скажа: «Ну, пара! Пайшлі на дарогу». Але брыгадзір сядзеў на камені, трымаў на каленях перагнуты вучнёўскі сшытак i нешта пісаў.

—Малы, малы, а як упіўся, што клешч... I гне...— пачуў я, як Вікця шаптала дзяўчатам.— Ледзь абаранілася.

Твар мой раптоўна загарэўся, i яго, мусіць, заліла чырвань: чаму я гэтак паверыў, быў такі шчыры? Дзеля чаго яна i з мяне строіць такія кепікі? Чаму яна такая?

I Вікця, i дзяўчаты зарагаталі — аж узняў галаву i ca здзіўленнем зірнуў на ix сур'ёзны дзядзька Стась, усміхнуўся. Я ж, здаецца, зненавідзеў у гэтую хвіліну Вікцю. Любіў i ненавідзеў...

3

Пайшоў на схіл жнівень.

За гэтую пару мы яшчэ далей выбрукавалі дарогу, а я атрымаў вельмі чаканы выклік у інстытут на вучобу.

Усе мяне, шчаслівага, павішнавалі з гэтым. Толькі адна Вікця, здаецца, пасумнела пасля гэтай весткі. Але я ўжо, як i Антон, не зважаў на яе, як i не чуў ды не бачыў, што яна робіць.

У апошні дзень маёй працы на дарозе дзядзька Стась прывёз мне пад вечар са Стоўбцаў плату, прэмію. Я думаў, як толькі распісаўся ў ведамасці i паклаў у кішэню грошы, развітацца з усімі i пайсці дадому, але хлопцы так мяне не адпусцілі.

Калі звечарэла, мы гуртам падаліся ў аблюбаваны лясок, паселі, разлажылі перад сабою пачастункі.

—Ну, вучыся добра, Чэсь, — першы сказаў тост дзядзька Стась, — А вучыцца будзеш: маеш старанне, цярплівы, цягавіты. А дарогу мы ўжо давядзём да ладу, будзеш некалі ездзіць па ёй дадому са студэнцкім чамаданчыкам па сала, дык успомні i нас, i нашу работу тут.

Пасля гаварылі амаль усе, жадалі мне добра вучыцца. Дзядзька Стась, як i ўсе, падпіў, развесяліўся, пачаў спяваць песні: да яго падсела Вікця, прымушала яго дапіваць, «не пакідаць зла». Яна з ім выпіла i на брудэршафт. I, як мне здавалася, сёння, каб захацела, магла i яго прымусіць заляцацца да яе: мела такую ўладу. Уладу красы.