—Дзе ты i як цяпер жывеш, непераможаная красуня? — запытаў я, не зважаючы на яе астатнія словы.
—Дзе?— паківала яна галавою.— Нa зямлі... I даўно пераможаная ўжо. Я тады, як ты пайшоў ад нас, зноў рабіла на дарозе, ля Стоўбцаў. Ой, колькі я таго камення папацягала! Яшчэ крыху быў дур у галаве, яшчэ кепікі строіла. I дажартавалася: наляцела на прыезджага шафера, i ён перажартаваў... Пасля не смяялася, а плакала, каб узяў...— яна нікога не саромелася, расказвала голасна, рэплікамі адказвала пакупнікам, колькі каштуе яе гародніна, злавалася, калі тыя нядобра гаварылі пра яе гуркі.— Жывём пад Мінскам на яго радзіме. Ён шаферам робіць, я на птушкаферме. Трое дзяцей гадуем, дом свой, гарод, соткі маю. А ты?
—Думаеш, я да трыццаці ўсё яшчэ хаджу халасты?— усміхнуўся я.— Ці так i не здолеў перамагчы якой красуні?
—Ну, не...— зачырванелася яна.— Дзяўчат жа хапае... Ды цяпер гэтулькі многа пекненькіх дзяўчат. Каб i я разумнейшая некалі была, дык цяпер магла б быць жонкай такога важнага чалавека, у горадзе — пры газе, цёплай вадзе — жыла б... Але папікаю сябе i не папікаю: ты ж маладзейшы ды вучаны... Агледзеўся б некалі, мог бы яшчэ i не ўзяць. А са сваім мы абое рабое...
Я гэтаксама ўсміхнуўся: што было б, каб гэтая вось Вікця была маёй жонкай. I, можа, зусім іншае жыццё было б. А якое — цяжка i сказаць.
—Пэўне, бабы надта любяць: ладны ж?.. З такім i не грэх паўлюбляцца...
—У мяне i жонка ладная, дзеці харошыя, — адказаў я.
—Ведаеш...— ціха прашаптала яна, — каб зноў выпала калі з табою падужацца, дык, далібог, сама павалілася б... Было не было...— i гарэзна бліснула маладым бляскам у вачах.— Пастарэла, растраціла малады агонь на дзеці, але не ўвесь яшчэ дур з галавы выйшаў... Помніш, якая я тады была? Дык i цяпер пачці гэтакая...
—Калі ўжо тое было! — махнуў я рукою, падумаў, колькі за гэтую пару было ўжо чаго новага i вартнейшага.— Ды i дзяцінства было!
—Ну, чаму дзяцінства?— не згадзілася яна, — Маладосць была. Самыя лепшыя нашы гады, можа... Цяпер мы інакш жывём, надта пра ўсё думаем, а тады іначай жылі... Вось жывеш-жывеш — возьме ды ўспомніцца, заные душа, захочацца нечага лепшага...
—Гэта праўда, — усміхнуўся я.— Напраўду не раз хочацца нечага інакшага.
—Мне — хоць бы тваё...— сказала Вікця, а пасля як спахапілася: — Занясі сваім гурочкаў...— узяла абедзвюма рукамі з кошыка гуркоў, запатрабавала, каб я разгортваў i падстаўляў сетку.— Нарасло процьму, дык вот i прадаць рашыла, капейку на што сабраць. Не крыўдзі...— нахмурылася, калі я загаварыў пра плату.— Ешце на здароўе... А сам прыедзь калі ў нашу Сенніцу, саўгас наш добры, багаты — i напішаш нешта, i па радыё сваім зможаш сказаць добрае пра нас. Сазановіч цяпер я, на птушкаферме працую... Тады яшчэ болей пагаворым...
— Паглядзім...— падзякаваўшы, усміхнуўся я, развітаўся i адышоўся.
Калі пасля азірнуўся, дык убачыў, што Вікця не кліча да сябе пакупнікоў, a стаіць i з нейкаю журбою пазірае мне ўслед.
1976
СТРАТА
1
Як цяпер, помню: Бокуці прыехалі ў нашу вёску ўвосень. У разлагоджаную, ціхую i сонечную часіну — у самае красаванне бабінага лета.
Казалі, дагэтуль Бокуць-бацька працаваў у горадзе, быў на добрай пасадзе, але сам папрасіў, каб яго назначылі дырэктарам нашага саўгаса. Разам з ім заявіліся яго жонка i двое дзяцей, хлопчык i дзяўчынка.
Дзяўчынка, Валя, была яшчэ маленькая, мела ці не тры гады, а хлопчык, Міця, быў мой аднагодак, як i я, пяцікласнік.
Міця адразу выдзеліўся сярод янкавінскіх падлеткаў. Ужо нават тады, калі выходзіў з таксі, шпацыраваў з маці ды з сястрою па вёсцы альбо калі ішоў першы раз у школу. На дварэ шчадрыўся яшчэ пышным цяплом верасень, мы, янкавінскія дзеці, былі яшчэ ў касцюмчыках, a Міця апрануў ужо руды плашчык, начапіў на шыю шалік адпаведнага колеру, на галаву — карычневую кепачку з чорным гузікам наверсе, нёс у руцэ не ранец, як насілі мы, a пакоўны чорны скураны партфель з металічнаю акоўкаю на рагах. I яшчэ Міця быў у акулярах, надзвычай белы; амаль усе гараджане, што прыязджалі да нас, мелі не чырвань ці ружовасць, як мы, вясковыя, але такой белізны на твары дасюль мы не бачылі ні ў кога.
Адмысловае адзенне, партфель, акуляры рабілі Міцю сур'ёзным, разумным i сталым — ледзь не маларослым дзядком. Усе ў вёсцы, хто спатыкаў яго на вуліцы, здзіўляліся, азіраліся не то з усмешкаю, не то з пачцівасцю на такога незвычайнага вучня, які ішоў у школу не адзін, a з маці, трымаючы яе пад руку. Кабета таксама мела на сабе адмысловыя, гарадскія, уборы — светлы плашч, жоўтую касынку на шыі, жоўтыя туфлі. На галаве ў яе красавалася прыгожая завіўка.