Выбрать главу

Міця з маці спачатку зайшлі ў настаўніцкую, а пасля ўжо наша класная кіраўніца прывяла навічка ў пяты «А». Як i заўсёды перад пачаткам урока, мы бегалі, штурхаліся, гаманілі, але пры Ірыне Вітальеўне i навічку пацішэлі, бачачы, што дырэктараў сын будзе вучыцца якраз у нашым класе: сын ранейшага дырэктара саўгаса, ганарлівец Артур, таксама вучыўся разам з намі i нямала папсаваў нам ды настаўнікам крыві. Які ж будзе гэты навічок, як ён пачне паводзіцца? Я здзівіўся, можа, больш за ўсіх: класная сказала, што Міця Бокуць будзе сядзець са мною на першай парце (мяне пасадзілі тут як летуценнага, не зусім уважлівага вучня, каб я заўсёды быў на вачах i каб пастаўнікі ў любую часіну маглі перапыняць мае мары-мроі ды вяртаць да рэчаіснасці).

Калі пачаўся ўрок, я адчуў нейкую нядобрую насцярожанасць. Міця не толькі не загаворваў, але i зусім не зважаў на мяне; паклаўшы, як першакласнік, рукі на парту, выпрамлена сядзеў i не зводзіў вачэй з маладой настаўніцы беларускай літаратуры. Ці ён задзіраў па прыкладу свайго папярэдніка нос (усё ж гараджанін, дырэктараў сын, вунь адзін з усяго класа мае на руцэ гадзіннік!), ці хітраваў, ці на самай справе быў сур'ёзны, глыбакадумны. Я час ад часу скасавурваў на яго вока, але ён па-ранейшаму быў непарушны, толькі, бадай, яшчэ болей ненатуральна белы, нібы не меў у сваіх жылах ні кроплі крыві.

Калі настаўніца задала нялёгкае, нават цяжкае для ўсяго класа пытанне, дык сярод нас не шмат знайшлося ахвотнікаў адказаць. Але Міця падняў руку, здаецца, не задумваючыся.

— Калі ласка, новенькі, адкажы, — усміхнулася настаўніца.

Ён устаў i, хвалюючыся, пачаў гаварыць. Гаварыў ціха, але абдумана, ясна i, галоўнае, як мне здалося, вельмі глыбока, нібы настаўнік. Я з нейкаю нават трывогаю адчуў: не, я так добра не адказаў бы, хоць быў, як казалі, «харошы» вучань. I Янка, наш круглы выдатнік, бадай, таго не ведае.

—Ды ты выдатна ведаеш тэорыю літаратуры, паэтычныя памеры! — усклікнула ўражаная маладая настаўніца.— Звычайна вучні гэта знаюць слаба.

— Я i сам пішу вершы...— прызнаўся, сумеўшыся, Міця. Іншы вучань, канечне, у такую хвіліну ўспыхнуў бы чырванню, як паспелы памідор, а колер Міцевага твару амаль не змяніўся; толькі сям-там на шчоках заружовіліся тоненькія жылачкі.

—Дык ты, можа, прачытаеш тое-сёе сваё зараз? — напрасіла настаўніца.

—Не, — збянтэжыўся той.— Я пасля... Сшытак свой пакажу... Я якраз пішу па-беларуску...

—Малайчына! — пахваліла здзіўленая настаўніца.— Я з задавальненнем пачытаю твае вершы.

Пасля гэтых слоў у мяне, сказаць шчыра, аж сціснулася, замерла сэрца: вунь яно што! Міця — паэт! Вось чаму, мусіць, ён носіць акуляры, плашч, кепку, партфель! Паэт, відаць, не як усе — незвычайны. Ва ўсім. Міця, хоць i падлетак яшчэ, ужо таксама незвычайны. Можа, i таму, што гарадскі, больш i лепш нешта ведае. I я ад Міцевай перавагі востра адчуў сваю мізэрнасць. Я не маю такога гарадскога адзення, абутку, не ўмею так прыгожа гаварыць, хоць таксама пішу вершы, тое-сёе з ix надрукавалі ўжо ў школьнай насценнай газеце, але цяпер, можа, гэты новенькі адным якім вершам заслоніць мяне. Бадай, грэх — зайздросціць вельмі заўзята ці мець да шчасліўца непрыязь, але не так i лёгка адолець свае ўзбуджаныя пачуцці. Як я ні затаіўся, але, мусіць, настаўніца заўважыла маю рэўнасць, мае пакуты, бо неяк нязвыкла ўсміхнулася, паківала галавою.

Тут жа, калі Міця пераможна, як герой, сеў, здарылася на першы погляд непрадбачанае, а на самай справе звычайнае для нашага класа i, можа, для ўсіх вучняў нашага ўзросту: нехта з задніх парт запусціў у Міцю кавалачак гліны. Камячок уцэліў Міцю ў вуха; ён уздрыгнуў, але не падхапіўся, не азірнуўся, a ўціснуў галаву ў плечы. Я аж пазлараднічаў: так табе, выхваляка, i трэба! Ведай, што ганарыцца вельмі не варта! Яшчэ праз хвіліну я заўважыў, што па яго белай шчацэ пакацілася буйная слязіна. Значыць, здагадаўся я, гэты навічок — не ганарлівец ды задзірака, як сын ранейшага дырэктара саўгаса, а цяльпук. Як i наш аднакласнік Антон, які таксама не ўмее абараніцца, плача, калі яго хто-небудзь пакрыўдзіць.

Настаўніца заўважыла i кінуты камячок, i Міцевы слёзы.

—Хто зняважыў навічка? — ціха, але строга, спахмурнела запытала яна, здаецца, найбольш пазіраючы туды, дзе на апошняй парце на нашым радзе сядзеў пераростак Віця Шпак.— Ты, Віця?

—He, — загуў той.— Чаму гэта ўсё я ды я вінаваты, калі што якое?!

—Нельга так, дзеці, — сказала настаўніца.— Трэба не засмучацца, а радавацца, што ў наш клас прыбыў добры вучань, выдатнік. Ад гэтага ўсім нам будзе толькі карысць.