Прамовіла i пільна зірнула мне ў вочы. Я не вытрываў яе красамоўнага позірку, апусціў галаву i густа пачырванеў: раптоўна мне стала горача ў шчокі.
2
У вольны час мы любілі гуляць у футбол. Любілі — нават не тое слова; лепш сказаць, мы самаахвярна, адрынута ад іншых захапленняў i ўцех ганялі мяч, адчуваючы велізарную страсць у гульні, забітых галах, у перамозе, а таксама адчуваючы моцную горасць ад прапушчаных галоў i прыкрых паражэнняў.
Нашы бацькі часта наракалі на такую нашу заўзятую захопленасць, бо мы хутка збівалі свой абутак, дралі адзенне, бывала, i скалечваліся, пераставалі быць памочнікамі пры доме — а, як усе ведаюць, работы па гаспадарцы ў вёсцы вельмі шмат, бацькі самі ўсяго перарабіць не могуць. Для нашых бацькоў было, канечне, мала толку ад таго, што мы дацямна бегалі па футбольным полі, галёкалі, перажываючы то горыч, то прыемнае ўзрушэнне, але для нас, кажу, у гульні была вялікая радасць: мы не толькі загартоўваліся, але i добра навучваліся гуляць у футбол, усё часцей i часцей абыгрывалі футбольныя каманды з суседніх вёсак.
Вось i тады, неўзабаве пасля школы, да мяне зайшлі мае сябры Янка, Віця. Мы зашылі ў мячы дзірку (ні суравыя ніткі, ні дратва не вытрымлівалі нашых бязлітасных удараў па сухім ці мокрым мячы, ірваліся), напампавалі паветра i рушылі на футбольнае поле.
У Засценку я заўважыў у садзе Міцю.
Бокуці пачалі жыць у хаце нашага чалавека, які на час аддаў саўгасу сваю гаспадарку i паехаў з сям'ёю на цаліну. У ранейшага гаспадара быў вялікі сад, дык вось цяпер на зялёнай атаве на поплаўчыку пад ачахла зеленаватаю яблыняю антонаўкаю, пад якой ляжала нямала апалых яблыкаў, i быў Міця. У кепачцы, у плашчыку, ён сядзеў на нейкім дзіўным, здаецца, сплеценым ці то з карэнняў, ці то з дубцоў крэсле, гайдаўся ўперад-назад, трымаючы на каленях загорнутую кнігу. Вочы яго былі заплюшчаныя, твар задуменны — ён шчодра быў асветлены ўжо нізкаватым, крыху жоўтым, блеклым, але ўсё яшчэ лагодным сонцам. Увесь зялёна-рудаваты сад быў азалочаны мяккім, пяшчотным i ў той жа час развітальным сумнаватым святлом. Восеньскія жаўтавата-рудыя ці чырвоныя мазкі на лісцях, на траве, а таксама паніжэлае, засмяглае неба, астылае сонца, лёгкае белае павуцінне ў паветры, апусцелыя палі — усё гэта выклікае ў душы харошую журботу. Міця, відаць, у гэтыя хвіліны якраз i быў у палоне нейкай узнёсласці ці занепакоенай задумлівасці.
Янка i Віця зірнулі на яго з вясёлым здзіўленнем; я душою адчуваў, што Міцю цяпер няможна непакоіць, але палічыў, што, можа, будзе лепш, калі паклікаць Міцю ісці разам з намі. Усё ж ён наш аднакласнік.
— Міця! — бадай забыўшыея пра сваю нядаўнюю рэўнасць, а таксама збянтэжанне, паклікаў я. Дзеці, як усе ведаюць, даволі хутка забываюць свае гаркоты, пакуты i слёзы, хутчэй, чым дарослыя, становяцца жыццярадасныя.
Міця ўздрыгнуў. Адплюшчыў вочы, учапіўся за ствол яблыні i запыніў крэсла. Хоць i быў на дварэ, але ўсё роўна твар, рукі яго бялеліся, быццам злепленыя са снегу.
—Хадзем з намі гуляць у футбол, — запрасіў я.
—Дзякую, — падняўся, прамовіў Міця.— Я яшчэ не ўсе вывучыў урокі.
—Ды нічога ж цяжкага не задалі, — сказаў я.— Усё лёгкае.
—Усё, самае i лёгкае, трэба вывучыць, зразумець вельмі ясна, — без крыўды, але па-сталаму сур'ёзна адказаў той.— Вывучыш, зразумееш — навучышся думаць, разважаць, усё будзеш схопліваць на хаду. Мозг свой трэба трэніраваць змалку.
—Ад вялікага розуму галава баліць...— уставіў слова пераростак (пяцікласнік-другагоднік) Віця, як кажуць настаўнікі, «заядлы абібок, вораг навукі».
Міця на гэты жарт нічога не адказаў, нібы i не пазважаў — як сталы ўжо чалавек.
—Хадзем, — зноў наклікаў я.— Калі не хочаш быць абаронцам ці нападаючым, дык можаш стаць варатаром. У нас якраз няма яго.
—Я не ўмею гуляць у футбол, — нечакана прызнаўся Міця i, здаецца, нават крыху збянтэжыўся. Можа, i за тое, што яго могуць палічыць за нейкага хліпака, а не за мужчыну.— А па-другое, мне няможна бегаць, цяжка падымаць. У мяне лейкоз...
Я, канечне, як i мае сябры, не зразумеў, што такое лейкоз, але чамусьці ўсцешыўся, што не ўсё здольвае i ўмее наш навічок-выдатнік. Вось, бачыце, у такую прыгожую i захапляльную гульню, як футбол, гуляць не можа. A сапраўды, які гэта ты хлопец, мужчына, калі не ўмееш гуляць у футбол?
—Дык, можа, пабудзь у нас за суддзю...— паблажліва прамовіў я.
—Дзякую, — зноў пачціва адмовіўся Міця.— Я не ўмею i судзіць, бо не знаю правілаў. Гуляйце без мяне. Я яшчэ крыху пасяджу ды пайду ў хату.