Выбрать главу

—Беленькі... Смятаннік! — як мы адышліся, пакпіў Віця.— Сынок-пястунчык...

Я адчуваў, што Віця залішне зласлівы, але не заступіўся за Міцю. Бо не думаў асабліва пра гэта: усе думы былі пра футбол. Але нейкі гаркаваты след на душы застаўся.

Увечар, калі я, стомлены, вярнуўся дадому, дык якраз маці i бацька гаварылі ў хаце пра прыезджага дырэктара саўгаса.

—Надта ж белы ix хлопец, — пахітала галавою маці.— Мусіць, надта хворы ён.

—Кажуць, белакроўе ў яго, — адказаў бацька.— Не жылец ён на гэтым свеце. Рана-позна памрэ.

—Божа мой, божа! — забедавала спагадная маці.— Такі ж маладзенькі, ветлівы і, як кажуць, разумны, сталы, a гэтакі нешчаслівы... Вот гора дык гора для бацькоў...

Чуючы гэта, я, канечне, не ўсё разумеў, не так глыбока адчуваў Міцева i яго бацькоў няшчасце, як адчувалі мае маці i бацька, але i дзіцячым сэрцам усвядоміў: не буду злы, няшчыры ці помслівы да Miці. Нейкая незразумелая мне самому пяшчота да хворага навічка агарнула маю душу, здаецца, напоўніла яе нечым новым, больш змястоўным.

3

На ўроку матэматыкі, калі мы рашалі задачу, Міця нечакана нахіліўся да мяне.

—Давай, Стась, выйдзем на двор, — ціха прашаптаў ён.— Мне блажыць.

Падняўшы галаву, я ўбачыў: твар яго не толькі звыкла белы, але цяпер яшчэ i стомлена-спакутаваны, з нейкім ценем цяжкога болю ды страху.

Мы папрасіліся ў настаўніка i падаліся з класа.

—Калі я ўпаду раптам, дык ты не бойся, — сказаў ён.— У мяне часта кружыцца галава, бывае млосць, а то нават ідзе з носа кроў. Здараецца, зусім трачу прытомнасць.

Гэтая сталая гаворка пра страшныя выпадкі напалохала мяне, i я аж разгубіўся. Бадай, упершыню сваім яшчэ дзіцячым сэрцам адчуў тое, пра што раней, бадай, i не думаў, a калі i думаў, дык з не такім усведамленнем, — пра смерць. Адчуў яе пагрозны подых. У мяне аж сціснулася душа: сапраўды, як кажуць мае бацькі, чаму Міця, шчыры, далікатны, разумны хлопец, такі нешчаслівы? Адкуль, навошта прычапілася да яго такая страшная хвароба? Чаму яна ўвогуле ёсць? Я задаваў сабе гэтыя i іншыя пытанні, канечне, не знаходзіў на ix адказ, i гэта вельмі прыгнятала мяне. Здавалася, каб сказалі, што для Міцевага вылячэння трэба нешта аддаць — руку, нагу, вока, — дык я аддаў бы не задумваючыся. Я адчуў вялікі, небывалы дагэтуль прыліў спагады i шкадавання.

На дварэ, сонечным, але ветраным i пасцюдзянелым ужо, Міця запыніўся, прытуліўся да сцяны. Ногі i рукі яго трымцелі i, канечне, не ад холаду.

—Можа, на свежым паветры палягчэе, — прамовіў ён.— Можа, не самлею.

—А можа, я скажу настаўнікам, што табе блага? — запытаў я з трывогаю.— Няхай яны выклічуць па тэлефоне ўрача з Дзераўной.

—Не, не трэба, — адказаў ён.— Ніякі ўрач, нават прафесар ці акадэмік, мне надта не паможа. Я ў «Медицинском справочнике» вычытаў, што мая хвароба невылечная. Ніхто яшчэ не ведае, адкуль i чаму яна бывае, як яе лячыць...— дрыготкаю рукою дастаў з кішэні пінжака два невялікія пачкі з надпісамі на незразумелай мне мове, адчыніў ix i ўзяў з кожнага ў рот па адной белай таблетцы.— А па-другое, ніхто не павінен ведаць, што я такі хворы... З-за гэтага мы нават пераехалі сюды... Таму я папрашу цябе: не гавары, калі ласка, нікому, што ты пачуў i ўбачыў. Я цябе паклікаў, бо думаў: упаду, як падаў ужо. Ды я табе веру...

Я падакляраваў, што буду маўчаць, не расказваць Міцевай тайны, хоць яна ўжо не была тайнай для нашай вёскі. Нехта быў у горадзе, неяк уведаў усё пра Бокуцяў i расказаў янкавінцам пра страшную Міцеву хваробу.

Неўзабаве, калі Міцю палягчэла, мы вярнуліся ў клас. Я з той часіны глыбока ў душы пачаў насіць Міцеў цяжкі сакрэт.

4

Мінула пагодная, a пасля i дажджлівая восень, насталі сіберныя халады.

Міця скончыў першую чвэрць лепш за нас усіх — толькі на «моцныя», як казалі, пяцёркі, пахадзіў пасля канікулаў у школу яшчэ крыху, недзе да паловы марознага, гурбістага снежня i нечакана злёг у пасцель.

У яго часта, па некалькі разоў на дзень, пачала здарацца непрытомнасць альбо ішла з носа ці рота кроў: ён схуднеў, абяссілеў, аж пасінеў — з ложка не ўставаў.

За восень я прывык да стрыманага, крыху дзікаватага, але шчырага суседа па парце, дык цяпер кожны дзень прыходзіў да яго. Мы рабілі разам урокі, чыталі кнігі ці доўга гаварылі пра раней прачытаныя раманы i аповесці, бывала, нават i спрачаліся — кожны з нас па-свойму разумеў тое, што было апісана ў прачытанай кнізе. Найбольш хвалявалі нас кнігі Аляксандра Дзюма, Жуля Верна, Джэймса Купера, Марка Твэна, Гарыет Бічэр-Стоў, Майна Рыда, Чарльза Дзікенса, Данізля Дэфо, Пушкіна, Талстога, a з нашых, беларускіх, пісьменнікаў — аповесці «Дрыгва» Якуба Коласа, «Міколка-паравоз» Міхася Лынькова i ўсе творы Янкі Маўра. Гэта значыць, нас вабілі прыгоды, небяспечныя, але цікавыя падарожжы ў незнаёмыя краіны, пошукі скарбаў, сутычкі з ворагамі, пагоні, подзвігі, высакародныя пачуцці, пазнанне свету, што быў далёка ад нас. Мы нават павыбіралі i прысвоілі сабе імёны, мянушкі герояў, што нам найбольш спадабаліся. Жартуючы, за вочы давалі іншыя імёны, мянушкі i нашым аднакласнікам. Hi Міця, ні я тады нават i не здагадваліся, што цікавае ёсць i паблізу нас: чамусьці здавалася, што яно, цікавае, было i ёсць толькі недзе далёка, а вось тут, на нашай зямлі, яго ці няма, цi ёсць вельмі мала. Яшчэ чыталі мы адзін аднаму свае вершы, правілі ix альбо нават i разам складалі доўгія ці кароценькія вершаваныя творы для нашай новай насценнай газеты. Трэба шчыра прызнацца: у Міці ўсё выходзіла хутчэй i лепш: ён i спрытней знаходзіў патрэбныя словы, рыфмы, i ясней, ямчэй выяўляў думку, i ўмеў сказаць пра звычайнае неяк вельмі ж незвычайна, хораша. Я часамі аж не даваў сабе веры: няўжо Міця ўсё гэта прыдумляе сам? А па-другое, уражваўся, што ён, мой аднагодак, думае зусім іначай, чым я, нібы зазірае ўжо туды, куды я яшчэ зазірнуць не магу. Адыходзячы дадому, я браў яго сшыткі i назаўтра заносіў ix у школу, а пазней ужо ix, правераныя настаўнікамі, прыносіў Міцю.