Выбрать главу

5

На дварэ шалее завіруха (вые ахалоджаны вецер, бяжыць па заснежанай зямлі няўцямная замець, насыпаецца ў гурбы снег вакол плота i прыбудоў), але ў Бокуцевай хаце не холадна. Пакаёўка, цётка Гэля, яшчэ, мусіць, з раніцы напаліла стаяк, дык у хаце нават горача. За стаяком аж зазумкала ад цеплыні адна з самых неспакойных i шустрых мух, мусіць, падумаўшы, што прыйшла ўжо вясна.

Я сяджу на крэсле каля ложка, а на ложку ляжыць накрыты коўдраю Міця. Пад яго галавою горка падушак, падушка ляжыць i на яго грудзіне. На ёй — разгорнуты сшытак. Мы рашаем задачу — на пяць ці шэсць дзеянняў. Калі я не пачуў Міцевага голасу, падняў галаву, адарваўшы позірк ад свайго сшытка, што ляжаў на каленях, дык убачыў: Міця, закінуўшы галаву, ляжыць з заплюшчанымі вачыма. Лоб, шчокі яго ссінелыя, вочы запалыя, вусны пасмяглыя i таксама быццам пасінелыя, шыя худая, з вострым кадыком. Краёк грудзіны, што відаць праз расхінутую ля горла кашулю, белы-белы, як вымазаны крэйдаю.

—Давай крыху адпачнём, — ціха прашаптаў Міця слабым голасам.— Вельмі кружыцца галава. Можа, i ад таго, што ў хаце горача i я даўно ўжо выходзіў на двор.— Перадыхнуў, а пасля папрасіў: — Толькі ты сёння маму не кліч... Ёй i так цяжка... Трэба яе пашкадаваць...

Я, канечне, не ведаю, чаму Міцю раптоўна становіцца блага, але гэтая раптоўнасць заўсёды ашаламляе мяне: у апошні час яна ўсё часцейшая i страшнейшая. Мусіць, вось i зараз хлыне з носа ці горла кроў. Тут жа, бачу, Міця хапае з-пад падушак белы ручнічок, затульвае рот i паварочваецца на бок. Сэрца мае сціскаецца ад болю: ну, чаму Міця так пакутуе, чаму i за што так яго нехта пакрыўдзіў, не даў здароўя?

Усё ж, думаю, трэба выйсці i паклікаць Міцеву маці, цётку Веру. Але я не паспеў нават падняцца, як яна, нібы адчуўшы душою бяду, заходзіць сама i подбегам кідаецца да ложка.

—Сыночак ты мой бедны...— як i кожны раз, пачынае плакаць яна. Бярэ ручнічок, выцірае сынавы вусны, шчаку i шыю. Ручнік усё больш i больш робіцца чырвоны, i гэтая непажаданая яркая пляміна на ім коле вочы.— Можа, каб ты не напружваўся, дык усё было б добра. Не старайся ўжо так, сыночак, не адстаць ад іншых. Паправішся — хутка ўсё нагоніш. Ты ж кемны хлопчык.

Міця павярнуўся, лёг на спіну i заплюшчыў вочы. На яго лбе расою выступіў пот. Я адчуваю: мне трэба пайсці адгэтуль, пакінуць Міцю ў спакоі. Без мяне ён, можа, не будзе больш ні чытаць, ні пісаць, а прысне, адпачне.

—Стась, пабудзь яшчэ, — адчуўшы мой рух, ціха прамовіў Міця.— Зараз мы кончым рашаць задачу.

—Пабудзь, Стасік, — просіць услед за сынам i цётка Вера, садзіцца на ложку ля сынавых ног.— Толькі вы не рашайце ніякіх задач. Пасядзіце, адпачніце. А я вам зараз тое-сёе падсілкавацца прынясу.

—Не, мама. Задачу мы ўсё ж павінны кончыць рашаць, — не згаджаецца Міця.— A падсілкавацца сапраўды прынясі, калі ласка.

—Добра, сыночак, — кажа цётка Вера, выходзіць з залы i праз хвіліну вяртаецца з падносам. На ім у вазе горкаю ляжаць буйныя чырванабокія яблыкі, жаўтаватыя апельсіны (ix, апельсіны, я ўпершыню ўбачыў i пакаштаваў тут, у Бокуцяў), побач два кубкі з чаем, дзве лустачкі булкі, з маслам i чорнаю ікрою.

Мне i сёння няёмка: па-першае, як ні дакараю сябе, a з прагаю пазіраю на гэтыя дзівосныя цяпер, зімою, дары, а па-другое, ёсць адчуванне, што цётка Вера болей радавалася б, каб гэтак ахвотна i апетытна еў усё, як i я, i Міця. Ён звычайна есць мала, нібы праз сілу, хоць яго бацька дастае яму ўсё, што ён толькі не зажадае.