—Ешце, хлопчыкі, — кажа цётка Вера, падае Міцю, а пасля i мне чай i лустачкі.— Гэта ўсё дужа спажыўное.
Сказаць шчыра, чай я піў рэдка (піў малако ці ваду з вядра), гэтую ікру недалюбліваў за яе кісласць (у тыя разы, бывала, i згортваў яе ўпотай пальцам з лустачкі, выкідаў), але цяпер узяўся сілкавацца, каб i ўталіць голад, i паддаць апетыту Міцю. Раней я першы з'ядаў усё, а цяпер стараюся не спяшацца, хоць яблыкі, якія дасць цётка Вера пасля, мяне вельмі вабяць. Я адзін з'еў бы ix усе на гэтай вазе.
—Даядай, сыночак, — просіць цётка Вера, — не адставай ад Стасіка. Дык i ты будзеш гэтакі здаровенькі, крэпенькі, ружовенькі.
Пазней, калі мы перакусілі, рашылі задачу, я заспяшаўся дадому. Цётка Вера выйшла мяне праводзіць.
—Дзякую, дзіцятка, што ты прыходзіш, памагаеш Міцю, разганяеш яго сум, — прамовіла яна, прытрымаўшы мяне на ганку. Паклала мне руку на плячук, прытуліла.— Я i не ведаю, што мы без цябе рабілі б. Міця так прывык да цябе, так чакае...— усхліпнула.— Хоць ты i малы яшчэ, не ўсё разумееш, але ведай: Міцю нашаму вельмі блага... Дзяды, бацькі нашы, я, Мікалай Іванавіч — усе мы, дзякуй богу, здаровыя, а вось да Міці чамусьці прычапілася гэткая страшная хвароба... Ён змалку хварэе i хварэе, не бачыць дзяцінай уцехі, стаў дарослы... Ён усё ведае пра сябе, але, як сталы, умудроны які чалавек, трымаецца з усіх ciл, хоча быць такі, як i ўсе здаровыя дзеці... Сам бачыш: хвароба не зрабіла яго злым ці сумным. Наадварот, у яго гэтулькі дабрыні, шчырасці, што аж душа баліць: такі добры чалавек быў бы... Ён жа ўжо адабраў ca сваёй бібліятэкі кнігі, а таксама асобныя свае дарагія яму рэчы, цацкі i наказаў пасля аддаць табе... На памяць...— Замаўчала, затуліла твар рукою, здаецца, мацней прыціскаючы мяне да сябе. Падштурхнула.— Ну, бяжы. Будзь здаровенькі, разумны, шчаслівы. Заўтра зноў прыходзь, калі ласка. Мы будзем цябе чакаць. Я сёння гаварыла з тваёй маці, яна дазваляе, каб ты прыходзіў да нас, рабіў разам з Міцем урокі...
Расчулены словамі, а найбольш тым, чаго недагаварыла цётка Вера, а таксама яе болем, я пабег у зімовы цёмны вечар, адчуваючы, што нешта мяняецца i мяняецца ў маёй душы, прыходзіць тое, чаго я раней ці не ведаў, ці ведаў не ў такой меры.
6
Пад цяпло, перад маем, Міця памёр.
Хавалі яго мы ўсёй школай на нашых вясковых могілках, плакалі разам з дарослымі, шчыра шкадуючы, што пайшоў ад нас такі добры, але нешчаслівы хлопчык. Бокуці пазней, пасля пахавання, перадалі мне ўсё, што наказваў Міця. Я i сёння берагу тыя кнігі, што мы некалі любілі чытаць, а таксама Міцеву кепачку, яго пенал i любімы компас. Берагу як памяць, як даўнюю i, можа, яшчэ няздзейсненую мару.
Прыязджаючы з горада, я кожны раз заходжу да Бокуцяў. Яны, цяпер пенсіянеры ўжо, сівыя дзед i баба, засталіся назаўсёды жыць у нашых Янкавінах, каб быць паблізу свайго любімага сына. Заходжу я i на могілкі, падоўгу стаю ля агароджы i помніка — з яго з лёгкаю журботнаю ўсмешкаю пазірае на мяне па-ранейшаму маладзенькі Міця, можа, здзіўляючыся, што я пасталеў ужо, нават крышку пасівеў i стаміўся.
Часамі, калі мне бывае нялёгка на душы, калі мне нехта зробіць прыкрасць ці калі я сам ашукаюся альбо зраблю ганебны ўчынак, я думаю: жыў бы Міця, дык ён памог бы мне лепш ва ўсім разабрацца. Нямала ў мяне знаёмых, сяброў, але Міця, можа, быў бы маім самым лепшым i надзейным таварышам.
1984
АПЛЯВУХА
1
Толькі ўжо на трамвайным прыпынку, калі развітваліся, Вішнявец запытаў пра тое, пра што, мусіць, думаў увесь час.
—Скажы, Васільевіч, ты помніш пра некалішнюю маю аплявуху? — ён не то гарэзна ўсміхнуўся, не то крышку засаромеўся, падняў правую руку i пацёр далонь, быццам яна засвярбела.— Ці забыў даўно ўжо тое?
Вішнявец запытаў, а я збянтэжыўся. Быццам ён невінаваты, быццам я зграшыў. Міжволі зірнуў на гэтую руку, што некалі так балюча ўдарыла мяне. Яна i цяпер, калі Вішнявец пастарэў, трохі асеў, як асядае ў камлі старое дрэва, была яшчэ дужая — шырокая, як шуфель, далонь, тоўстыя пальцы. Ён сцепануўся ад майго пільнага позірку, апусціў руку i, здаецца, без дай прычыны схаваў яе ў кішэні светлага пінжака.
—Даўно тое было...— нібы апраўдваўся Вішнявец, нібы заадно хацеў супакоіць i мяне, каб я хоць цяпер не меў на яго крыўды.— Можа, гадоў трыццаць прайшло ўжо... Я тады быў яшчэ зусім малады, гарачы, а ты — горкае дзіця... Як i наш Міхась...— гаварыў i адводзіў вочы, не вытрымліваючы майго позірку.— Ды i час тады быў... Ого, які гарачы быў тады i час... Многа не гаварылі...