— Стаміўся, малады каваль? — спытаў бацька, паклаў мне на плечы цяжкую руку. Ён сярдзіты, калі працуе, a калі падыходзім да хаты, ажыўляецца, жартуе.
— Не, — адказваю я.
— Прагаладаўся?
— Не, — зноў гавару я, хоць ужо даўно смокча ў жываце, цякуць слінкі, аж баліць у роце, але я мужчына, я не сусед — аднагодак Антонік, які гуляе цэлымі днямі ў «коні», лепіць гліняныя домікі ці пячэ пясочныя аладкі, плача, калі застрэміць нагу ці ўджыгне яго пчала. Мне няма часу гуляць, мне трэба памагаць бацьку ў кузні, памагаць зарабляць хлеб... Я не плачу, калі мая рука трапіць пад малаток, замлее ад болю, пасінее; не бядую, што ў мяне звініць у вушах ад стуку.
Антонік не ведае, як удараюць малаткі, а я знаю: пудовы малацішча б'е глуха, як у барабан, a маленькі малаток, які часцей гуляе па кавадле, ляскае дробна, бацька выладжвае ім усялякую тонкую работу — клепле сярпы, нажы, шылы.
Я іду i гадаю, чым будзе карміць нас сёння маці. Відаць, наварыла бульбы — яна яшчэ маладая, цвёрдая, мылкая, але есці ўжо можна. Яе добра пасыпаць соллю i есці сухама ці нашчыпаць звялага пер'я цыбулі i кусаць з ёю. А можа, маці сабрала малака, паставіць на стол кіслага?
Я сам здзіўляюся, чаму гэтае лета думаю многа пра ежу, ці таму, што ў нас даўно выйшла сала i мы не ядзім скваранага, ці таму, што працую, трачу многа сілы, ці таму, што ўсё лепшае — смятану, тварог — берагуць для сястрычкі. Забыўся я ўжо, калі ўволю з'еў i чорнага хлеба — адрэжа маці лусту, дасць, а бохан загорне ў белы ручнік i пакладзе на паліцу, напамяне, каб без яе не чапалі...
На ганку нас сустрэла маці, усміхнулася: «Ах, мае вы работнікі!»— -але чамусьці абняла ды пацалавала толькі мяне, хоць я цяпер вельмі хацеў, каб мама прылашчыла i бацьку: ён многа працуе — цэлы дзянёчак махае молатам, адпускае мяне паляжаць на траве, пакупацца ў рэчцы, а сам не выходзіць з кузні, стукае, пацее ля агню, а ноччу глуха i цяжка кашляе...
— Ну, што вы сёння зрабілі? — пытаецца маці i палівае нам на рукі халодную ваду.
Мы з бацькам намыльваем рукі, крэкчам i не спяшаемся адказваць. Другім часам я не вытрымаў бы, адразу пахваліўся б, але сёння маўчу, чакаю, што скажа бацька.
— Мы заробім скора Стасю на боты, — кажа ён.
— Малайцы! — радуецца маці.— I я вас сёння нечым пачастую...
Мы заходзім у хату, садзімся за стол. Маці высыпае ў глыбокую місу гарачую бульбу, пара з якой валіць пад столь, i ставіць маласольныя гуркі. Як убачыў я картоплю, у мяне так пацяклі з рота слінкі, што я перастаў стрымлівацца, быць «сталым», напоўніцу набіў рот бульбаю, толькі зяхаў: была яна надта гарачая, апякала рот. Дасюль я, здаецца, не ведаў, што бульба такая смачная.
— Гэта вам, мужчынам, — усміхнулася маці, узяла з паліцы невялікі кавалак сала, адрэзала два роўныя кусочкі, падала мне i бацьку.
Я добра ведаю, што ў нас ужо няма свайго сала, кончылі яшчэ вясною, хрэсьбінамі. Сама мама i бабуля сала не ўзялі, хрумстаюць гуркі i запіваюць бульбу расолам, i хоць часта гавораць, што посная гэта яда, некалі будзе лепшая, але сёння маўчаць, i, здаецца, усе задаволеныя. Толькі наша Ганька не радуецца, не засмучаецца, спіць сабе — сапе ў носік i цмокае губкамі...
— Мама, дзе вы ўзялі сала? — спытаў я, калі крыху збіў голад.
— Вы зарабілі, — кажа яна.— Занесла сёння Пётрыкавым серп, што вы змайстравалі, вось i далі. Так што i ты ўжо наш карміцель...
Я ўсміхаюся, нават бянтэжуся: так мне добра. I тут жа думаю, што, відаць, i бабуля, i маці гэтаксама хацелі б пакаштаваць сала, i я ўзяў нож, адрэзаў ад свайго кусочка i ім па скрыліку.
— Еш сам, сынок, — адмаўляецца бабуля.— Мы тут пры доме... А вы ж у кузні...
I бацька, як толькі цяпер я заўважыў, не еў сала, глядзеў на мяне i пасміхаўся, адрэзаў два кусочкі, падаў ix кабетам, хоць тыя нізавошта не хацелі браць. Узялі толькі тады свае долі, калі сказаў, што i ён не будзе есці.
1
Чуў я раней у сваім налібоцкім краі, як знаёмяцца чужыя людзі:
— Адкуль самі будзеце?
— З Налібак.
— А я з Хлябовіч, з Янковіч...
Толькі не помню, каб пахваліўся хто, што ён з Крычатоў — за вярсту якую схаваўся за нашым мястэчкам, за Шабуневым лесам, такі невялікі хутарок, хат дзесяць, не болей. Спытаюць незнаёмыя крычатоўца, дзе жыве, — нiколi не прызнаецца, скажа: стаіць яго хата «непадалёку Рудні, Янковіч ці Пільніцы»...