Выбрать главу

КАРЦIНА ПЯТАЯ

На сцэне - той жа склеп, але на iм - трыбуна са сцягам, на якiм намалявана пацучыная пыса. На трыбуне стаiць Пацучын Пяты. Па абодва бакi ад трыбуны - ахова з сякерамi. Крыху далей - войска, якое складаецца з Мiкiты, пiсклявага пацука, вельмi тлустага пацука (якi вельмi падобны па тлустасцi на самога Пацучына Пятага) i яшчэ аднаго пацука. Ва ўсiх чатырох пацукоў шчыты i дубiнкi. Чуецца грукат барабанаў. Пацучын Пяты ўзнiмае руку ўверх i ўсталёўваецца цiшыня.

ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Салдаты! Пi-пi-пi! Сёння вы накiраваны маiм загадам у вялiкi паход - вам будзе трэба перамагчы нашага самага галоўнага ворага шэра-паласатага ката Томiса. Калi вы яго пераможыце, вы атрымаеце вялiкую падзяку ад мяне i ўзнагароду - два кавалкi сыру. Не... Адзiн кавалак сыру... Не... Ну, наогул, нешта атрымаеце! Лепей гэта будзе нечаканы сюрпрыз. Пi-пi.

ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: А калi не пераможам? Пi-пi.

ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: А калi не пераможыце, то шэра-паласаты Томiс сажрэ вас. Вось i ўсё! Гы-гы-гы! Так што, пi-пi, прыйдзецца перамагаць. Да таго ж - з намi пацук Мiкiта - ён жыве ў тым жа доме, што i Томiс i пазнаёмiць нас з патаемным шляхам. Для таго, каб вы лепш выканалi мой загад, я вырашыў прызначыць генерала, якi будзе кiраваць войскам. Генералам будзе...

Зноў чуецца грукат барабанаў. Пацукi пачынаюць цягнуць уверх рукi i перакрыкваць адзiн аднаго.

ТЛУСТЫ: Дазвольце мне?!

ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Я буду генералам! Я!

ПАЦУК З ГРУБЫМ ГОЛАСАМ: Пi-пi! Я!

Адзiн Мiкiта моўчкi стаiць i чакае, чым усё гэта скончыцца.

ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Я прызначаю генералам Сур'ёзнага пацука!

ПАЦУК З ГРУБЫМ ГОЛАСАМ: Дзякуй за вялiкi давер!

ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Усе на вайну! Адразу! Загадваю iсцi зараз! Пытаннi ёсць?

ПАЦУК З ГРУБЫМ ГОЛАСАМ: Дазвольце мне ўзяць сякеру ў аднаго з ахоўнiкаў. I шлем таксама - я ж генерал!

ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Кароткi, аддай свой шлем. А вось сякеру браць нельга яна, магчыма, спатрэбiцца для маёй аховы.

Пацук з грубым голасам, якога прызначылi генералам, забiрае ў маленькага пацука-ахоўнiка шлем i гучна крычыць.

ПАЦУК-ГЕНЕРАЛ: Напра-ва! Напе-рад!

Першым iдзе Мiкiта, за iм - тлусты пацук, потым пiсклявы i апошнiм генерал. Пацучын Пяты незадаволена глядзiць на сваё войска.

ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Стой!

ПАЦУК-ГЕНЕРАЛ: Стой!

ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Трэба iнакш iсцi. Першым няхай iдзе Мiкiта, за iм Пiскля, пасля генерал i апошнiм - Тлусты.

ГЕНЕРАЛ: Але ж, калi Тлусты пойдзе апошнiм, ён можа закрыць нару i калi на нас кiнецца кот, у нас не будзе магчымасцi збегчы.

ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Вось i добра - не трэба, каб вы пра ўцёкi думалi. Трэба думаць пра перамогу. Сетку ўзялi?

ГЕНЕРАЛ: Узялi.

Пацук-генерал дастае сетку i паказвае цару, а потым зноў яе хавае.

МIКIТА: А навошта сетка?

ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Як гэта - навошта?! Гэтай сеткай мы зловiм Томiса.

ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Ну, чаму стаiцё, як пнi - хутчэй наперад?!

ГЕНЕРАЛ: Напра-ва! Напе-рад!

Мiкiта, а за iм i астатнiя пацукi крочаць у левы бок сцэны. Раптам чуецца нечаканае мяўканне ката. Пацукi адразу прыпыняюць рух i прыслухоўваюцца.

ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Што гэта?! Пi-пi.

ГЕНЕРАЛ: Пi-пi. Гэта кот, пi-пi-пi.

ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Ёе сам iдзе да нас! Больш мужнасцi, мае салдаты! Я павiнен iсцi распрацоўваць план вайны.

Пацучын Пяты хутка саскоквае са сцэны i знiкае за правымi кулiсамi ў суправаджэннi ахоўнiкаў. Зноў чуецца мяўканне ката.

ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: А нам нiчога не трэба распрацоўваць?

З-за левых кулiс з'яўляецца кот. Ён у ботах, шырокiм капелюшы i з вялiзнай булавой у руцэ.

ТОМIС: Вось вы дзе, пацукi! Ну - развiтвайцесь з жыццём!

ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Пi-пi-пi. Ратуйце!

Пiсклявы пацук ад жаху страчвае прытомнасць i валiцца на падлогу. Тлусты пацук кiдае шчыт i дубiнку i спяшаецца да правых кулiс.

ТЛУСТЫ: Што рабiць?! Пi-пi-пi! Што рабiць?!

Генерал выстаўляе наперад дубiнку i, прыкрыўшыся шчытом, пакрысе крочыць назад. Мiкiта разгублена стаiць на месцы. Томiс падскоквае да Мiкiты, робiць замах булавой, але ў апошнi момант спыняецца.

ТОМIС: Што за дзiва?! Чаму адзенне гэтага пацука так нагадвае адзенне Мiкiты?!

МIКIТА: Гэта я, Томiс! Гэта я!

ТОМIС: Хто - я?!

Томiс апускае булаву ўнiз. Тлусты пацук хаваецца за правымi кулiсамi. Пiсклявы пацук бездапаможна ляжыць на падлозе. Тым часам пацук-генерал, асцярожна паклаўшы зброю ўнiз, выцягвае сетку. Томiс i Мiкiта яго не заўважаюць.

МIКIТА: Я - Мiкiта! Я не ведаю, чаму так атрымалася, але ранiцай я ператварыўся ў пацука.

ТОМIС: А ты не хлусiш?! Што ты рабiў ранiцай?

МIКIТА: Дрэнна сябе паводзiў, кiдаў у цябе падушкай, стаў табе на хвост.

ТОМIС: I сапраўды - так ўсё i было. Якое дзiва! Але ж... Што цяпер рабiць?!

Тым часам пацук-генерал нечакана накiдвае на ката сетку.

ГЕНЕРАЛ: Ага! Злавiлi! Вось табе, кашацiна!

ТОМIС: Мяу-у-р-р-р! Р-р-разар-р-рву!

Томiс спрабуе выбрацца з сеткi, але ў яго нiчога не атрымлiваецца i ён, страцiўшы моц, валiцца на падлогу. Генерал хапае сваю дубiнку i пачынае калацiць ёй Томiса.

ГЕНЕРАЛ: Хутчэй - усе на дапамогу! Я злавiў Томiса! Дапамажыце, бо калi ён ачуняе i вылезе - сажрэ нас усiх!

З-за правых кулiс асцярожна высоўвае галаву Тлусты. Убачыўшы, што кот апынуўся у сетцы, ён падбягае да сваёй дубiнкi i, схапiўшы яе, пачынае дапамагаць генералу. Пiсклявы пацук, расплюшчыўшы вочы, узнiмае галаву.

ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Якая страшэнная бойка! Ратуйце!

Крыкнуўшы, пiсклявы пацук зноў страчвае прытомнасць. Мiкiта разгублена стаiць побач, не ведаючы, што яму рабiць. Сцэна апынаецца ў цемры.

КАРЦIНА ШОСТАЯ

Тыя ж дэкарацыi, што i ў другой карцiне. У левым баку сцэны пад сеткай сядзiць звязаны Томiс. Ля яго ахова - тлусты пацук i генерал. Мiкiта з сумным выглядам сядзiць побач. Генерал тыкае дубiнкай Томiсу ўбок.

ГЕНЕРАЛ: Ну што, кашак - наша ўзяла?!

ТОМIС: Я б табе паказаў, чыя ўзяла! Скажы дзякуй, што я цябе не заўважыў!

ГЕНЕРАЛ: Дзякуй! Трэба было менш розную лухту пра ператварэннi слухаць, пра якiя табе Мiкiта плёў! Трэба ж быць такiм дурным, каб паверыць у такiя байкi! Пi-пi-хi-хi-хi!