Выбрать главу

Вось i зусiм ужо блiзка. Да арыштанцкага вагона застаўся адзiн толькi таварны вагон. Далей iсцi нельга. На пляцоўках вагона-турмы стаяць часавыя, не лезцi ж на iх. Таго i глядзi патрапiш на кулю цi звалiшся пад калёсы.

Партызаны асцярожна злазяць на тармазную пляцоўку таварнага вагона. Цягнiк прыбаўляе ходу. Ён iдзе з гары. Моцна нацiскаюць адзiн на адзiн вагоны, абвiсае кручча, якiм сашчэплены памiж сабою вагоны. У самы раз iх цяпер раскруцiць, расшчапiць! Бо як пойдзе цягнiк на гару, на пад'ём, тады не расшчэпiш нацягненыя крукi. I прыступае Мiколка да работы. Перагнуўшыся цераз борт пляцоўкi, партызаны трымаюць Мiколку за ногi, за куцы пiнжачок. Мiколка, павiсшы над крукамi, раскручвае сашчэпку. Вось можна ўжо i расшчапiць. Але не з Мiколкавымi сiламi, ды яшчэ ў такiм нязручным становiшчы, падняць цяжкi крук. Але дзе не хапае сiлы, там выручае спрыт, выручае здагадка. I, моцна ўчапiўшыся абедзвюма рукамi ў крук, камандуе Мiколка:

- Цягнiце мяне цяпер угору!

Падцягваюць Мiколку ўгору, разам з iм падымаецца крук. Яшчэ секунда i кiдае яго Мiколка. Бразнуўшыся, абвiсае крук i важна гойдаецца з боку ў бок у такт колам вагонаў. Мiколка з камандай гатовы закрычаць "ура", гатовы пусцiцца ў несусветныя скокi ад вялiкай радасцi. Але не раскрычышся тут, не разгонiшся на скокi на цеснай пляцоўцы. А пярэднi вагон усё больш i больш адыходзiць уперад. Адчэплены арыштанцкi вагон разам з таварным паволi зацiшаюць ход. Партызаны саскокваюць з падножкi, хаваюцца пад адкос, чакаюць, што ж будзе далей, што будуць рабiць немцы.

Цiха скрыгануўшы коламi, сталi вагоны. Толькi i распазнаеш iх, гледзячы з-пад адкосу. Цёмныя абрысы вагонаў ясна выдзяляюцца на змрочным небе начы. Партызаны чакаюць. Але ў арыштанцкiм вагоне цiха. Не чуваць адтуль нi гукаў, нi шолаху. Цёмна ў вагонных вокнах, не вiдаць нiводнага водблiску свечкi.

- Што за чамярыца? А дзе ж людзi, канвой? - думалi i здзiўлялiся партызаны. Акружылi вагон. Яшчэ раз прыслухалiся - цiха ў вагоне. Пастукалi - нiхто не адказвае. Тады пачалi моцна бiць у замкнутыя дзверы, але вагон маўчаў, не адзываўся нiводным гукам на стук.

- Буфер сюды! - закамандаваў Мiколка.

Знялi з вагона буфер i, падняўшы яго, пачалi iм бiць з усiх сiл у замкнутыя дзверы. Хвiлiна-другая - i цяжкiя, акутыя жалезам дзверы сарвалiся з завесаў. Разбiлi i другiя дзверы i толькi тады ўскочылi ў вагон. I тое, што ўбачылi яны, было зусiм нечаканым i незразумелым. На лаўках ляжалi пазвязваныя нямецкiя салдаты. Тут жа ляжалi i звязаныя два нямецкiя афiцэры з канвою.

Канвой хоць i звязаны, але ж быў у вагоне. Не было толькi арыштаваных. Як нi старанна аглядалi кожны куток вагона, нiводнага з арыштаваных не знайшлi. I куды падзелiся яны, нiхто не мог дакладна давесцi. Былi цэлыя дзверы i вокны, былi цэлыя, акутыя дзе-нiдзе жалезам, сцены. I толькi пасля даведалiся партызаны, што арыштаваным удалося шчаслiва ўцячы з вагона праз спецыяльна прарэзаную дзiрку ў падлозе вагона пад адной з лавак. Перад тым як уцячы на хаду з вагона, арыштаваныя зрабiлi смелы напад на канвой, абяззброiлi яго i, каб не было перашкоды для ўцёку, павязалi яго. А дзiрка ў вагоне была знарок падрыхтавана загадзя рабочымi, калi вагон яшчэ стаяў у дэпо.

Хоць Мiколка вельмi хацеў пабачыць свайго бацьку, для якога ён так стараўся, усё ж бацькава нечаканае знiкненне не надало яму суму. Мiколка быў надзвычай радасны i задаволены.

- Маладзец бацька! Не паддаўся, уцёк...

А тым часам ужо развiднела. Падышла група рабочых з блiжэйшай пуцявой казармы. З iх дапамогай абярнулi вагоны i скiнулi iх пад адкос.

- Далоў нямецкую турму! - жартавалi рабочыя, падкладаючы шпалы i тэлеграфныя слупы пад арыштанцкi вагон, каб ямчэй спiхнуць яго ўнiз.

Нямецкiх салдат пусцiлi на волю.

А самi падалiся праз лясы да свайго атрада, да слаўнага свайго "браняносца".

* * *

Гiсторыя з пакражай палкоўнiка i смелым уцёкам бальшавiкоў нарабiла вялiкага шуму ў немцаў. Па вёсках пайшлi ўзмоцненыя карныя атрады. Яшчэ больш пасыпалiся розныя кары на рабочых. Барацьба прымала рашучы i жорсткi характар. Але рабочыя не здавалiся. Чым большыя былi кары, тым марудней iшлi цягнiкi, тым больш было рознае шкоды для немцаў.

Шалелi нямецкiя генералы. Прымалi i абвяшчалi самыя суровыя загады, рабiлi захады, каб злавiць людзей, якiя супрацiўлялiся iм, перашкаджалi беспакарана грабiць гарады i вёскi, распаўсюджвалi пракламацыi сярод нямецкiх салдат. I хутка Сёмка-матрос i дзед Астап даведалiся, што iх галовы ацэнены ў сотнi тысяч германскiх марак. Нават Мiколкава галава была ў генеральскiм цэннiку. Гэтыя цэны былi вызначаны ў спецыяльным генеральскiм загадзе, расклееным па гарадах i па вёсках.

Прачытаў гэты загад дзед Астап i, злажыўшы тры пальцы ў вядомую камбiнацыю, урачыста сказаў:

- Вось усё тое, што атрымаюць ад нас i за нас!

Зiрнуў на яго Сёмка-матрос, падмiргнуў дзеду i загадаў спецыяльную пячатку выразаць. Днi са два стараўся Мiколка, выразаў пячатку з лiпавай плашкi. Пячатка выйшла важнецкая, памерам у далонь, з ясным малюнкам, з вялiкiмi лiтарамi. На самай сярэдзiне ў кругу быў майстэрскi выразаны звычайны кукiш. А навокал яго вiлiся буйныя лiтары слоў: "Нямецкiм генералам - з любоўю ад партызан". Гэта пячатка хутка з'явiлася на ўсiх генеральскiх загадах. Гэтую пячатку лажылi на спецыяльныя распiскi, якiя выдавалi партызаны нямецкiм салдатам, калi адбiралi ў iх якое дабро цi зброю. Захопяць у палон атрад, адбяруць карабiны, коней, награбленае дабро, Мiколку загадваюць:

- Ану, пiшы iм дакумент, распiску!

Пiсаў Мiколка:

"Мы, партызаны, даём распiску ў тым, што сорак карабiнаў, пяць рэвальвераў, сорак коней, трыста пудоў хлеба, награбленага ў сялян, прыняты намi ад нямецкай часцi ў поўным парадку i спраўнасцi, што i сведчым сваiмi подпiсамi i пячаткай. Выдана гэта для нямецкiх генералаў".

А напiсаўшы, даставаў Мiколка з торбы пячатку, браў кусок бяросты, запальваў яе i, пакапцiўшы пячатку, важна прыкладаў лiпавы кукiш да "квiтанцыi". З усiх канцоў да генералаў сыпалiся гэтыя кукiшы.