Выбрать главу

У смелым налёце на немцаў загiнуў Сёмка-матрос. Пагарачыўся ён крыху. Захапiўшы нямецкi кулямёт, кiнуўся ён за ўцякаўшым афiцэрам, высока ўзнёсшы вострае джала шаблi. I вось-вось ужо апусцiцца гэтае джала на блiскучы лак iмператарскай каскi. Аж прыцiх Мiколка, назiраючы за паядынкам. Перастаў з кулямёта страляць, каб не паранiць сваiх. Уздыбiўся Сёмкаў конь, вось-вось пераскочыць цераз афiцэра... I глуха войкнуў Мiколка. Бачыў ён: абярнуўся на бягу афiцэр, стрэлiў з упору... Скочыў конь ашалелы. Нахiлiўся Сёмка, апусцiў галаву на пахучую конскую грыву, рукi апалi, i ўвесь ён стаў хiлiцца набок, усё нiжэй i нiжэй... Бачыў Мiколка, як узнесеная Сёмкава шабля ўпала на зямлю i цiха дзвынкнула, загайдалася, устромiўшыся вастрыём у жоўты пясок. На гэты ж пясок упаў Сёмка-матрос, камандзiр партызанскiх атрадаў, слаўны ваяка i бальшавiк...

Прайшоўся далонню па спацеламу твару Мiколка i нацiснуў на спуск кулямёта. Здрыганулася, загула зямля перад iм. Грымеў кулямёт. То Мiколка спраўляў памiнкi па старэйшаму таварышу, па любiмаму партызану, прыяцелю. Не стала афiцэра. Але не ўстаць з зямлi i Сёмку-матросу, i далёка-далёка адкацiлася запыленая яго бесказырка, што бачыла свету багата, бачыла сiняе мора, бачыла вольныя караблi, неразлучнай была з чалавекам, якi жыццё любiў i ведаў цану чалавечай нянавiсцi i любвi.

Так загiнуў Сёмка-матрос.

Камандаваць боем стаў дзед Астап. I дрэнна б прыйшлося немцам, ужо генерал гатовы быў iсцi на перамаўленнi з рабочымi, як адбылiся падзеi, адразу пагоршыўшыя для рабочых i партызан вынiкi бою. Дзед Астап пачуў свiсткi паравозаў. I, угледзеўшыся на захад, збялеў дзед, рукой безнадзейна махнуў.

- Дрэнна, браты! - сказаў ён. - Памылiлiся мы крыху... Трэба было з захаду чыгунку ўзарваць... Немцам iдуць падмацаваннi, вунь iхнiя эшалоны.

Павярнулi гарматы на эшалоны. Але было позна. Немцы акружылi горад, абыходзiлi станцыю. Трэба было адступаць. Немцы пачалi насядаць з бакоў, захапiлi ўжо некалькi дзесяткаў чалавек у палон.

Тады падышоў да Мiколкi дзед, загадаў:

- З кулямётамi мы самi ўправiмся... Пакуль будуць патроны, немцам не здамося. А ты, пакуль не позна, бяжы за станцыю. Там у тупiку на паравозных могiлках схаваны намi пасажырскi паравоз. Ён стаiць пад парай. Дык ганi на iм да чырвоных... Вёрст пяцьдзесят да iх будзе, яны павiнны наступаць сёння на суседнюю станцыю. Прасi дапамогi. Не дамо немцам награбленага дабра!

Як ветрам падхоплены, iмчаў Мiколка. Вось i тупiкi. Вось i паравозныя могiлкi. Стаяць на iх старыя, паржавелыя паравозы. Пасажырскiя, таварныя, манеўровачныя, "кукушкi". А вось i жывы паравоз. Прытаiўся, схаваўся за паравозным ламаччам. Аж дрыжыць, так чакае дарогi прыгажун пасажырскi. Паравозная каманда ў парадку. У кожнага карабiн.

Уздыхнуў паравоз парай i без гудкоў, без свiсткоў выбраўся на галоўны пуць. Прастора перад iм, разгон бязмежны. Аж колы сакочуць, не ўгледзiш за дышлам, за размашыстым вобадам. Не iдзе, а ляцiць паравоз, i толькi мiльгаюць паабапал пераезды, слупы, паласатыя вёрсты. Нахiляюцца бярозы, i iх шэпт кучаравы злiваецца з гарачым дыханнем машыны.

А паравоз iмчыць.

Толькi i чуваць: ча-ча-ча... ча-ча-ча...

Аж калышацца тэндэр, гойдаецца з боку ў бок, ды ўзвiваюцца клубы пылу ззаду - нiчога не вiдаць там у дыме, у пыле.

Вось i суседняя станцыя. Тут могуць быць яшчэ немцы.

"Каб жа не затрымалi!" - адна ва ўсiх думка.

Трывожна загудзеў паравоз i, не збаўляючы ходу, iмчаў на закрыты семафор. Замiтусiлiся рабочыя там. Бачылi - здарылася нешта дужа важнае. Перакiнулi стрэлкi на галоўны пуць, i паравоз маланкай прамiльгнуў праз станцыю. Нямецкi патруль, выскачыўшы на перон, паслаў наўздагон некалькi стрэлаў. Але дзе ты вецер дагонiш!

Праз якое паўгадзiны былi на жаданай станцыi. Паравоз стаяў як укопаны ля браняпоезда. Бачыў Мiколка, што гэта наш браняпоезд. Шырокi чырвоны сцяг калыхаўся над закутым у браню паравозам.

- Хутчэй да начальнiка поезда! - кiнуў Мiколка падаспеўшым чырвонаармейцам. Вось ён i ў начальнiка, у маладога камандзiра. Той слухае яго ўважлiва.

- Адразу ж давайце нам дапамогу... Неадкладна, вось зараз жа...

- Добра! - заўважыў начальнiк i загадаў падрыхтаваць да адпраўкi поезд ды, акрамя таго, быць напагатове запасному эшалону. - А цяпер можна спакойна расказаць мне аб усiм. I колькi немцаў... I цi ёсць гарматы ў iх... Цi цэлая пуць.

Аб усiм расказаў Мiколка. I аб немцах, i аб рабочай дэлегацыi, i аб сваiм партызанстве...

- Ну дык ты, выходзiць, не звычайны хлапчына, а слаўны герой!

Некалi было Мiколку пра сваё геройства расказваць, ды i не любiў ён пахваляцца гэтымi справамi. Камандзiра прыспешваў.

- А ў нас ужо ўсё гатова! Садзiся вось да нас у вагон, паедзем... сказаў яму камандзiр.

- Не... Мне ўжо дазвольце на ваш паравоз... Я з машынiстам паеду!

- Ну што ж, бяжы на паравоз, калi ахвота!

Пабег Мiколка да паравоза, але дзе ты ўзбярэшся на яго, закутага ў браню. Пастукаў Мiколка, загадаў:

- Адчыняйце! Загадана камандзiрам ехаць з вамi!

Паволi адсунулiся сталёвыя дзверцы. Зiрнуў Мiколка, i слёзы ўмомант твар укрылi: не ад страху, не ад перапалоху, ад вялiкае радасцi былi Мiколкавы слёзы. Перад Мiколкам стаяў яго бацька. Ён быў за машынiста на браняпоездзе. Падскочыў Мiколка, павiс у бацькi на шыi, прынiк шчакой да калючай шчацiны яго барады.

Бацька нацiснуў адной рукой на паравозны рычаг, другой лашчыў сына, гладзiў яго, цалаваў валасы, шурпатую абветраную шчаку.

- Як жа гэта так, партызан мой малы? Як жа гэта так здарылася, што вас немцы ў крыўду бяруць! Ну, расказвай! - гаварыў бацька i пiльным вокам углядаўся наперад, куды iмчаў цяпер браняпоезд. Глуха гудзелi i перазвоньвалi металам гарматныя вежы, бранявыя бакi вагонаў ашчацiнiлiся кулямётамi. Цяжка пастуквалi рэйкi пад паравозам. Паравоз бег, набiраючы iмклiвы разгон.

I калi сказаў Мiколка, што зруйнавана немцамi дэпо, што бiлi немцы з кулямётаў па рабочым пасёлку, што забралi ў турму рабочую дэлегацыю i зверскi бiлi брата Паўла, - пасуравеў бацька, да болю сцiснуў рычаг паравозны. Маўчаў з хвiлiну. А браняпоезд iмчаў. Неўзаметку ляцелi насустрач чыгуначныя вёрсты. Гудзелi гарматныя вежы, паварочвалiся паволi, рыхтавалiся да сустрэчы.

- Ну што ж! Не падай духам, Мiколка! - сказаў павесялеўшы бацька. Хто-хто, а мы пераможам... Не можам iначай! Такi, сыне, закон у нас: не пераможам мы, сатруць нас з твару зямлi, змяшаюць з пылам, з крывёю... З нашай уласнай крывёю... Таму i павiнны мы перамагчы!