— А хто такія буржуі?
— Буржуі? — задумаўся бацька. — Гэта, бачыш, такія людзі, якія нічога не робяць і смачна ядуць… Такія, браце, пузатыя людзі, на чужым карку жывуць… на маім вось, на тваім.
Памацаў Міколка свой карак, здзівіўся.
— Няхай жа паспрабуе сесці каторы, я яго гайкай па лбе.
— Дзіва што, гайкай… — пасмяяўся бацька.
Але думка пра буржуяў не пакідала Міколку. Часта ён чуў пра буржуяў у гутарках бацькі з другімі суседзямі, рабочымі. Буржуямі часам лаяўся і старэйшы Міколкаў брат — змазчык. І ў хуткім часе адбылася сустрэча Міколкі з буржуем. Можа, і не з сапраўдным буржуем, але ж вельмі да яго падобным. Зайшоў аднаго разу да іх нейкі начальнік дэпо. І такі ж тоўсты-тоўсты, а на пузе блішчастыя гузікі, залатыя, няйначай. Зайшоў ён у вагон, абышоў кожны куток, усё поркаў нешта сваім бліскучым кіёчкам, поркаў, носам вадзіў з боку ў бок ды моршчыўся, як той грыб-смарчок, што расце пад штабелямі старых шпал. На матку накінуўся:
— Псуеце вы мне тут памяшканне, зусім не даглядаеце за падлогай… Смецце каля вагона… Выганю ў дваццаць чатыры гадзіны.
І зусім узлаваўся, аж пляміны белыя заскакалі на тлустым твары, ды кіёчкам сваім як дзеўбане ў сценку, у самую галерэю карцінную Міколкаву.
— Гэта што? Сцены паскудзіць? Казённае памяшканне псаваць? Ці мала смецця ўсюды, дык яны яшчэ на сцены вешаць. Ану, венік сюды, паздзіраць усё, памыць, паскрэбці.
А сам палкай поркае, здзірае Міколкавы малюнкі. І калі дабраўся да прыгожай крышкі з папяроснага карабка — быў то малюнак дзяўчынкі на срэбнай паперы, — не сцярпеў тут Міколка, да начальніка кінуўся.
— Ты хто? Ты збіраў мае карцінкі, каб іх здзіраць?
Той зірнуў скоса на Міколку, паморшчыўся. А Міколка наступае:
— Буржуй ты!
Начальнік аж абамлеў, маці перапалохалася.
— Пузан ты! Ходзіць, як бочка ў штанах… Бач, раз’еўся на маім карку… Вон!
Начальнік, доўга не думаючы, даў ходу. Маці — за ім.
— Даруйце. Дзіцё зусім не разумее… Вярзе, не разабраўшы што.
А той не слухае, далей шпарыць. Толькі і кінуў:
— Хамы вы! Самі хамы і дзяцей робіце хамамі.
Дасталася добрая прачуханка Міколку ад маткі. Але бацька, прыехаўшы з работы і даведаўшыся аб «буржуі», толькі пасмейваўся.
— Так іх, Міколка, так. Калі дах вось прагніў, перакрыць трэба, дык іх нямашака… А да цацак дзіцячых чапіцца надумаўся… Крый іх, Міколка, і ў хвост, і ў грыву…
Так жыў і гадаваўся Міколка-паравоз. Ён і сам добра не ведаў, чаму празвалі яго паравозам. Магчыма, за тое, што вельмі ж упадабаў ён паравозы, асабліва ж пасажырскія. Стаіць такі прыгажун ля дэпо, калёсы высокія, чырвоныя, не раўнуючы, як ногі ў бусла балотнага. Альбо выязджае такі прыгажун з дэпо і так важна парай пыхкае: пых… пых… пых…
Ну як тут уцерпець Міколку, ды не падсесці ззаду на тэндэрную падножку, ды не праехацца да паваротнага круга. Праўда, счэпшчыкі лаюцца часам:
— Злазь, жаба, а то падмажаш калёсы!
Дзе ты там злезеш!
Цікава і ля паваротнага круга. Паравоз вялікі-вялікі, а на крузе стаіць, як дзіцё, не паварухнецца. І адзін рабочы, усяго толькі адзін, паварочвае гэты самы круг з паравозам. Канечне, Міколка не праміне, каб не дапамагчы тут рабочаму. І здаецца Міколку, што пад яго рукой паварочваецца шпарчэй круг — гэткая аграмадзіна — і на ёй паравоз вялікі, стаіць і пыхкае. Вось павернут круг, Міколка зноў на падножку, і паравоз зноў жывы. Загудзіць, заляскоча і так памчыцца, што толькі пыл курыць ззаду аж да самых стрэлак, адтуль паравоз ідзе назад, на станцыю, пад пасажырскі поезд. На станцыі трэба пільнавацца, каб не трапіць на вока жандару. Той не любіць дзяцей. Толькі заўважыць і бяжыць услед, памахваючы шабляй-селядцом. З падножак зганяе.
Ведаў бацька пра Міколкавы практыкаванні на падножках, ушчуваў колькі разоў, але нічога не дапамагала.
— Ты памочнік машыніста? — пытаў Міколка ў такіх выпадках бацьку.
— Ну, а што?
— Вось табе і што. На паравозах ездзіш?
— Езджу. А што з таго?
— А нічога… Павінен і я ездзіць.
Што ты тут скажаш Міколку? Нічога. І, выязджаючы ў чарговую паездку на пуць, бацька толькі прасіў усіх знаёмых счэпшчыкаў і стрэлачнікаў на станцыі:
— Вы, браткі, пільнуйце хаця, каб не трапіў мой басурман на рэйкі!
— Дзе ты яго ўпільнуеш, блыху? На жывое будзе жывы, не дзе дзенецца.
— Ды яно ж так.
Так гадаваўся Міколка на рэйках.
Прыгоды Міколкі з дзедам Астапам
У Міколкавым раннім дзяцінстве было многа падзей, але ці дужа іх успомніш усе. А таму і раскажам толькі аб тых, якія больш памятны Міколку, на якія ён не забываецца да апошняга дня. Памятае ён пра вужа, пра гарачыя спрэчкі з дзедам, пра матчыных курэй і пра зялёнага ката. Ды яшчэ пра слаўную дзедаву стрэльбу і пра сваё досыць цікавае знаёмства з царом.