Выбрать главу

Хутка і развіталіся. Маці дзеда прасіла, каб сачыў ён за ўнукам, да бяды не дапускаў.

— А ты не клапаціся, мы-то ўжо адзін за аднаго пастаім, у крыўду не пусцім.

Пайшлі на прыстань. Па дарозе дзед Астап заглянуў да Міколкавага брата, потым забег на тэлеграф, на станцыю, да знаёмага тэлеграфіста, з сваіх.

— Ты ўжо стукні па тэлеграфу на раз’езд, што мы выязджаем. З раз’езда нашым перададуць у атрад…

На прыстані сустрэліся. Абышлі горад, агледзелі, дзе і якая часць стаіць. Заўважылі на беразе Дняпра нямецкую батарэю. Недалёка ад прыстані стаяў штаб. За штабам стаяла гарадская турма. Ля яе важна прахаджваліся нямецкія часавыя. Агледзелі ўсё, запомнілі і пайшлі на параходную прыстань. Якраз і параход стаяў на Дняпры, і даволі вялікі. Дзед купіў білеты, селі на параход. Тут было багата пасажыраў, усё больш буржуяў, памешчыкаў, царскіх афіцэраў і генералаў, якія ўцякалі з савецкай Расеі. Адны ехалі ў гетманаўскую Ўкраіну, другія трымалі шлях за граніцу. На параходзе была спецыяльная суправаджальная каманда з нямецкіх салдат і аднаго афіцэра. На носе і на карме стаяла па кулямёту. Недалёка ад капітанскага мосціка прыстроілася скарастрэльная гармата.

Зірнуў на яе дзед, уздыхнуў, на Міколку глянуў.

— Разумею, дзеду, зайздросціш? Гэта табе не турэцкая шабля!

Яны ўважліва аглядалі ўсё, прымячалі кожную драбніцу, пакуль не накінуўся на іх капітан парахода:

— Чаго вас носіць тут, д’яблы? Панам толькі вочы мазоліць… Айда ў трэці клас, галадранцы!

Зірнуў на яго Міколка, кулакі сцяў. Нешта хацеў сказаць, але міргнуў тут яму дзед, за руку ўзяў, уніз павёў. Шапнуў:

— Памятай, дзе знаходзішся!

Адно, што добра было ў трэцім класе цяпер, гэта прастора. Як відаць, звычайныя людзі мала карысталіся цяпер параходам. Усё больш паны ехалі са сваімі манаткамі, чамаданамі, сабачкамі. Ехалі афіцэры. Ехалі эсэры і ўсякая іншая погань. Усе яны ратавалі свае шкуры ад бальшавікоў, марылі аб жорсткай расправе над імі.

— Мы ім пакажам матушку Русь! Мы ім адпомсцім за бацюшку-цара! Мы павешаем іх на слупах тэлеграфных за святую царкву! — толькі і чуваць было навокал. І асабліва стараўся адзін генерал. Стары, сівы, недалужны, а такі ж заўзяты. Каб змог, дык, відаць, сваёй бы рукой перадушыў і бальшавікоў, і сыноў бальшавіковых. Аж пенай пырскаў:

— Вось гетман ім пытлю дасць… Вось немцы вуму-розуму навучаць… Вось французы, ангельцы… Хоць немцам усю Расею аддаць, толькі не ім, бальшавікам праклятым…

І аж сіпеў стары, шапялявіў. І «за бацюшку-цара» было ў яго «за бачушку-чара». І пра супастатаў-бальшавікоў: «Я іх, шупаштатаў, на кожным шлупку паражвешваю, я ж іх кішкі павыпушчаю…»

Нявесела было Міколку слухаць гэтыя размовы, і калі генерал на якую хвіліну астаўся з ім адзін, Міколка шапнуў дзеду, мацаючы пад поясам свой кінжал:

— Дай я яго, дзеду, трохі штыком памацаю ці хоць стукну па дурным чэрапу…

Але дзед рашуча забараніў:

— Не чапай яго! Ён і так акалее ад свае злосці… А мы з табой тут адны пакуль што. Вось пачакаем раніцы, а цяпер кладзіся і спі…

А раніца выдалася надзвычай добрая. Узышло яркае сонца, і пад яго праменнямі хутка раставалі і знікалі белыя пасмы туманаў. Паволі плыў параход. Дзед разбудзіў Міколку:

— Уставай! Ужо час на работу, пад’язджаем.

Абмацаўшы за поясам сваю зброю, дзед з Міколкам падаліся на гару, на верхнюю палубу. Было мала людзей на ёй. Яшчэ спалі. Толькі драмала ля кулямётаў некалькі салдат, хадзіў сонны афіцэр і курыў цыгарку, каб адагнаць рэшткі сну. Ды неўгамонны генерал сядзеў ужо на лаўцы, усё не супакойваўся і пагражаў «шупаштатам», памінаў «бачушку-чара».

Дзед з Міколкам скромна прыселі на скрутку канатаў. Дзед закурыў цыгарку і ленавата сплёўваў за борт, пільна прыглядаючыся да берагоў. І, нешта заўважыўшы, раптам ажывіўся, падняўся, Міколку крыкнуў: «Пара!» І адкуль толькі спрыт узяўся ў дзеда, кінуўся ён бегма да капітанскага мосціка і, стрэліўшы на бягу з рэвальвера, закрычаў капітану:

— Ану, круці да берага! Ды шпарчэй! А то галаву знясу!

Стрэл нарабіў перапалоху. За дзедам кінуўся афіцэр. Перапалохаліся салдаты. І ўжо гатоў быў афіцэр выстраліць у дзеда, як з правага берага раздаўся дружны залп. Потым яшчэ і яшчэ. Толькі пырскі ўзняліся ля бартоў — партызаны стралялі так, каб не параніць Міколку і дзеда. Стары генерал як стаяў, так і сеў на лаўку, і падняцца не мог, прыліп ад страху. Прыніклі салдаты да кулямётаў, але тут раздаліся залпы з левага берага. Салдаты кінулі зброю і пабеглі хавацца.

Прачнуўся народ на параходзе, пачалася несусветная сумятня. Істэрычна крычалі пані і паненкі, выскачылі паны на палубу. Некаторыя ад страху перад партызанамі кідаліся за борт у ваду. Толькі нямецкі афіцэр паспрабаваў яшчэ абараняцца, прыпаў да кулямёта. Але не паспеў ён зрабіць па беразе і дзесятка стрэлаў, як адцягнуў яго дзед ад кулямёта.