Раскажам цяпер пра вужа.
Вольнымі днямі, калі Міколкаў бацька адпачываў і не ездзіў на паравозе, Міколка з бацькам ішлі на рэчку, якая працякала недалёка ад станцыі. Тут лавіліся добрыя акунькі, траплялі шчупакі на шнур, часам пападаўся дробны сом. А больш за ўсё лавіліся плоткі. Цэлымі стайкамі хадзілі яны пад лазовымі кустамі, пабліскваючы на сонцы срэбнай луской. Толькі знай закідвай вудачку.
Акрамя рыбы ў рэчцы было багата ракаў. Яны масціліся ў старых карчах, а то глыбока пад берагам, у спецыяльных норах-пячурках. У цёплыя дні Міколка лазіў з бацькам у рэчку і мацаў ракаў. Да чаго ж прыемны занятак. Сагнешся як мага болей, каб толькі ў вушы вада не трапіла, а руку глыбей пад бераг. Засунеш руку ў нару, а рак цап за пальцы кляшнёй. Ціскане часам так, што аж вочы на лоб палезуць. Але не бяда, падхопіш яго, калючага, ды на бераг. Скачы там, як хочаш, кусайся. За гадзіну якую, глядзі, цэлае вядро ракаў дасталі. Прынясуць іх у вагон, паставяць. Павылазяць яны, разбрыдуцца па ўсёй падлозе. У такія шчыліны забяруцца, што маці потым гадзінамі шукае іх, выпорвае венікам ды праклінае нашых рыбаловаў.
Дзед Астап быў старым мікалаеўскім салдатам, служыў вартаўніком у дэпо, меў два срэбныя медалі за турэцкую вайну. У святочныя дні дзед важна чысціў свае боты, потым яшчэ важней цёр мелам свае медалі і, павесіўшы іх на грудзі, урачыста ішоў на станцыю, каб людзям сябе паказаць, як казаў ён, і на людзей падзівіцца. Прыйшоўшы са станцыі, дзед звычайна хваліўся:
— Іду гэта я аж каля самага жандара, а ён перада мной у струнку так і выцягнуўся… Бача, значыць, герой ідзе. А то яшчэ генерал мне насустрач… старэнькі такі… Ну, я пад казырок яму, а ён, не разгледзеўшы добра, сляпы, як відаць, стаў ва фрунт ды на ўсю станцыю: «Здравія жалаем, ваша высокаправасхадзіцельства». Вось яно як! Відаць, падумаў, што я яшчэ вышэйшы генерал… Ды перад усімі людзьмі, перад усёй станцыяй. Вось што знача мікалаеўскі салдат! Вось што знача — медалі!
Тут дзед важна стукаў сябе па грудзях, каб забражджалі медалі, каб відаць было, які ён, дзед Астап, ёсць герой на свеце, якога нават жандары і генералы баяцца, пад казырок бяруць.
Бацька і маці звычайна спакойна выслухоўвалі дзеда — яго заўсёдашняя пахвальба была ім у прывычку. Але Міколка кідаўся ў спрэчкі, сумняваўся.
— Ты, дзед, вялікі манюка!
— Як то манюка? — аж садзіўся ад злосці дзед.
— А так! Маніш усё… Бачыў я, як ты шапку перад жандарам здымаў і аж крактаў, нізка кланяючыся. А яшчэ перад начальнікам дэпо ты зусім без шапкі ходзіш… Вунь, калі дождж быў, дык хадзіў ты перад ім без шапкі, аж з лысіны цякло.
Дзед не мог уседзець ад знявагі. Ён таропка хапаўся за папружку, знімаў яе. Трымаючы адной рукой штаны, каб не ўпалі без папружкі, ён грозна размахваў другой рукой і наступаў на Міколку:
— Я табе пакажу, як дзеда ў манюкі залічваць! Я табе пакажу, як бэсціць героя турэцкай вайны, старога мікалаеўскага ваяку, які, можна сказаць, вось гэтай слаўнай рукой сотні ворагаў пабіў — батальёны турак палажыў.
— А ты ж казаў, дзеду, дывізіі, а не батальёны! — кідаў Міколка і спешна ўцякаў з вагона, хаваючыся за блізкай стрэлкай. Дзед туды не пабяжыць. Нязручна яму скакаць цераз рэйкі, ды і небяспечна для адзення, яшчэ згубіш без папружкі. Таму дзед станавіўся звычайна ў дзвярах вагона і, патрасаючы кулаком, заводзіў доўгую дыскусію з Міколкам. Міколка агрызаўся:
— Ты, дзед, камара не заб’еш, не толькі што турка!
— А за што медалі мне дадзены?
— Як за што? А за лягушак…
— За якіх гэта лягушак? — здзіўляўся дзед, заўсёды забываючы гэты жарт над ім.
— А за тых лягушак, якіх ты ганяў з-пад пушак…
Сказаўшы гэта, Міколка лічыў за лепшае адступіць яшчэ на адну пазіцыю, падалей ад вагона.
«Хоць дзед звычайна і не ганяецца ўслед, але ўсё можа быць, — думае Міколка, адыходзячы далей і ўжо шкадуючы дзеда. — Відаць, перабаршчыў я крыху… Угневаецца цяпер дзед не на жарт…»
І сапраўды, дзед набіраўся вялікага гневу. Гэта ж жартачкі, усумніцца ў яго былой храбрасці. І хітры дзед мяняў тактыку. Ён і віду не паказваў, што ўкрыўджаны. Ён завіхаўся ля чыгуннай печкі, шчапаў лучыну, адным словам, займаўся мірнымі гаспадарчымі справамі. Але тым часам не зводзіў вока з падшыванца Міколкі. І калі той з’яўляўся дзе поблізу, дзед, быццам бы нічога не было між імі, клікаў Міколку:
— Унучак!