Выбрать главу

Вось і зусім ужо блізка. Да арыштанцкага вагона застаўся адзін толькі таварны вагон. Далей ісці нельга. На пляцоўках вагона-турмы стаяць часавыя, не лезці ж на іх. Таго і глядзі патрапіш на кулю ці звалішся пад калёсы.

Партызаны асцярожна злазяць на тармазную пляцоўку таварнага вагона. Цягнік прыбаўляе ходу. Ён ідзе з гары. Моцна націскаюць адзін на адзін вагоны, абвісае кручча, якім сашчэплены паміж сабою вагоны. У самы раз іх цяпер раскруціць, расшчапіць! Бо як пойдзе цягнік на гару, на пад’ём, тады не расшчэпіш нацягненыя крукі. І прыступае Міколка да работы. Перагнуўшыся цераз борт пляцоўкі, партызаны трымаюць Міколку за ногі, за куцы пінжачок. Міколка, павісшы над крукамі, раскручвае сашчэпку. Вось можна ўжо і расшчапіць. Але не з Міколкавымі сіламі, ды яшчэ ў такім нязручным становішчы, падняць цяжкі крук. Але дзе не хапае сілы, там выручае спрыт, выручае здагадка. І, моцна ўчапіўшыся абедзвюма рукамі ў крук, камандуе Міколка:

— Цягніце мяне цяпер угору!

Падцягваюць Міколку ўгору, разам з ім падымаецца крук. Яшчэ секунда — і кідае яго Міколка. Бразнуўшыся, абвісае крук і важна гойдаецца з боку ў бок у такт колам вагонаў. Міколка з камандай гатовы закрычаць «ура», гатовы пусціцца ў несусветныя скокі ад вялікай радасці. Але не раскрычышся тут, не разгонішся на скокі на цеснай пляцоўцы. А пярэдні вагон усё больш і больш адыходзіць уперад. Адчэплены арыштанцкі вагон разам з таварным паволі зацішаюць ход. Партызаны саскокваюць з падножкі, хаваюцца пад адкос, чакаюць, што ж будзе далей, што будуць рабіць немцы.

Ціха скрыгануўшы коламі, сталі вагоны. Толькі і распазнаеш іх, гледзячы з-пад адкосу. Цёмныя абрысы вагонаў ясна выдзяляюцца на змрочным небе начы. Партызаны чакаюць. Але ў арыштанцкім вагоне ціха. Не чуваць адтуль ні гукаў, ні шолаху. Цёмна ў вагонных вокнах, не відаць ніводнага водбліску свечкі.

— Што за чамярыца? А дзе ж людзі, канвой? — думалі і здзіўляліся партызаны. Акружылі вагон. Яшчэ раз прыслухаліся — ціха ў вагоне. Пастукалі — ніхто не адказвае. Тады пачалі моцна біць у замкнутыя дзверы, але вагон маўчаў, не адзываўся ніводным гукам на стук.

— Буфер сюды! — закамандаваў Міколка.

Знялі з вагона буфер і, падняўшы яго, пачалі ім біць з усіх сіл у замкнутыя дзверы. Хвіліна-другая — і цяжкія, акутыя жалезам дзверы сарваліся з завесаў. Разбілі і другія дзверы і толькі тады ўскочылі ў вагон. І тое, што ўбачылі яны, было зусім нечаканым і незразумелым. На лаўках ляжалі пазвязваныя нямецкія салдаты. Тут жа ляжалі і звязаныя два нямецкія афіцэры з канвою.

Канвой хоць і звязаны, але ж быў у вагоне. Не было толькі арыштаваных. Як ні старанна аглядалі кожны куток вагона, ніводнага з арыштаваных не знайшлі. І куды падзеліся яны, ніхто не мог дакладна давесці. Былі цэлыя дзверы і вокны, былі цэлыя, акутыя дзе-нідзе жалезам, сцены. І толькі пасля даведаліся партызаны, што арыштаваным удалося шчасліва ўцячы з вагона праз спецыяльна прарэзаную дзірку ў падлозе вагона пад адной з лавак. Перад тым як уцячы на хаду з вагона, арыштаваныя зрабілі смелы напад на канвой, абяззброілі яго і, каб не было перашкоды для ўцёку, павязалі яго. А дзірка ў вагоне была знарок падрыхтавана загадзя рабочымі, калі вагон яшчэ стаяў у дэпо.

Хоць Міколка вельмі хацеў пабачыць свайго бацьку, для якога ён так стараўся, усё ж бацькава нечаканае знікненне не надало яму суму. Міколка быў надзвычай радасны і задаволены.

— Маладзец бацька! Не паддаўся, уцёк…

А тым часам ужо развіднела. Падышла група рабочых з бліжэйшай пуцявой казармы. З іх дапамогай абярнулі вагоны і скінулі іх пад адкос.

— Далоў нямецкую турму! — жартавалі рабочыя, падкладаючы шпалы і тэлеграфныя слупы пад арыштанцкі вагон, каб ямчэй спіхнуць яго ўніз.

Нямецкіх салдат пусцілі на волю.

А самі падаліся праз лясы да свайго атрада, да слаўнага свайго «браняносца».

* * *

Гісторыя з пакражай палкоўніка і смелым уцёкам бальшавікоў нарабіла вялікага шуму ў немцаў. Па вёсках пайшлі ўзмоцненыя карныя атрады. Яшчэ больш пасыпаліся розныя кары на рабочых. Барацьба прымала рашучы і жорсткі характар. Але рабочыя не здаваліся. Чым большыя былі кары, тым марудней ішлі цягнікі, тым больш было рознае шкоды для немцаў.