Што адбылося тут — цяжка апісаць. Куды дзеўся вонкавы спакой генерала, яго славутая вытрыманасць?! Ён зверам кінуўся на старога машыніста і люта ўдарыў яго па твары. Стрымаўся стары машыніст. Але не сцярпеў Міколкаў брат, малады змазчык Павел. Як стаяў поплеч з генералам, так і ўссеў на яго і біў, біў, забыўшыся на ўсё на свеце. Падскочылі ад’ютанты, сілком адцягнулі яго ад генерала. Паўла выцягнулі на штабны двор і тут доўга катавалі яго, пакуль ён не страціў прытомнасць. Усю рабочую дэлегацыю адвялі ў турму. А Паўла загадалі судзіць ваенна-палявым судом за знявагу нямецкага генерала.
Суровая вестка аб лёсе рабочай дэлегацыі маланкава абляцела ўвесь горад, дэпо, станцыю. І праз якія дзесяць хвілін трывожна гудзелі гудкі над дэпо, над фабрыкамі, над паравозамі. Паравозы выпускалі пару, тушылі топкі. Разыходзіліся з дэпо рабочыя, заварушыліся рабочыя баявыя дружыны. І калі вечарам намагаліся немцы штыкамі загнаць машыніста на паравоз і пусцілі ў ход зброю, каб рушыць першы цягнік, з дэпо, з-за вадакачкі пачуліся дружныя стрэлы. То рабочыя абстрэльвалі немцаў, якія рыхтавалі цягнік. На станцыю падышоў моцны нямецкі атрад. Ён адцясніў крыху рабочых, паспрабаваў адправіць цягнік. Але перад самым носам паравоза ўзарваліся выхадныя стрэлкі, паравоз зарыў носам зямлю, зашыпеў, абяссілены, загарадзіў чыгуначны шлях. Пачалася моцная перастрэлка. Немцы абстрэльвалі дэпо, кулямётным агнём прайшліся па рабочым пасёлку. Не здаваліся рабочыя, хоць і падаліся назад. Адступаючы, падпалілі нямецкія вайсковыя склады ля станцыі. Гарэлі і рваліся патроны, снарады, моцныя выбухі патрасалі паветра. Нават немцы прымушаны былі крыху адступіць ад станцыі, далей ад страшэнных выбухаў, пажару.
Раніцай падаспелі да рабочых партызанскія атрады Сёмкі-матроса. З гікам, са свістам імчалі наўскач смелыя коннікі, адрэзалі на ляту нямецкую батарэю і ўраз павярнулі гарматы на немцаў, на штаб. Немцы спешна адступалі ад станцыі, падаваліся ў горад, акопваліся на ўскраінах.
Пачаўся зацяглы бой. Ён ішоў то заціхаючы, то зноў узрастаючы, гарачымі перастукамі кулямётаў, залпамі карабінаў, гармат. Цяжка даводзілася партызанам. Прызвычаеным да боек у лясах, у засадах, ім нязручна было весці бой з пахаваўшыміся ў акопах немцамі, з буйнымі нямецкімі атрадамі, узброенымі бамбамётамі і гарматамі. Але і гэта не магло стрымаць іх, і групы коннікаў-партызан рабілі адчайныя налёты на нямецкія акопы і кулямёты. Не вытрымлівалі немцы, вельмі баяліся партызанскай шаблі, і то тут, то там рабілі яны перабежкі, адыходзячы далей ад штаба.
У смелым налёце на немцаў загінуў Сёмка-матрос. Пагарачыўся ён крыху. Захапіўшы нямецкі кулямёт, кінуўся ён за ўцякаўшым афіцэрам, высока ўзнёсшы вострае джала шаблі. І вось-вось ужо апусціцца гэтае джала на бліскучы лак імператарскай каскі. Аж прыціх Міколка, назіраючы за паядынкам. Перастаў з кулямёта страляць, каб не параніць сваіх. Уздыбіўся Сёмкаў конь, вось-вось пераскочыць цераз афіцэра… І глуха войкнуў Міколка. Бачыў ён: абярнуўся на бягу афіцэр, стрэліў з упору… Скочыў конь ашалелы. Нахіліўся Сёмка, апусціў галаву на пахучую конскую грыву, рукі апалі, і ўвесь ён стаў хіліцца набок, усё ніжэй і ніжэй… Бачыў Міколка, як узнесеная Сёмкава шабля ўпала на зямлю і ціха дзвынкнула, загайдалася, устроміўшыся вастрыём у жоўты пясок. На гэты ж пясок упаў Сёмка-матрос, камандзір партызанскіх атрадаў, слаўны ваяка і бальшавік…
Прайшоўся далонню па спацеламу твару Міколка і націснуў на спуск кулямёта. Здрыганулася, загула зямля перад ім. Грымеў кулямёт. То Міколка спраўляў памінкі па старэйшаму таварышу, па любімаму партызану, прыяцелю. Не стала афіцэра. Але не ўстаць з зямлі і Сёмку-матросу, і далёка-далёка адкацілася запыленая яго бесказырка, што бачыла свету багата, бачыла сіняе мора, бачыла вольныя караблі, неразлучнай была з чалавекам, які жыццё любіў і ведаў цану чалавечай нянавісці і любві.
Так загінуў Сёмка-матрос.
Камандаваць боем стаў дзед Астап. І дрэнна б прыйшлося немцам, ужо генерал гатовы быў ісці на перамаўленні з рабочымі, як адбыліся падзеі, адразу пагоршыўшыя для рабочых і партызан вынікі бою. Дзед Астап пачуў свісткі паравозаў. І, угледзеўшыся на захад, збялеў дзед, рукой безнадзейна махнуў.
— Дрэнна, браты! — сказаў ён. — Памыліліся мы крыху… Трэба было з захаду чыгунку ўзарваць… Немцам ідуць падмацаванні, вунь іхнія эшалоны.