— Што?
— А ці не вып’ем мы з табой чаю?
Міколка думае з хвіліну. Як-ніяк чай вялікая спакуса. А дзед ізноў:
— Абаранкі ў мяне ёсць… Свежыя… А пахнуць жа, пахнуць.
— Ну! — здзіўляецца ў сваю чаргу Міколка. — Няўжо з макам?
— З макам, унучак, з макам! Ну і абаранкі! Дык вып’ем, кажаш?
— А што ты думаеш, дзеду! Давай сабе вып’ем…
І Міколка пераступае парог вагона, ужо ў думках ласуючыся абаранкамі, ды яшчэ з макам. Гэта ўжо, калі на тое пайшло, смачней за «зайцаў хлеб», смачней за ўсякія прысмакі.
І тут пачынаюцца гэтыя абаранкі, ды яшчэ з якім макам.
— Хадзі, хадзі, каток мой, паласуйся!
І дзедавы рукі нечакана спрытна ловяць Міколку за віхор. Тут толькі схамянецца Міколка, даведаецца, што папаўся. Але позна. Кастлявыя дзедавы рукі моцныя, з іх віхор не вызваліш. А дзед круціць віхор ды прыгаворвае:
— Гэта табе за лягушкі! А гэта за пушкі! А гэта з макам! А не вычварай над дзедам! А не рабі над старым надругі! А не здзекуйся над старым мікалаеўскім артылерыстам!
Ужо Міколка крычыць на ўвесь вагон, ужо заступаецца за яго маці:
— Кінь ты, чалавеча, над дзіцем здзекавацца!
Але гэта толькі падлівае масла ў агонь. Дзед наступае на абодвух:
— Я вам пакажу, як зневажаць старога героя! Я вам пакажу, як турак б’юць… Я вам пакажу, як пушкі зараджаюць… Распатрашу пад карцеч!
Так асвойваў Міколка артылерыйскую справу. І бачачы, што не паласа, пачынаў ісці на міравую:
— Даруй, дзеду, здаюся!
— А, здаешся, даўней бы так! Гавары, хто такі я ёсць?
— Герой турэцкай вайны…
— Ну?
— І імператарскіх ордэнаў…
— Ну?
— Смешна, дзеду!
— Што ты смешнага тут знайшоў, супастат?
— Ну, кавалер… ордэнаў кавалер. Вунь у стрэлачнікавай Зоські ёсць кавалер, дык той малады. А тут дзед — ды кавалер. Смешна!
— Усё табе смешна… — ужо мякка крыўдуе дзед і кідаецца ў сумныя развагі: — Малы ты, не разумееш нічога, які кавалер і да чаго. Як бачыш, з’яўляюся я ўласнікам двух ордэнаў, а гэта, значыцца, і ёсць па-імператарску кавалер… А медалі гэтыя дадзены мне за праяўленую ў баях выключную храбрасць.
— А хто кажа, што не? — угаворвае і Міколка. — Вядома, за храбрасць… Храбрэй цябе, дзеду, няма, мусіць, на ўсім свеце? — падлабуньваецца Міколка да дзеда.
А гэта дзеду, што лыжка мёду. Аж сядзе на зэдлік і важна сівую бараду разгладжвае. Трохі яна няроўная ў яго — адна палавіна густая, другая — рэдкая. І медалі выне са скрынкі, унуку пакажа:
— Бачыш, гэта цар Мікалай… А тут вось і напісана: «За храбрасць!»
— А чаму ў цара барада смешная, на шчацэ канчаецца?
— Гэта не барада, дурань, а бакі.
— А чаму бакі?
— «Чаму, чаму»… Таму… У мужыка барада, а ў пана бакі. Усе генералы і афіцэры такія бакі насілі. Некаторыя і салдаты, каторыя спрытнейшыя, таксама бакі насілі. Ну, а каторы не спрытны, таму з такімі бакамі нязручна: самае выгоднае месца, каб за яго афіцэру ўчапіцца, да апошняга валаска выскубалі… Вось і мая барада калісь пацярпела, аж напалавіну выскублі.
— За храбрасць хіба? — пытаў не да ладу Міколка.
— Ат, гавары з табой…
І дзед кідаўся ў доўгую гутарку аб тым, што такое ёсць храбрасць. І не звычайная, а храбрасць мікалаеўскага артылерыста, які войны прайшоў і турэцкія крэпасці браў. Міколка ўважліва слухаў, каб займець з гэтай храбрасці сякія-такія здабыткі і для сябе. Дзед любіць, калі яго хто доўга слухае. І за гэта заўсёды пачастуе чым-небудзь. Вось і цяпер, калі дзед скончыў свае расказы аб турэцкіх крэпасцях, ён зрабіўся зусім лагодным і запрапанаваў Міколку:
— Хадзем хаця на станцыю, абаранак куплю!
На гэта Міколка згодны. Яны ідуць на станцыю. Дзед доўга таргуецца з буфетчыцай, усё выбірае, каб абаранак быў большым і мякчэйшым, ды паболей маку на ім. Так мірыліся дзед з унукам, і Міколка не пярэчыў тады дзеду і прызнаваў яго храбрым, хоць сам употайкі крыху сумняваўся ў гэтым. А тут яшчэ здарыўся выпадак адзін, праз які страцілася ў Міколкі ўсякая вера ў дзедаву храбрасць. Аднае ночы ўсе прахапіліся са сну ад вялікага крыку.
Крычаў дзед:
— Ратуйце хутчэй!
Маці кінулася да лямпы, усё не магла ніяк патрапіць на яе, каб запаліць хутчэй. А дзед усё крычаў:
— Хутчэй, хутчэй! Ой, дапамажыце!
— Што з табой, дзеду? — кінуўся да яго Міколка.
— Ой, гіну! Звяруга нейкая ў бараду ўбілася, стрыжэ яе, як нажніцамі…
Міколка сцяміў тут, у чым справа, ды хуценька да дзеда, цап яго за бараду. Дзед яшчэ большы крык узняў:
— Уцякай, уцякай, звер і табе пальцы адгрызе!
Але Міколка ўжо трымаў звера ў руках, толькі ніяк не мог вызваліць яго з барады. Тут маці лямпу паднесла, і ўсе ўбачылі ў дзедавай барадзе звычайнага рака, які запоўз туды і заблытаўся ў валасах. Ледзь-ледзь супакоіўся дзед, пакуль Міколка выблытаў рака.