— Гэта ж трэба! Сплю я і чую: нешта ў барадзе шамаціць. Я цап рукой, а ён, гэты звер, як шчыкане за палец, а потым за горла, думаў — галаву адгрызе.
Тут маці ўжо на Міколку ўскінулася:
— Вечна ты з бацькам з гэтымі ракамі носішся. А каб прыбраць іх як след, дык гэтага нямашака… Вось мог праз гэтага рака дзеда ў магілу загнаць.
І смех тут быў, як кажуць, і грэх.
А дзед з таго часу не мог спакойна глядзець на ракаў, і калі толькі даведваўся, што днём лавілі ракаў, дык перад ноччу абвяшчаў забастоўку, не хацеў класціся спаць на падлозе. І мусіў тады Міколка мяняцца з дзедам месцамі, даваў яму прытулак на сваім тапчане, а сам ішоў на дзедава месца. Ішоў і папракаў дзеда:
— А яшчэ стары ваяка! Яшчэ з гармат страляў!
— Гарматы і ракі — розныя, браце, штукі… — уздыхаў, апраўдваючыся, дзед.
— А яшчэ храбры! Вось я і то за цябе храбрэй, не баюся ракаў!
— Ну што ж, на ракаў ты храбрэц… — згаджаўся дзед з Міколкам і доўга крактаў, прыладжваючыся на тапчане.
Выйшла з дзедам і другая штука, калі аднаго разу рыбу лавілі. Праўда, і Міколка з бацькам набраліся тады здаровага перапуду, але больш за ўсё дасталося дзеду. Неяк у вольны дзень пайшлі рыбу лавіць на раку. Хоць дзед і не меў асаблівай прыхільнасці да гэтага занятку, але паколькі ён быў вольны і хацелася яму крыху прайсціся, дык і далучыўся да рыбаловаў. Тыя ў вадзе плёскаюцца, а дзед на беразе сядзіць ды парады дае.
— Адтуль, адтуль заходзь — там самая рыба ходзіць! — радзіць дзед ды піпку смыголіць.
Спачатку Міколка з бацькам з таптухай цялёпкаліся, а потым узяліся рукамі плотак лавіць паміж карчоў. І намацаў тут бацька няйначай як ментуза. Вядома, мянтуз слізкі, цяжка яго рукамі ўзяць. Бацька Міколку на дапамогу клікнуў. Ловяць рукамі, між карчоў шаруюць.
— Ну і вялікі ж, няйначай хунтаў на шэсць! — кажа Міколка, стараючыся спрытней падчапіць неўваротную рыбіну.
Але як ты яе ні бяры, выслізгваецца, ды годзе. Выслізгваецца ад Міколкі, падаецца пад карчом да бацькі. Ад таго зноў назад.
— За зябры яго, за зябры, гада! — падае дзед параду.
— Ну, вядома, не за хвост… — адказвае бацька і яшчэ спрытней бярэцца за ментуза. Але нічога не выходзіць. А дзеда тут ужо і нясцерп бярэ, дужа ж тым ментузом зацікавіўся. Трэба-такі сказаць, што дзед падабаў рыбу, ды яшчэ такую, як смажаны мянтуз.
— Рыба, яна, браце, заўсёды рыбіна! Гэта табе не ракі, з якіх ні смаку, ні наедку, а адна толькі прыкрасць ды барадзе маёй непакой…
І вось аж усхадзіўся на беразе дзед, забегаў. І піпка ў яго даўно патухла, знае толькі — рукамі махае ды нашых рыбаловаў ушчувае:
— Яшчэ рыбаловы! Ім рыбу! Вам толькі прусоў ганяць!
— Сам злаві, — усердаваў тут не на жарты бацька.
— І злаўлю!
— А паспрабуй жа.
— І што ты думаеш? І паспрабую. Ён у мяне не выслізнецца, як у вас, у няўмекаў…
І дзед самым рашучым чынам скінуў адзежу і, павесіўшы яе на плечы — баяўся пакідаць на беразе, каб не скралі пастушкі, — смела рушыў у ваду.
— Дзе ён тут? Падавайце яго мне, я з ім разам распраўлюся, з супастатам!
Аж Міколка падзівіўся з дзеда, з яго незвычайнай спрытнасці — дзед так захадзіўся каля карча, аж вада кіпела наўкола. І вось урэшце дзед урачыста крыкнуў:
— Ага! Папаўся-такі, не мінуў маіх рук! А вы — няўмекі!
Міколку з бацькам засталося толькі пераглянуцца між сабой. Ну і дзед, не чакалі такога спрыту! Магчыма, што дзеду з яго кастлявымі пальцамі было зручней упраўляцца з ментузом, таму хутчэй і падчапіў яго. Дзед цягнуў ментуза надзвычай марудна. Мо проста з-за асцярожнасці, каб не ўпусціць часам рыбіну, а мо знарок хацеў надалей расцягнуць такую ўрачыстую хвіліну.
Вось пад вадой паказалася ўжо нешта жывое. Міколка хацеў ужо крыкнуць, што няйначай гэты мянтуз будзе фунтаў з пятнаццаць, бо такі ж вялікі. Але тут падзеі прынялі зусім нечаканы зварот. Толькі гэта дзед, урачыста гледзячы на Міколку, вывалак свайго ментуза з вады, як глянулі на яго Міколкаў бацька ды і сам Міколка і, як бачыш, сіганулі на бераг. Толькі пырскі паляцелі па вадзе. Аж збялеў Міколка, засопся. Выскачыў на бераг, азірнуўся. Стаіць дзед і на іх глядзіць, дзівуецца, не разумеючы, чаго яны драпака далі. Тут як закрычыць Міколка не сваім голасам:
— Ратуйцеся, дзеду, пакуль не позна!
Зірнуў тады дзед на свайго ментуза — і ледзь не самлеў. Аж прысеў у вадзе, умачыўшы сарочку. А тады як кіне ментуза падалей у рэчку ды як дасць драпака на бераг, аж адзенне згубіў, спатыкнуўшыся аб корч. Паплыло яно ўрачыста па рацэ. Ледзь злавіў яго потым Міколка, ад’ехаўшы на чаўне ад берага.