Але нядоўга цягнулася такое шчаслівае паляванне. І тут пасцігнула нашых паляўнічых чарговая няўдача. І, сказаць бы, праз каго? Праз матчыных курэй і пеўня. Задумала маці летам курыную гаспадарку развесці і купіла недзе тры курыцы і пеўня. Быў гэты певень крыху недалужны, кульгаў на адну нагу, але гэта не перашкаджала яму быць здольным певуном і кожнае начы гучна выводзіць сваё непераможнае «кука-рэ-эку!».
Уся курыная гаспадарка змяшчалася ў фанернай скрынцы пад вагонам, і маці дужа клапацілася аб тым, каб хто не спакусіўся на яе птушынае багацце. І вось аднаго разу, праз няшчасных гэтых паляўнічых, як казала маці, птушыная гаспадарка ўраз загінула. Неяк надумалася маці ў сонечны дзень выпусціць курэй са скрынкі, каб яны крыху пабегалі па пяску, паглядзелі белага свету. Выпусціла, пільнавала іх сярод пуцей, але потым на хвіліну адлучылася ў вагон. Як на бяду, тут трапіўся Жэўжык. Набраўшыся вялікага паляўнічага спрыту і, відаць, прыняўшы курэй за нейкіх балотных птушак, ён умомант задушыў трох курэй і, паклаўшы іх на парог вагона, кінуўся як дуж за пеўнем. Той даў лататы. Жэўжык — за ім.
Певень і скокам, а часамі і падскокам імчаў, як віхор, аж пад самае дэпо. Магчыма, і не давялося б Жэўжыку дагнаць курынага ўладыку, мо і ўцёк бы ён ад нашага паляўнічага, але тут, як на бяду, імчаў насустрач пасажырскі цягнік. Толькі пер’е ўзляцела ў паветра — усё, што засталося ад кульгавага певуна, трапіўшага пад паравоз. Убачыла маці такое няшчасце і за галаву схапілася. Ды, узяўшы ў рукі лапку пеўня — неяк засталася цэлая пад вагонамі, — прыйшла з гэтай лапкай у вагон ды тыц ёю дзеду ў самую бараду, а потым, доўга не думаючы, ды гэтай самай лапкай Міколку па патыліцы.
— Праз вас певень загінуў!
Міколка з дзедам, не кідаючыся дужа ў спрэчкі, адразу ж падаліся вон з вагона, далей ад разгневанай маці.
— Уцякайма, пакуль не позна. А то можа быць горай!
Але больш за ўсіх дасталося лепшаму памочніку нашых паляўнічых, заядламу «ганчаку» Жэўжыку. Злавіла яго маці і адразу панесла да таварнага цягніка, што стаяў на станцыі. Там адчыніла дзверы ў адным з пустых вагонаў і, загнаўшы туды Жэўжыка, зачыніла дзверы. А праз якую хвіліну цягнік пайшоў. Так і паехаў без білета Жэўжык, найлепшы дружака нашых паляўнічых, да суседняй станцыі з таварным цягніком. А мо і не да суседняй, мо куды і далей. Хіба прасочыш за таварным вагонам, куды ён ідзе, дзе ён спыніцца пад пагрузку.
З ад’ездам Жэўжыка спыніліся паляўнічыя справы Міколкі з дзедам, бо не з голымі ж рукамі на качку ісці. І доўга яшчэ памінала маці іх паляўнічыя ўдачы і сваю трагічна загінуўшую курыную гаспадарку. І толькі бацька пасмейваўся:
— А ўсё ж трапна выйшла. Каб не займаўся дзед з Міколкам паляваннем, то не давялося б нам курацінкі паспытаць!
Дзед і Міколка лічылі пры гэтым за лепшае памаўчаць, каб не вярэдзіць матчыны раны і залішне не выклікаць яе гневу.
Міколкавы непаразуменні з Богам
Дужа багата было непрыемнасцей у Міколкі з-за Бога. Ніяк не мог зразумець ён, што гэта за такая таемная асоба, якой баяцца людзі, якой баіцца маці. Нават дзед — на што ўжо храбры чалавек — і той, калі прыставаў да яго Міколка з роспытамі пра Бога, адмахваўся рукой і шэптам казаў:
— Адчапіся, унуча, з гэтым сваім Богам. Ці я вучоны чалавек, каб ведаць, што гэта такое за стварэнне… А калі маці цябе маліцца прымушае, дык ты і памаліся, язык жа ў цябе не адваліцца… А не захочаш маліцца, то, вядома, маці дасць табе пытлю.
А пытлю маці давала часта. Як толькі падымаўся Міколка з ложка, то маці тут як тут:
— Ану, станавіся «Ойча наш» чытаць! Кажы ўслед за мной: «Ойча наш, іжа ясі на небясах…»
Стаіць Міколка, на абраз глядзіць, у маці пытаецца:
— А што такое «ясі на небясах»?
Маці ад нечаканасці не ведае, што рабіць. Дужа яна ведае, што такое «ясі». Нерашуча адказвае:
— То ясі… Бачыш, мы ямо, скажам, хлеб, і Ойча наш — Бог таксама, мусіць, есць, бо далей і гаворыцца пра хлеб насушны…
А дзед моўчкі збоку слухае матчыны тлумачэнні, ды не сцерпіць і ў бараду сваю: хе-хе-хе.
Зірне на яго грозна маці, дзед адразу як шоўкавы, сядзіць, не варухнецца.
А маці далей дыктуе:
— Хлеб наш насушны даждзь нам днесь…
А Міколка зноў пытае:
— А чаму толькі насушны, а калі я, скажам, пірага хачу ці абаранка?
Не сцерпіць тут дзед, падказвае: «З макам», а сам хуценька падаецца за дзверы, убачыўшы, што маці грозна пазірае на качарэжку каля печы.