На дварэ ўжо быў малы цень ад хаты, не падаў аж у невялікі сад, а трымаўся толькі ля самага дома; плот ужо быў асветлены сонцам, якое, відаць, вось-вось павінна было падняцца вышэй хаты. На даволі блакітным небе пачалі збірацца і бялець воблакі, ледзь-ледзь падсіньвацца ад неба, сплываць за небакрай, зноў наплываць — значыць, дзень абяцаў быць пагодлівы, сухі і сонечны, хоць ужо і вельмі хацелася, каб папырскаў дождж, асадзіў пыл. Пылу тут, у Міланьках, было многа, бо мясціны ўдаліся пясчаныя, летам пыліліся, а вясной і позняй восенню намакалі ад морасі, станавіліся хлёпаністымі.
Снедаць не хацелася. Але крыху перакусіў, каб пазней, у полудзень, быў добры апетыт, і выйшаў на двор пасядзець на лаўцы.
Пасядзеў, пагрэўся пры ранішнім, але даволі ўжо гарачым сонцы і падумаў, што кепска быць вось так без пэўнай працы. У школе яшчэ няма да чаго прыкласці рук, ды і дырэктар, які спачатку сустрэў надта строга, здаецца, без вялікай радасці, што крыху і пакрыўдзіла, пасля дазволіў, каб адпачываў. Але ляжаць, сядзець ці хадзіць па душным, яшчэ бязрыбным лесе — гэта не адпачынак. Ад гэтага бывае яшчэ большая стома. Хоць і ў школе не раз бывае вялікая стома, бывае ад таго, што працуеш не рукамі, а галавой — надумаешся, нагаворышся, наслухаешся дзяцей — так стомішся, што ідзеш тады дахаты, як п'яны...
Зірнуў уверх: нізка, над самым плотам, амаль датыкаючыся крыламі частаколін і шкляных слоікаў на іх, праляцеў малады шараваты шпак, апусціўся паблізу на зямлю. Не бачачы Паўла, ён падышоў да глінянага грудка, на якім густа расла трава — гусіная лапка. але шпак яе не шчыпаў, няўклюдна на тоненькіх ножках з жоўтымі лапкамі і чорнымі пазногцямі пакуляўся да высокага шэра-блакітнага палынніку. Учапіўся дзюбкай за ніжнюю тонкую галінку, распраміў крылле, упёрся нагамі і, цягнучы ды адступаючы, пачаў адрываць, адлупіў, ледзь не кульнуўся на спіну, але ўстояў, утрымаў у дзюбе галіначку, матлянуўся ўверх, праляцеў крыху і схаваўся ў шпакоўні; праз хвіліну зноў вылецеў, апусціўся на вялікі зялёна-жоўты ліст лопуху, пагойдаўся, саскочыў да палынніку, упёрся і адарваў яшчэ адну галінку.
Васілец спачатку здзівіўся: хутка пара адлятаць, пакідаць гэтае гняздо, а шпак усё яшчэ ладзіць яго. Пасля аж схамянуўся: які мудры гэты маладзенькі шпачок! І ўспомніў, як некалі ў дзяцінстве яго, малога, маці пасылала ў гарод наламаць палыну на венік, якім вымятала под печы перад тым, як садзіць хлеб, палыновым венікам падмятала хату, клала яго, палын, у пасцель — ратавалася ад блох.
Вось табе і шпачок! Хто ж яго навучыў так берагчыся, думаць пра сваё лепшае жыццё?
Шпачок спусціўся долу яшчэ раз, але нечакана крутнуў уверх, кінуўся да шпакоўні, і Павел, зірнуўшы ўвысь управа, убачыў, як наперарэз яму з-за высокай ліпы стралою мігнуўся вялікі шэры ястраб. Шпачок разгубіўся, шныраў то ўверх, то ўніз, мітусіўся, а ястраб, склаўшы крылле і каменем падаючы долу, усё болей яго абманваў, прыціскаў да хаты, адразаў дарогу да шпакоўні. Калі Павел сабраўся падняцца і паказацца, крыкнуць і неяк адагнаць ястраба, шпачок, шукаючы ратунку, ледзь не з-пад самай разяўленай дзюбы ворага праляцеў ля страхі і нечакана юркнуў у люфцік акна.
Ястраб, убачыўшы гэта і пачуўшы Паўлаў крык, пакружыў хвіліну над домам і адляцеўся. Павел адсюль, знадворку, зачыніў люфцік, падаўся ў хату.
Шпачок трымаўся лапкамі за раму і біўся аб шыбіну, відаць, не разумеючы, чаму так выходзіць: бачыць знаёмы двор, дрэвы, а ляцець не можа. Павел спрабаваў узяць яго ў руку, але той лапануў убок, лётаў па хаце, імкнуўся да акна і біўся ў шкло; праз колькі хвілін ён, малады, сёлетні, таму зусім яшчэ не хітры, выбіўся з сіл, з гарачкі ўдарыўся моцна галоўкаю аб шкло і зваліўся на ложак, то тут ён і трапіў у рукі.
Васілец трымаў шэрае птушаня з маленькаю галоўкаю і з зусім малюсенечкімі бегатлівымі вочкамі, чуў, як дробна і часта стукае яго маленькае сэрца: відаць шпачок спалохаўся ўдвайне — і ястраба, і таго, да каго цяпер трапіў у рукі. Хацеў жыць, усяк карміўся, ратаваўся і вось трапіў у небяспеку, якая і дагэтуль пагражала на кожным кроку...
Нечакана Васільцу прыйшло ў галаву пазначыць шпачка, каб паглядзець некалі вясною, ці выжыве ён у нялёгкім жыцці, ці вернецца сюды, да роднага кута, як пачне пасля жыць, бо ён тады ўжо будзе не птушанём, а сталым шпаком...
Павел, трымаючы ў руцэ птушаня, знайшоў па цёплай ляжанцы чырвоную анучку, адарваў ад яе вузкі матузок і абвязаў ім шпаку вышэй каленца ножку, завузліў. Адчыніў люфцік і выпусціў — шпачок паляцеў да шпакоўні, радасна зашчабятаў са сваімі роднымі, якія сядзелі на галінцы і, відаць, не толькі чакалі, а ўжо і напужаліся за яго, — і яны, зляцеўшыся, былі рады, што ён жывы, весела засвісталі...