Васілец дапісаў, паставіў кропку, з хвіліну паглядзеў на густа счарніленую старонку — па-ранейшаму, як і ў студэнцкія гады, пазалетась тут, у Міланьках, як і ў арміі, вёў дзённік.
«Годзе на сёння! — пацёр рукі і загарнуў сшытак,— Новая старонка будзе запоўнена заўтра... Педагагічны часопіс дачытаў, тое-сёе ўзяў сабе на заметку, дык цяпер можна і адпачыць, пагуляць. Схаджу да Алеся Трахімавіча, зірну, як жыў-здароў стары, наш мілы Лабановіч... Добра, што ён тут ёсць: і пазалетась памог мне стаць на ногі, і сёлета, канечне, яшчэ паможа — ведаў, вопыту ў яго шмат. Не на аднога мяне такога хопіць... І таму смеласць ёсць далей працаваць: ведаеш — заўсёды табе будзе помач, калі нешта будзе ісці цяжка... Бо ёсць у школе Алесь Трахімавіч!..»
Павел замкнуў гаспадарскую хату, схаваў у дамоўленым месцы — у адбітым вугле — ключ. Выйшаў з двара і падаўся сцежачкаю ля вуліцы да школы, за якою (за некалькі дамоў пасля Рагаткі) і жыў Алесь Трахімавіч у невялікай, настаўленай на хуткую руку адразу пасля вайны хатцы. Ішоў па даўно ўжо знаёмай сцежцы, якую гэтаксама многа патаптаў, ходзячы пазалетась амаль кожнага дня ў школу, са школы, да і ад Ларысы вечарам, і сёння ўжо не саромеўся сустракацца з людзьмі, можа, нават і таму, што не адчуваў, што ён госць, толькі што прыехаў сюды і будзе першай парой ва ўсіх на воку, пакуль не паявіцца нехта новы, а зноў і яшчэ мацней адчуў: ён ужо тутэйшы жыхар, такі ж працаўнік тут, як і ўсе міланьцы.
Як падышоў да невялікай, з вузкім, парассыпаным шчытом і з адным акном на вуліцу Сямёнішынай хаты, захваляваўся: пазалетась у гэтай хаце кватаравала Ларыса, і ён прападаў тут вечарамі, надта зімовымі, меў шчаслівыя, радасныя хвіліны, не мог, каб штовечара не прыходзіць сюды...
«Хутчэй бы прыехала ўжо яна...— падумаў цяпер.— Здаецца, век не бачыліся...»
Гэты год, як пісала, Ларыса жыла на новай кватэры, у старой Логвініхі; ён якраз цяпер надыходзіў да гэтага доўгага, з трыма вокнамі на вуліцу, з вялікаю зашклёнаю верандаю дома. Але гэта хата не захвалявала: ён тут ні разу не быў. Трывожыла, абуджала розныя добрыя ўспаміны Сямёнішына хата, помніліся нават яе стараватая, рассохлая падлога, пабеленая мелам столь, хатнія рэчы, сенцы, чулася, здаецца, як рыпяць дзверы. Здавалася, вось зараз з гэтай хаты выйдзе высакаватая, танклявая Ларыса ў знаёмым зялёным караткаватым плашчы і ў зялёнай тоненькай хусцінцы на шыі і махне рукою, каб пачакаў...
Павел аж прыпыніўся, азірнуўся, але брамка Сямёнішынага двара знаёма не рыпнула, не адчынілася, і Павел, крышку тужліва ўсхваляваны, падаўся далей, жмурачыся ад яркага сонца. Мінуў масток, справа — хату, у якой кватаравалі Лілія Іосіфаўна і Мая Сцяпанаўна, яшчэ крышку раней прайшоў ля дома, у якім жылі Таццяна Сяргееўна і Ірына Васільеўна. Непадалёку за мастком, на высокім грудзе,— ужо і школа.
На школьным гародзе ён убачыў знаёмых, сярэдніх гадоў, жанчын-тэхнічак, настаўніц Таццяну Сяргееўну і Ірыну Васільеўну. Яны, надвязаўшы фартухі, збіралі гуркі ды памідоры. Ён кіўнуў ім галавой і памахаў рукою — у адказ усе гэтаксама кіўнулі галовамі, а Таццяна Сяргееўна замахала рукамі, каб ішоў да іх, паказвала некалькі чырвоных памідораў. Ён хітнуў, што зойдзе пазней, калі вось толькі сходзіць туды, куды яму трэба.
Павел не саромеўся жанчын-тэхнічак, іхняй працы, ён проста не вельмі хацеў сустракацца з гэтай Таццянай Сяргееўнай, бо ўчора ўвечары яго чамусьці пацягнула на некалькі хвілін зайсці да іх — крыху пасядзеў, хацеў пагаварыць пра школу, але яна, Таццяна Сяргееўна, хутка перавяла гутарку, пасміхалася, какетнічала, амаль прымушала, хітра ды абдумана, каб і ён гаварыў ёй кампліменты, старалася паказаць усё, што мае харошага.
«Ну і хітрая! — здзіўляўся ён, слухаючы яе спеставаныя размовы ды бачачы, як яна заляцаецца.— Хочаш не хочаш, а проста на вачах бярэ ў рукі...»
Павел, усміхнуўшыся і вінавата перасмыкнуўшы вуснамі, прайшоў ля школы, пасля — ля ўсё яшчэ зачыненага магазіна і новай, жоўтасмалістай дырэктаравай хаты, палюбаваўся, які вялікі ў яго сад, колькі многа ў ім усякага дабра, ад якога паабвісалі да зямлі галіны. Каб былі не падпёрты каламі, то маглі б і абламацца.
Зірнуў далей і здзівіўся: невялікі домік Алеся Трахімавіча памаладзеў, яшчэ здалёк жаўцеў сценамі — быў ашаляваны. На вузенькіх дошчачках, да паловы сцен (знізу) прыбітых упоперак, а вышэй — уздоўж, маленькімі кропелькамі чарнелі галоўкі ад цвікоў. Страха хаткі была старая, пачарнелая і пазелянелая, парослая мохам; вышчарбіўся, паабвальваўся і ўчарнелы комін. Дажджы даўно ўжо змылі з яго гліну, і яна, расцякаючыся, плыла ўніз, вырудзіла вялікі кавалак даху.