На невялікім акне ад вуліцы віселі фіранкі; занавескі — толькі крыху таннейшыя — былі і на другім акенцы, што пазірала на двор, загарадзь і хлеў. Пад стрэшкаю велікаватых сянец-прыбудовы ляжала акуратна складзеная цэгла, воддаль — жоўтая дранка, і ўсё гэта было накрыта доўгім толевым лістом, прыціснутым дзвюма дошкамі. Відаць, Алесь Трахімавіч наспеў сёлета толькі ашаляваць хату, а на другое лета сабраўся паставіць новую печ, перакрыць страху.
Павел зайшоў у знаёмыя сенцы, убачыў, што нічога тут лішняга няма. Усё самае патрэбнае, чысценькае.
Соладка і густа пахла яблыкамі. Яны, відаць, былі ў кладоўцы, дзверы ў якую былі зачынены. Сад у Алеся Трахімавіча быў невялікі, але разнасортны. Трымаў ён яшчэ і некалькі калодак пчол, меў невялічкі, для сваёй патрэбы, просценькі, але ўдалы парнічок.
Васілец пастукаўся, але яму ніхто не адказаў. Тады ён зайшоў сам.
У гэтай хатцы не было перагародак, меўся адзін суцэльны пакой. Толькі печ, стол для снедання, невялічкая шафка на пасуду былі завешаны гардзінаю, шырмаю — ад нечы да шафы з адзеннем — была завешана і спальня. А астатняе ўсё злева называлася «лепшаю палавінаю». Цяпер тут, пасярод пакоя, на скручаных ходніках сядзеў Алесь Трахімавіч, а ля яго два малыя хлопчыкі, сынавы дзеці. Усе разам яны нешта ладзілі з маленькіх драўляных кубікаў.
Вось цяпер, як рыпнулі дзверы, яго пачуў і ўбачыў крышку глухаваты Алесь Трахімавіч, добра ўсміхнуўся, абапёрся аб вялікую кніжную шафу і цяжка, чырванеючы ў поўным твары, падняўся. За гэты год ён, як відаць было, невысокі, плячысты, яшчэ больш папаўнеў, стаў зусім тоўсты і, мусіць, цяжкі на хаду. Бо ішоў Паўлу насустрач надта нязграбна, мучачыся ад сваёй лішняй паўнаты.
— Добры дзень вам! — прывітаўся Павел.
— Добры дзень, даражэнькі! — падышоў Алесь Трахімавіч, усміхаючыся, падаў цяжкую руку, а пасля прыхіліўся, прыткнуўся сваёю добра выгаленаю шчакою і няўмела, па-мужчынску стрымана пацалаваў у шчаку.— Са зваротам, дарагі!
— Дзякую,— сказаў Павел, убачыў, што хоць гаспадар і добра выгалены ды падстрыжаны, у адпрасаваных хатніх штанах, але яму нялёгка ўжо так глядзець сябе, бо пагоршылася за гэты год яго слабое здароўе: стаіць во і ледзь не хістаецца на нагах.
— Адразу хачу запытаць,— адхіліўся, зірнуў яму ў вочы Алесь Трахімавіч, як абсеў на прыгнутых нагах і яшчэ больш папаўнеў,— будзеце ў нас працаваць ці не?
— Тут...— з усмешкаю адказаў Павел, добра разумеючы гаспадарова запытанне.
Алесь Трахімавіч узрадаваўся яшчэ больш, але ўжо не прыхіліўся, а шчасліва паляпаў па плячы, добра назіраў і, здаецца, свяціўся ад радасці на старым маршчыністым твары. І цяпер ён, Алесь Трахімавіч, шырокі ў шчоках, з таўставатым носам, з невысокім ілбом, вышэй якога пасярод галавы пад рэдзенькімі сівавата-чорнымі валасамі свіцілася вялікая лысіна, дык вось цяпер Алесь Трахімавіч, надта не надзелены мужчынскаю красою, папрыгажэў. Папрыгажэў ад радасці і сваёй дабрыні.
— Ну, во і добра, што яшчэ разам панастаўнічаем...— радаваўся ён.— А то, прызнаюся, я ўжо і засумаваў без вас, без нашых гутарак. А без вас я во састарэўся...— ён жартаваў і хацеў неяк калі не схаваць сваю нездаровую паўнату, то хоць паказаць, што гэта для яго не страшна. Другія старыя, як чуў Павел, не раз толькі і вялі размовы пра свае хваробы, але Алесь Трахімавіч, які б ні быў хворы, ніколі не стараўся пра гэта гаварыць, усяк бадзёрыўся сам і падвясельваў другіх.
— Гуляеце з унукамі? — спытаў Павел.
— Пакуль не ў школу, дык пагуляю,— адказаў той, прысеў на блізкае крэсла, як рыба, хапіў паветра, прыплюшчваючы вочы, пасля з задышкаю яшчэ прамовіў: — І мне весялей з імі, і сыну з нявесткаю падмога, могуць абое на работу хадзіць... Вы, хлопцы,— загаварыў да светлавалосых, адзін над адзін, унукаў,— можаце ісці на двор і пабегаць, а я пасяджу тут з дзядзем.
Дзеці падняліся, але адразу не пабеглі з хаты: сабралі свае цацкі, знеслі іх у скрынку, што стаяла за шафаю, паправілі, выцягнулі і распрамілі ходнікі — тады падаліся ўжо на двор.
— Садзіка ні тут, ні ў іх, у Вішнёўцы, і цяпер яшчэ няма, дык сын прывозіць дзяцей на лета мне. Восенню ўжо нявестка, відаць, не пойдзе на работу, будзе з імі...— сказаў Алесь Трахімавіч.— Пісалі ў газету, дык з раёна далі адказ, што будуць ставіць сад у наступнай пяцігодцы. З імі, дзецьмі, то не малы клопат, вялікі рух трэба, а гэта цяжка мне...— І ён не дагаварыў усяго, махнуў рукою.— Але як сяджу ціха, без руху, то яшчэ горш. Таму вот і на пенсію ісці не хачу, на якую, каб захацеў надта, мог бы сёлета і пайсці. А па-другое, неяк цяжка і падумаць — як гэта буду жыць без школы... Здаецца, без мяне і вучыць будуць горш...— ён добразычліва ўсміхнуўся.— Але вы, мілы, пасядзіце ці паглядзіце кніжкі, а я патупаю крыху...