«І я не магу адштурхнуць яго...— падумала.— Ён мне вельмі падабаецца. Такая я ўжо: калі ўпадабаю, дык не магу гэтага таіць...»
— Як толькі цябе ўбачыў, дык ты і спадабалася...— шаптаў ён.— Ты тут самая прыгожая... Цяпер я часта буду сюды прыязджаць. Дзеля цябе. Чуеш?
Яна маўчала.
А ён, ужо зусім асмялеўшы, абняў яе, моцпа пацалаваў. І, здаецца, нібы высока-высока падняў яе над зямлёю, што ў яе закружылася галава.
— Пачакай, я сама...— прамовіла і аж сама здзівілася, што яна яшчэ пра нешта кеміць.
Ён прыпаў да яе. Маўчаў. Ліхаманкава цалаваў у вусны, у шыю.
Яна адказвала доўгімі пацалункамі.
— Пажэнімся, у сталіцы жыць будзем...— здаецца, чула яна. А можа, і не чула. Мо ёй усё гэта здавалася.
— Ну, будзь здарова! — зноў пацалаваўшы, сказаў ён.— Значыць, сустрэнемся заўтра тут. Я дам табе свой адрас, і ты прыедзеш у нядзелю. Добра?
Гаварыў як бы спяшаючыся, каб яна паверыла. Можа, ужо крышку і саромеўся. І ў яе спала гарачыня, вярнуўся розум ды заявіўся сорам.
— Добра,— сказала яна, падставіла яму вусны, неяк не хочучы, каб ён ужо адыходзіўся.
Ён ужо без прагі, а дзеля прыліку пацалаваў яе і пайшоў. Зрабіў адзін, другі крок ад варот і вось знік у цемнаце.
«А я і не помню, які ў яго твар...— падумала сабе, стоячы ўжо адна ля варот і зноў адчуваючы, што пры ёй і адзінота. Нікуды, выходзіць, яна не ўцякла. Абманула, што ўцякае.— Як, можа, і ён цяпер мала мяне помніць...»
Пастаяла, паслухала, як ён адыходзіць.
«Здаецца, бяжыць... Чаго? Нібы ўцякае ад усяго гэтага, ад мяне...»
Павярнулася, паціху патупала. Ужо да сянец. У хату. Да цёплай пасцелі.
«Чамусьці сорамна... Не люблю сябе... Нашто ўсё гэта было? І вось так заўсёды... Але і заўсёды забываю пра гэта, каб потым зноў, як вось цяпер, каяцца! І чаму так? Нейкая я не такая, як усе... І люблю, і ненавіджу сябе за свой характар, за сваё жыццё... Але не магу сябе перайначыць. Відаць, сапраўды мне трэба выходзіць замуж. За таго, хто трапіцца пад руку. Каб было нешта адно, каб не адчуваць вось гэтага, што адчуваю цяпер».
Пацягнула за клямку дзвярэй. Яны былі незамкнёныя. Адчыніла, пайшла ў хату. Да сваёй бяссонніцы.
Назаўтра Лёні не дачакалася.
Яшчэ праз дзень пачула, што ён паехаў з Вішнёўкі раніцай — пераначаваў і, не сеўшы ў гаспадароў за стол, паспяшаўся на аўтобус...
8...
Райана сёлета быў у новым доме райвыканкома, на першым паверсе.
Васілец зайшоў у прыёмную загадчыка райана і знерухомеў: там сядзела не толькі маладая прыгожая сакратарка, але на адным з крэслаў сядзеў яшчэ і... Вяртун.
Той — ужо без паліто, у рудым касцюме, што быў паношаны ўжо і да прыезду Васільца ў Міланькі, у белай кашулі і, бадай, упершыню за гэтыя гады пры гальштуку, у наваксаваных чаравіках — гэтаксама зірнуў на яго са здзіўленнем. Але, здаецца, гэтае здзіўленне было толькі на міг, бо тут жа твар яго спахмурнеў — абвіслі ўніз светла-рыжаватыя бровы, амаль закрыўшы невялічкія вочкі, сабралася шмат маршчынак у кутках вачэй і на пераноссі, тонкія губы моцна сціснуліся. Быццам тое, што прыйшоў сюды ён, Васілец, было для яго вельмі кепска.
— І цябе сюды выклікалі? — запытаў Вяртун.
— Ага,— адказаў Васілец, сеў ля Вертуна і паставіў ля ножак крэслаў цяжкую сумку — паспеў ужо тое-сёе купіць для дому.
— І мяне во паклікалі на дзевяць гадзін,— прамовіў Вяртун, яшчэ болей насупіў бровы, ад чаго ў яго на пераноссі з'явіліся не толькі маршчыны, але і тры глыбокія ямачкі. Выдыхнуў і зірнуў у акно: праз яго насупраць бачыўся невысокі гараж з шырокімі дзвярыма, зачыненымі на завалу; ля іх ляжала машыннае кола. Здаецца, ужо непатрэбнае, з'езджанае.
Вяртун, нібы супакойваючыся, паварочаў у роце языком, цмокнуў — і Васілец, як зірнуў на Вертуновы рукі, што далонямі ляжалі на каленях, убачыў, што на іх пабольшалі сінія жылкі і што рукі дробненька задрыжалі, гэтаксама задрыжалі і калені, захіляліся і рукавы пінжака.
«Што з ім? — здзівіўся сам сабе Васілец.— Ці яго вельмі напалохаў гэты выклік? Але чаго і яго, і мяне выклікалі? Можа, на нараду, як мы падумалі з Ларысаю?»
— Як вы сюды прыехалі, Міхась Рыгоравіч? — запытаў Васілец, наўмысна парушыў няёмкую цішыню.
— Ды на суседавай машыне,— з неахвотаю адказаў Вяртун, і гэта было ў навіну: Вяртун заўсёды быў кампанейскі чалавек. Хоць і пажартуй, пакпі з яго, старэйшага, пакрыўдзь — ён усё роўна будзе размаўляць з ласкаю, жартаваць, усміхацца. З усімі ён заўсёды добры, мілы, нікому ён не вораг.
— Распранайцеся, малады чалавек,— сказала сакратар-машыністка і, не пазіраючы на яго, пачала друкаваць.