— Якая яшчэ старасць у вашыя гады?! Самая маладосць! — усміхнуўся.— Сама дзярзаць! — гаварыў і вельмі націскаў на гукі «о»: быў, як гаварылі, з Валагодчыны, партызаніў тут, палюбіў тутэйшую дзяўчыну і застаўся ў гэтым горадзе.— Настаўніц любіце, гарэлку п'яце?
— Не,— усміхнуўся Васілец.— Хіба пазней...
— Ну-ну! — як прыстрашыў Селядцоў.— Мы вось некаторых дырэктараў ды завучаў здымаем за гэта... Я чуў, што вы якраз сціплы мужчына, бацькам сталі вось, сына маеце... Віншую, жадаю ўсякага вам дабра! — а калі Васілец падзякаваў, запытаў: — Ну, як там жыве сябрук мой, дырэктар саўгаса? Усю бульбу выбраў? Не змарозіў?
— Выбраў,— адказаў Васілец,— і мы амаль усёй школай тыдняў з два памагалі.
— Ну, а як там другі мой сябрук, Іван Сямёнавіч? Не крыўдзіць ён там вас, моладзь?
Васілец не ведаў, як сябе паводзіць: ці адказаць з жартам, гэтак, як гаварыў з ім Селядцоў, ці расказаць тое-сёе, што было і ёсць у школе.
— Не, не крыўдзіць,— прамовіў ён.
Селядцоў, здаецца, зразумеў: ён толькі што гадаў, што гаварыць, а пра што лепш змоўчаць, і, ўжо не чакаючы ад яго навін, як апраўдаўся:
— Івана Сямёнавіча я даўно ведаю, яшчэ з партызан. Вельмі разумны, начытаны, умее кіраваць, але, можа, залішне для дырэктара далёкай ад раёна школы капрызны ды самалюбівы! Не ўмеў вось раней утрымаць у школе добрых настаўнікаў, усё набіраў новых, маладых... Цяпер, пад старасць, прысмірэў крыху, ужо не баіцца за сваю пасаду, за аўтарытэт, дык пакідае і па некалькі гадоў моладзь у школе... Так?
— Я не так ужо многа працую з Іванам Сямёнавічам, каб ведаць яго палітыку...— усміхнуўся Васілец.— Але сёлета на яго напраўду няма чаго скардзіцца...
— Здаецца, дыпламат! — кіўнуў галавою Селядцоў.— Але вы, Павел Мікалаевіч, не падумайце, што я паклікаў вас толькі дзеля гэтай размовы... Не...— ён не дагаварыў, зірнуў на стол і ўзяў з яго адну паперыну.— Вось толькі што ваш завуч, Вяртун, падаў заяву, каб яго звольнілі з гэтай пасады...
Селядцоў падаў гэты ліст — і Васілец убачыў Вертуноў сёння чамусьці няроўны почырк. Ім было напісана: «Прашу зволіць па ўласнаму жаданню», а ў правым баку ліста былі Селядцовы словы: «Удовлетворить просьбу Вертуна М. Г.».
«Як так? — аж забілася сэрца. Моцна, балюча.— Што ж будзе цяпер з Вертуном? Гэта ж такі сорам для яго!..»
— Ну што вы на гэта скажаце, Павел Мікалаевіч? Чакалі ці не чакалі такога?
— Не чакаў...— прызнаўся Васілец.
— Але ж у душы адчувалі: рана ці позна, але будзе такое? Бо не мае права Вяртун быць далей завучам... І гэта вы там найлепш бачылі. Так?
Васілец прамаўчаў, пазіраў на паперыну. Не звычайная была гэта паперка, а важная, строгая: яна рашала чалавечы лёс. Вертуноў лёс.
— Гэта ўжо вырашана...— сказаў Селядцоў.— Цяпер трэба думаць пра іншае: каго паставіць завучам вашай школы?
У Васільца яшчэ мацней закалацілася сэрца, ільнула цеплыня да твару.
«Чаму іменна мяне выклікалі? Чаму не Лілію Іосіфаўну?»
— А паставіць завучам трэба некага з маладых. Самага здольнага і працавітага. Сумленнага і прынцыповага.
Васілец апусціў галаву, па-ранейшаму маўчаў.
«А хіба я такі? — думаў,— Не, я не такі. Дык як я магу быць завучам? Ды кім кіраваць? Старэйшымі і сваімі равеснікамі?»
— І яшчэ адно: мы павінны мець завуча ў Міланьскай школе з перспектывай. Праз год-другі пойдзе на пенсію Іван Сямёнавіч, дык трэба будзе і новы дырэктар... Раз вас выклікалі сюды сёння, дык, канечне, здагадваецеся: мы маем на ўвазе вас... Ну як, падраджаецеся на павышэнне?
— Я не магу апамятацца...— нібы зусім малое дзіця ўсміхнуўся, паціснуў плячыма Васілец.— Вы столькі ўсяго сказалі...
— Не гатовы былі да гэтага? — усміхнуўся і Селядцоў.— Нічога, не бяда. Але ж адчувалі: не век вам быць і настаўнікам. Трэба і расці, прыносіць больш карысці школе. Тым больш калі вы перараслі ўжо свайго завуча... Ці вы, можа, занадта ўжо мудрыя, шкадуеце свайго здароўя, баіцеся з кім паканфліктаваць? Бо калі яшчэ настаўнікам вы маглі пражыць спакойна, быць сам па сабе, дык завучам ці дырэктарам няможна працаваць спакойненька, быць усім добранькім... Словам, гаварыце ўсё, што ў вас цяпер на душы. Бачу ж: нешта мучыць вас...
— Ну, першае: ці здолею я быць завучам? Гэта трэба ж не толькі вучыць дзяцей, але і глядзець, як працуюць настаўнікі, памагаць ім. Памагаць фізікам, хімікам, матэматыкам... А я ж па прафесіі мовавед...
— Думаеце, што замалады для такой пасады? — усміхнуўся Селядцоў.— Тады дарэмна робіце сабе такую палёгку. Успомніце, што ўжо рабілі ў вашыя дваццаць шэсць гадоў Лермантаў, Энштэйн, Багдановіч ці Гайдар!.. Вялікае ўжо рабілі, важнае для ўсяго чалавецтва...